Найперш: наблізіліся да сапраўднага грамадскага абмеркавання. У параўнанні з вераснёўскай фікцыяй гэта ўражвае. Хай сабе абароны-прэзентацыі праекта, адкрытай конкурснасці, як гэта прынята “ў цывілізаваных краінах”, па праўдзе і не было, але грамадзяне хаця б маглі падаваць прапановы і выказвацца па іх.
Па-другое, у актавай зале гарвыканкама з’явілася павялічаная ў некалькі разоў карта Генплана плюс некалькі эксплікацый. Ніякага параўнання з малюсенькім стэндам насупраць міліцэйскага паста на ўваходзе ў верасні.
Прыемна, што не адбылося, па-мойму, звыклай гульні ў апору на “дзяржаўныя-недзяржаўныя” арганізацыі тыпу БРСМ і “Белай Русі”. Хаця я да канца не ўпэўнены. Не лічыць жа такім велаклуб “Кола-бок”, які фармуляваў прапановы па роварнаму руху і мае трымаць на кантролі выкананне. Пагатоў, што велапытанне “вынеслі за рамкі Генплана”. Верагодна, палічылі другасным.
А вось гэта дык, па-мойму, дарма. Сёлета паліва даражала ўжо дзесяць (!) разоў, і стала зразумела, што кошт будзе імкнуцца да планкі ў адзін долар хай сабе і “маленькімі крокамі” (методыка з самага верху). Значыць, у каго на веліках шыпованыя шыны – выязджаем ужо з Новага года! А з вясны сапраўды масава. Пытанне: куды? Яшчэ нядаўна гарадскія ўлады “абрадавалі”: веладарожак у цэнтры будавацца не будзе. Цяпер усцешныя, напалову, змены. Нешта будзе. Але “за рамкамі Генплана”. Думаю, само жыццё ўнясе карэктывы.
Добра, што ў былым Казённым садзе (гэта зарослы дрэвамі масіў, які прымыкае да ЦЭЦ злева пасля скрыжавання праспекта Машэрава з вуліцай Леніна) хочуць, з некалькімі агаворкамі, захаваць старажытнаславянскае капішча багіні Мажаны, меркавана з VIII стагоддзя. Праўда, побач з канцэртнай залай. Сумніўна, панове. Якія там ужо малітвы! На яго турысты, папіўшы піва, хутчэй за ўсё не маліцца пойдуць. А быў бы найцікавы турыстычны аб’ект. І заўважу: абаранілі даволі выпадкова. Устаў архітэктар Міхаіл Гайдуковіч і, назваўшы некалькі першакрыніц, сярод іх “Генплан Брестъ-Литовска”, 1824 год, сказаў ключавую фразу: “Рускія, калі будавалі крэпасць, не схацелі капішча чапаць. Няўжо мы горш за іх, няўжо ў нас рука падымецца спляжыць?”
Па мне, дык нават калі ўжо спляжылі (з маёй інфармацыі, там капалі траншэі, а яшчэ раней там нібыта былі расстрэлы, і расстраляных закопвалі на месцы) — аднавіць паводле апісанняў Шпілеўскага і першакрыніцаў, на якія спасылаўся архітэктар Гайдуковіч.
І яшчэ дзве рэмаркі, са згоды іх аўтара, доктара архітэктуры Ірыны Лаўроўскай.
- Добра, што ад формулы “захаваць, на ўмовах фінансавання з боку яўрэйскай грамады, адзін дом калоніі Варбурга” пры абмеркаванні вярнуліся да “захаваць ансамбль”. (Нагадаю, дамы на 1-м Мінскім завулку стаяць пакуль. Жыльцы выселеныя. Гэта васьмікватэрныя драўляныя двухпавярховікі, пабудаваныя перад вайной для бедных яўрэйскіх сямей на грошы дабрачыннай арганізацыі “Джойнт”. – Я.Б.). Бо дамы гэтыя каштоўныя менавіта разам. Такога ансамбля не захавалася болей нідзе ў Беларусі. Добра, што надзея застаецца.
- Дрэнна, што аднапавярховая забудова прыватнага раёна Кіеўка мае быць знесенай, і ўзвядуць шматпавярховікі. Па-першае, архітэктура “высотак” зусім зменіць аблічча горада тут. Па-другое, людзі ўклаліся ў свае дамы і наўрад ці палепшаць умовы пражывання пасля зносу.
Дарэчы, з заўвагамі доктара Лаўроўскай была характэрная прыгода. Яны былі па-беларуску. Член камісіі па грамадскім абмеркаванні чытаў іх так, што заслужыў заўвагу ад вядучага, старшыні гарвыканкама Аляксандра Палышанкова, маўляў, чытае горш за школьніка.
Гэта таксама рэмарка. Так нашыя чыноўнікі разумеюць двухмоўе, на якім у свой час так настойвалі. Дарма іншы скажа: рэмарка не па тэме. Кажуць жа: калі нехта таленавіты ў адным, дык і ва ўсім гэта праявіцца. А хіба нельга трактаваць гэтае выслоўе наадварот?
Фота: Абмеркаванне Генплана
0 комментариев
Anonymous User
17.11.2011 в 11:47Алесь
17.11.2011 в 11:47Аб якім двухмоўе можа ісці гаворка, паважаны карэспандэнт, калі нават у вашай газеце на беларускай мове толькі адзін артыкул у нумары? І калі так званая \»апазіцыя\» у жыццi гавoрыць па-руску? Смешна.