Насельнік кожнай з 4-х кватэр гатовы паказваць наступствы доўгай адсутнасці капітальнага рамонту. На першым паверсе, у кватэрах №1 і №2, галоўнай праблемай з’яўляецца вільгаць, якая добра адчуваецца нават здаровымі лёгкімі. Ды і вока фіксуе адпаведныя яе прыкметы – у кватэрах пакрыты цвіллю сцены, мэбля і нават адзенне ды абутак у шафе. У кватэры №1, экскурсію па якой праводзіць яе жыхарка Таццяна Антоненка, і зусім у адным з пакояў правалілася падлога. Скразныя дзіры часова закрываюць лістамі фанеры.
Дэманструе Таццяна Віталеўна і няправільную асадку дома: “Калі клеім шпалеры, дык у адным кутку сцяны ідзе на 20 см менш паперы, чым у другім. Паглядзіце, няўзброенным вокам жа відаць, што сцяна няроўная. Каб у 2000-м годзе не зрабілі сцяжку дома, то ён даўно б разваліўся. І можа, так і лепей было б. А то мучымся дагэтуль”.
На другім паверсе свае праблемы. “Вільгаці ў нас асаблівай няма, але нас моцна залівае, — распавядае Вольга Тарасюк з кватэры №3. – Як толькі снег, дык ідзем на дах яго змятаць, бо ўсё да нас пацячэ. Увогуле мы баімся быць зажыва пахаванымі ў гэтым доме. Днём яшчэ не так страшна, а ноччу чуваць, як тут усё трашчыць. Ледзь ацяпляльны сезон заканчваецца, мы на дачу збягаем”.
У заяве на імя старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара жыхары пішуць: “У час рамонту ні бэлькі, ні лагі, ні перакрыцці, ні драўляная лесвіца ў пад’ездзе не былі замененыя. Усё гэта згніло, засталася адна труха. Пасля нашых заяў адну бэльку прыбралі – не замянілі, проста падклалі кускі дошак, каб трымаліся страпілы. Цяпер увесь цяжар лёг на столь. На столь і так насыпаныя тоны шлаку. Што робіцца пад ім – невядома”.
Насельнікі не вераць, што дом можна парамантаваць, таму актыўна просяць у гарадскіх улад, каб яго прызналі непрыгодным для пражывання, а іх саміх адсялілі. За адсяленне выступае нават маладая сям’я Паўленкаў з кватэры №1, якая пасялілася тут 4 гады таму і зрабіла добры рамонт. Выкліканыя пастаяннай вільгаццю плесень і грыбок наўрад ці ідуць на карысць здароўю іх маленькага сына.
Паходы па інстанцыях пакуль не закончыліся нейкім канкрэтным вынікам. Людзі дамагліся ацэнкі дома міжведамаснай камісіяй, але па яе выніках будынак прызналі не адпавядаючым санітарна-тэхнічным нормам, аднак прыгодным для пражывання.
Праўда, кропка ў гэтай гісторыі яшчэ не пастаўлена. Старшыня камісіі Сяргей Патапчук, ён жа намеснік старшыні адміністрацыі Ленінскага раёна, заўважыў, што даследаванне дома працягнецца, ужо замоўлена ў Брэсцкага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры ацэнка апорнай здольнасці канструкцый. “Шчыра скажу, сітуацыя не радуе па гэтым доме, — зазначае чыноўнік. – Дом патрабуе капітальнага рамонту. Ва ўсякім разе, яго ўнеслі ў Тытульны спіс жылых дамоў для правядзення капітальнага рамонту”. Але раней за 2015 год будаўнікі на вуліцу Дзяржынскага не прыдуць.
Як той казаў, Бог няроўна дзеле. Дзе знаходзіцца інвестар, там жыллё аказваецца непрыгодным для пражывання раней часу. Пакуль жа інвестара няма, нікому будынкі, што з’яўляюцца гісторыка-архітэктурнай каштоўнасцю, не патрэбныя. Як і людзі, што там жывуць.
Ответить