Наша размова прайшла ў адной з аўдыторый Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, на філалагічным факультэце, поруч з партрэтам Уладзіміра Караткевіча і яшчэ савецкага часу выявамі Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Мы гутарым на англійскай. Па-беларуску Юсукэ Сумі пакуль гаворыць мала.
Параду паехаць у Беларусь японец атрымаў ад свайго выкладчыка ў Будапешцкім універсітэце, адкуль выйдзе праз некалькі гадоў выкладчыкам лаціны. Філалогія мае на ўвазе дасканалае веданне многіх моў. Вандроўкі па краінах свету для еўрапейскіх студэнтаў-філолагаў — гэта як камандзіроўкі для нашых будаўнікоў або газавікоў і належаць да праграмы.
Юсукэ ў Брэсце тыдзень. Ужо заўтра ён вяртаецца ў Будапешт, дзе канчаткова прыме рашэнне.
На філфаку яго ахрысцілі Юзікам. Малады чалавек усміхаецца, не пярэчыць.
Я заўважаю, што Юзіка-Юсукэ нешта вельмі гнобіць. Мы гутарым на розныя тэмы, але ён гаворыць ветліва-скупа. Ажыўляецца, калі перадаю магчымасць запытацца яму. І адразу выкладвае сваю праблему. Чаму на яго правільную фразу “ДЗЕ Я ТУТ МАГУ ПАЕСЦІ Ў РЭСТАРАНЕ?” аніхто не растлумачыў яму на мове звароту, дзе ж гэта. Рускай мовы Юсукэ зусім не ведае, але ж і не разумее, як гэта: краіна Беларусь, а па-беларуску… не надта пачуеш. Самай трапнай і даходлівай апынаецца версія тлумачэння, што за ноч сталіністы расстралялі 80 са 100 беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, – бо занадта шмат гаварылі па-беларуску, – і памяць пра гэта перайшла людзям у падсвядомасць. Тут у вачах госця загарэўся агеньчык разумення, і ён зусім разняволіўся.
Аказалася, што малады японец ужо сямейны. Жонка таксама японка, яна спявачка ў Будапешцкім оперным тэатры. Будучы лацініст адвучыўся год у Румыніі, што зразумела, бо раманскія мовы найбольш роднасныя лаціне.
Тутэйшая плата за навучанне… пэўна, не праблема. Хоць у Еўропе ёсць і меншыя кошты.
Развіталіся мы на шмат больш цёплай ноце. Высветлілася, што ў запасе Юсукэ Сумі ёсць яшчэ некалькі беларускіх словаў і фразаў, а ўсмешка робіць з яго вылітага Караткевіча, – вы ж бачыце, не хлушу.
(фота аўтара)
Ответить