Справа нават не ў літаратурным таленце (не нам яго вымяраць), ці ў нейкім асаблівым статусе. Проста Алесь валодае вельмі каштоўнай якасцю – мае ўласнае меркаванне і гатовы выказваць яго, не зважаючы, што той-сёй таварыш па пяру не праміне сказаць іншаму: “Ды гэты Паплаўскі ніякі не пісьменнік”.
Але ж нагода з’явілася. Наш з вамі зямляк стаў лаўрэатам прэміі “Залаты апостраф” у галіне прозы, упершыню вывезшы гэтую прэмію за межы Мінска. Адзначана прэміяй часопіса Саюза беларускіх пісьменнікаў “Дзеяслоў” апошняя аповесць аўтара Lapido. Гэты факт і абмеркавалі мы з Паплаўскім неўзабаве пасля яго вяртання.
− Неяк мы з вамі мелі размову пра літаратурныя прэміі. Вы тады сказалі, што далёка не кожную прэмію хацелі б атрымаць. “Залаты апостраф” – прэмія, якую атрымаць усё ж хацелася?
− Так, гэта тая прэмія. Па-першае, яе дае часопіс, у якім прэстыжна друкавацца. У Беларусі такіх больш няма. Па-другое, сёлета ўпершыню вынікі падводзіла сама рэдкалегія, куды ўваходзяць паважаныя мной і многімі людзі. Гэта Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Анатоль Івашчанка. Я вельмі рады, што лёс твора быў вызначаны такім чынам, а не інтэрнэт-апытанкай. Я лічу, што чытач павінен галасаваць толькі ў кнігарні. То-бок купляючы тую ці іншую кнігу. А якасць мастацкага твора павінен ацэньваць прафесіянал.
Безумоўна, я рады і па той прычыне, што прэмія паехала ў Брэст, у правінцыю, так бы мовіць. Хаця я Берасце ніколі не лічыў правінцыяй. Тут заўсёды быў самабытны край і самабытныя людзі, якія былі на крок бліжэй да Еўропы.
− Пра што Ваш твор?
− Пра лёс чалавека, які апынуўся не ў тым месцы і не ў той час. Апынуўся ахвярай збегу выпадковасцяў. Аповесць таксама пра выбар чалавека паміж фізічнай і духоўнай дэпартацыяй. Мне наогул цікава разбірацца ў памежных сітуацыях. Галоўны герой вымушаны пакінуць краіну, і прытулку ён шукае ў тым горадзе, дзе раней яго малады бацька жорстка распраўляўся з дэманстрантамі, нязгоднымі з рэжымам. Пакрысе ён упэўніваецца, што шлях забойстваў – не яго шлях.
− Вы раскрылі гістарычную рэтраспектыву Lapido. Але там ёсць і сучаснасць. Ці не цяжка пра гэта пісаць?
− Не, не цяжка. Усе мае аповесці пра сучаснасць.
− Я маю на ўвазе палітычны аспект, які выразна прысутнічае…
− Я б не сказаў, што ў Lapido ёсць нейкая палітыка. Ёсць памяркоўны беларус, якога супраць яго волі ўцягваюць у палітыку, абвінавачваючы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Але галоўныя падзеі адбываюцца ва ўнутраным свеце героя. Гэта барацьба паміж Я-існым і Я-дасканалым.
− У аповесці Вы падрабязна апісваеце Прагу. Як вы яе пазнавалі?
− У Прагу я ўлюбіўся, пасля Вільні – гэта мой найлюбімейшы горад. Але быў я там усяго 4 дні, на жаль, за якія горад пазнаць немагчыма. Выратавала, што ў мяне быў добры гід – Макс Шчур, які паказаў мне гістарычныя месцы і шмат чаго расказаў. Магчыма, таму аповесць дае ўражанне майго добрага ведання Прагі.
− Балючае, напэўна, пытанне, але ці ёсць надзея на выданне аповесці асобнай кніжкай?
− Я б вядома, гэтага хацеў. Тым больш што ёсць і яшчэ 2 аповесці. Разам яны маглі б скласці добрую кнігу. Але як складзецца іх лёс, невядома.
Гэта была прыемная размова з нагоды атрымання прэміі. Да гэтага ж у нас з Алесем адбываліся гутаркі і на больш сур’ёзныя калялітаратурныя тэмы. Урывачныя фразы, што застаюцца ў запісах, добра перадаюць погляд Паплаўскага на многае.
Пра неабходнасць дыскутаваць: “Неяк я іранічна пажартаваў у Інтэрнэце, што беларуская літаратура нагадвае біблейскага Лазара, якога ўвесь час імкнуцца ажывіць, але яму больш даспадобы маска смерці. Мне здавалася, што гэта выкліча нейкую дыскусію. У нас жа ёсць шмат праблем, якія трэба абмяркоўваць. Але мы не ўмеем весці дыскусіі. Як у багну, кідаеш камень, і нават кругі не разыходзяцца”.
Пра літаратурную крытыку: “З крытыкай у нас зусім бяда. Крытыка павінна ісці ў нагу з літаратурай, нават апярэджваць яе. А паглядзіце на нашыя крытычныя артыкулы. Дзве крайнасці – альбо хвалебныя, альбо разносныя. І ніякага аналізу”.
Пра піяр: “Мы не ўмеем прапагандаваць сваё. А калі і прапагандуем, то не тое, што сапраўды варта ўвагі. Памятаеце, “Параноя” была Віктара Марціновіча? І дзе зараз тая “Параноя”. Папараноілі і забыліся, калі ўся бразгатня аціхла. У сапраўднага твора доўгі шлях да чытача. Бо пісьменнік апярэджвае час, і сучаснік яго не разумее. Святлана Алексіевіч амаль праз 30 год пасля напісання атрымала прэмію Цэнтральнай Еўропы за твор “У вайны не жаночае аблічча”, таму што і зараз ён актуальны”.
Пра сучасную літаратуру Берасцейшчыны: “Для мяне няма градацый правінцыйная – нацыянальная – сусветная літаратура. Ёсць літаратура і нелітаратура. З гэтага пункту гледжання ў нас усё вельмі кепска. Мала арыгінальнасці, адны перапевы ды паўторы. Усё буслы ды мова, якая знікае. Дык ты ж сам усё робіш, каб яна знікла! Хаця, безумоўна, ёсць і асобы, якіх яшчэ належным чынам не ацанілі”.
Пра прэстыж мовы: “Калі руская мова яшчэ вытрымае графаманаў, то беларуская не. Таму што на беларускай менш чытаюць. У нас няма ні часу, ні права ствараць падробку”.
Пра падхалімства і прызнанне: “Заўсёды кажу: падпішыце зборнік Алеся Разанава невядомым імем, і яго разнясуць, каменя на камені не пакінуўшы. Большасць з нас проста не ў стане пакуль ацаніць гэтую веліч і нахвальвае па звычцы ўслед за Еўропай. Бо ў нас трэба быць спачатку прызнаным у свеце, а ўжо потым цябе прызнаюць і дома”.
Ответить