І ўсё ж Дзень роднай мовы ўваходзіць у каляндар свядомых беларусаў штораз больш упэўнена. Калі яшчэ некалькі год таму да нас даходзілі толькі адгалоскі штучных мерапрыемстваў, то цяпер да свята далучыліся разнастайныя ўстановы, арганізацыі, СМІ і проста асобныя грамадзяне. Бо чым не адзначэнне свята павесіць віншаванне ў сваім статусе ў сацыяльных сетках?
У Берасці святкавалі не так актыўна, як у цэлым па краіне. Розгалас атрымала толькі абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”, разлічанае пераважна на людзей сталага веку, а вось альтэрнатыўнага, моладзевага, мы так нічога і не дачакаліся. Тое самае і з разнастайнымі акцыямі – моладзевыя арганізацыі і партыі сустрэлі Дзень роднай мовы зусім ніяк.
Таму спынімся на “Жывых вытоках”, тым больш што гаварыць пра гэтую ініцыятыву абласнога ГКЦ і яго дырэктара Святланы Каржук не сорамна, а вельмі нават прыемна.
Тры…
Як і пісалі мы ў анонсе ў мінулым нумары «БК», праграма свята афіцыйна складалася з трох імпрэз: абласнога тура рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай беларускай песні, паэтычна-музычнай вечарыны і этнадыскатэкі. Конкурс абыдзем увагай, паколькі гэта ўсё ж мерапрыемства з другой оперы, ГКЦ праводзіў бы яго і без Дня роднай мовы. Астатняе ж не тое што прымеркавана, а прыдумана з названай нагоды.
Напярэдадні свята абвяшчалася, што на паэтычна-музычную вечарыну запрошаныя лепшыя калектывы вобласці. У гэтым арганізатары не падманулі, бо ледзь не пасля кожнага нумару нешматлікі, але шчодры глядач крычаў “Брава!”. Асабліва сэрцы растапіў маленькі чытальнік Павал Салянюк, які мужна змагаўся з хрыпатой, але выказаўся ў любові да роднай мовы надзвычай выразна.
Няма сэнсу выдзяляць нейкіх выступоўцаў, бо іх сапраўды падабралі такім чынам, што ўся вечарына выглядала цэльнай і моцнай. Хіба пастаноўка на гістарычную тэму ў выкананні народнага тэатра “Паланіца” Круговіцкага сельскага ДК трохі не ўпісвалася ў адведзенае сцэнарыстамі месца і згубілася пасля вакальнага нумару. Не кожны прысутны мог таксама згадаць, пра якое заваяванне Ліды ў ёй ідзе размова, і таму добра было б напачатку даць кароткую даведку.
Дадатковы плюс у вачах многіх гледачоў вечарына зарабіла сваёй ідэалагічнай незаангажаванасцю, а таксама шматстылёвасцю нумароў – народныя танцы і спевы перапляталіся з новай беларускай папсой, джазам і нават шансонам. Не было толькі накірункаў, якія любіць моладзь, аднак моладзі ў зале амаль і не было.
Затое з’явілася яна аднекуль на апошні пункт праграмы – этнадыскатэку. Калі ў пачатку майстар-класаў у бой ішлі толькі самыя смелыя, хто доўга не разважаў пра ўяўную цяжкасць усіх народных целарухаў, то ў канцы, пад настаўленні кіраўніцы “Жэмэрвы” з Бельска-Падляшскага Ганны Фіёнік, танцавалі усе. Адыходзячы, удзельнікі этнадыскатэкі наперабой дзякавалі за шчаслівыя моманты… гардэробшчыцам.
…плюс адзін
У межах святкавання Дня роднай мовы ў ГКЦ праходзіла яшчэ адно мерапрыесмтва, не ўключанае ў асноўную праграму. “Вылецела” яно з афішы па той прычыне, што нарадзілася ледзь не экспромтам блізка да 21 лютага.
Кіраўнік Музея малой Бацькаўшчыны з падляшскіх Студзівод Дарафей Фіёнік, якога запрашалі разам з “Жэмэрвой”, прапанаваў заадно зрабіць прэзентацыю беларускіх выданняў Беласточчыны. Паколькі мы з польскімі беларусамі ў функцыянаванні роднай мовы знаходзімся амаль у аднолькавым стане, то імпрэза не мела экзатычнага характару і нагадвала хутчэй абмен вопытам. Чаму б, напрыклад, цудоўную ідэю запісваць песні асобных вёсак у аўтэнтычным выкананні не ўвасобіць у нас? Населеных пунктаў, дзе яшчэ пяюць і граюць, набралася б на цэлую серыю кампакт-дыскаў. І да выкарыстання студэнцкіх прац у гэтым накірунку мы таксама чамусьці не дадумаліся, нібыта прошча ляжыць між установамі адукацыі і культуры. А калі пашукаць на кафедры дыялекталогіі якасныя справаздачы па практыках, то знойдзецца матэрыял, цікавы не толькі навукоўцу, але і проста аматару народных спеваў.
Кінуўся ў вока арыгінальны альбомчык, прысвечаны царкве ў Такарах. Як аказалася, выдадзены прыходам з нагоды юбілею культавай пабудовы. Выглядае ён цалкам па-свецку і, пэўна, упрыгожвае не толькі царкоўную бібліятэку, але і многія асабістыя.
Асаблівай увагі варта тое, з якім трапятаннем на Падляшшы ставяцца да свайго дыялекту. Напрыклад, часопіс “Бельскі гасцінец”, які выдаецца пры Музеі малой Бацькаўшчыны, утрымлівае матэрыялы, напісаныя на “простай” мове.
Дарафей Фіёнік лічыць, а мы з ім пагаджаемся, што для нямногай колькасці беларусаў у Польшчы выдаецца беларускай літаратуры там шмат. Ёсць адносна вялікія выдавецкія цэнтры, ёсць маленькія, ёсць адзінкавыя ініцыятывы, а разам гэта ўтварае прыстойны фонд. Аднак у нашых польскіх землякоў ёсць адна перавага – у суседняй краіне яны нацыянальная меншасць, і праз гэта маюць права на некаторыя грошы з бюджэту. Каб атрымаць пэўную суму на выданне кнігі ці дыска (як і на рэалізацыю іншых культурніцкіх ініцыятыў), ім дастаткова выйграць грант. Калі дзяржава пацвярджае ў пачатку года, што прафінансуе праект, то аўтар ідэі можа быць ледзь не на 100% упэўнены, што грошы будуць.
Аднак гледзячы на раскладзеную на стале літаратуру Музея, чамусьці не хочацца замежным беларусам зайздросціць. Бо для іх родная мова – гэта тое, за што трэба змагацца. Часам са сваімі ж дзецьмі, якія забываюць пра яе на карысць больш папулярнай польскай.
Гэта вам нічога не нагадвае?
Ответить