Падземны інцыдэнт
Судовая эпапея пачалася яшчэ год таму, у сакавіку 2012 года. У суд Ленінскага раёна журналіста прывяло жаданне ўзнавіць справядлівасць пасля прыкрага выпадку, што здарыўся з ім летам 2011 года. Гэтая гісторыя распавядалася ўжо на старонках газеты: знаходзячыся на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, на нядаўна адкрытым для рыбакоў беразе Мухаўца, Яўген Бяласін праваліўся ў шахтны каналізацыйны калодзеж, напоўнены вадой. Сам ён, на шчасце, застаўся цэлы, а вось дыктафон і фотаапарат рамонту не падлягалі. Прыйшлося прыдбаць таксама новыя акуляры.
“Шуму падымаць не хацелася, бо як-ніяк Брэсцкая крэпасць — гэта наша візітоўка, і з ёй, і са старажытным горадам, на месцы якога яна пасаджаная, звязваюцца вялікія турыстычныя спадзяванні, – згадвае ён цяпер. – Менавіта такога зместу ліст я і накіраваў у гарвыканкам з прапановай “нулявога варыянту”. Мне кампенсуюць страты, а я не кажу пра дзіры ў зямлі. Але мне адказалі, што “няма праблем, можаце звяртацца ў суд”. Так што давялося”.
“Дзівам выбраўшыся з таго свету”, Бяласін запрасіў 50 мільёнаў маральнай кампенсацыі, а таксама кампенсацыю сапсаванай апаратуры і аплату медыкаментаў.
Прэтэнзія была прад’яўлена ажно тром інстанцыям: гарвыканкаму, КУП “ЖРЭУ” і брэсцкаму “Водаканалу”. Як тлумачыць сам Бяласін, дакладна вызначыць адказчыка ён не мог, паколькі ніхто не хацеў вызнаваць сябе гаспадаром тэрыторыі, якую прызнала небяспечнай пракуратура Маскоўскага раёна. Пасля таго, як у Брэсцкім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры засведчылі, што тэрыторыя – нічыйная, журналіст заявіў адказчыкаў на свае ўгледзіны. Юрыдычна бездакорнага адказчыка мусіў акрэсліваць суд.
Сказаў “А”…
Аднак прыцягнуць дзяржаўную арганізацыю аказалася не проста і не танна, а сам працэс набываў часам нечаканыя павароты. Сюды не адносім версію адказчыкаў, што журналіст не мог самастойна выбрацца з калодзежа, а значыць ён… інсцэнаваў сваё падзенне, каб дыскрэдытаваць добрае імя горада перад замежжам. Гэтага якраз можна было ад нашых чыноўнікаў чакаць. Прыцягвае тут увагу хіба нятанны судовы эксперымент, з выездам поўнай брыгады МНС на месца здарэння, каб устанавіць, ці верагодна вылезці з калодзежа самастойна.
А да нечаканых паваротаў адносім спробу камунальнікаў абвінаваціць Бяласіна ў шантажы. Маўляў, падаў у суд, таму што начальнік аховы ЖРЭУ не выдаў яму схему падземных хадоў, неабходную для распрацоўкі адпаведнай тэмы ў “БК”. “Пра падземныя хады на момант здарэння ў мяне і ў думках не было пісаць, — каментуе журналіст. – Толькі праз два месяцы мне ў першы раз распавялі, што, маўляў, ёсць ход ад вакзала ў бок Кобрына. Проста мне, калі ў сакавіку 2012 года падаў у суд, прыйшлі ў рэдакцыю лісты ананімныя з характэрнымі тэкстамі, і на электронны адрас таксама. Я гэта так зразумеў, што ахова тэрыторыі ў крэпасці чамусьці не сваім болем пераймаецца — цісне, каб забраў заяву. Вось і прапанаваў “кампрамісную” ўгоду: чым займацца крымінальшчынай, няхай дадуць мне пабыць вокам народа, заглянуць у схемы старажытных і, меркавана, сталінскіх падзямелляў. А я наўзамен забіраю заяву. Але адказныя асобы не пагадзіліся. Тады заявіў у судзе хадайніцтва, каб далучылі ананімкі да матэрыялаў справы”.
Суд успрыняў версію шантажу без энтузіязму. І прызнаў ЖРЭУ адказным за неарганізацыю бяспекі на тэрыторыі крэпасці, спагнаўшы з упраўлення на карысць Бяласіна 500 тысяч маральнай кампенсацыі плюс 50 тысяч на юрыдычную дапамогу.
…кажы “Б”
Як бачым, суд не палічыў патрэбным патрабаваць з адказчыка кошт сапсаванага абсталявання, кошт акуляраў і кампенсацыі выкарыстаных лекаў. Сума маральнага адшкадавання таксама была шматкроць паменшаная, асабліва калі ўлічыць, што за час працэсу патрабаванне Яўгена Бяласіна вырасла з 50 да 100 мільёнаў: “За тое, што яны не верылі, што я магу выбрацца з таго калодзежа. Бо калі выбраўся, дык я супермэн, звышчалавек. А за гэта належыць падвойная плата”. Дарэчы, невядома, у якое рашэнне суда гэты недавер выліўся б, каб Яўген выпадкова не знайшоў ускосных сведак няшчаснага выпадку.
Не да канца задаволены судовым рашэннем, ён падаў касацыйную скаргу ў абласны суд. Калегія не накіравала справу на новы разгляд, як гэта найчасцей бывае, а разбіралася сама. Яе рашэнне дае права сцвярджаць, што журналіст бой з чыноўнікамі выйграў. Хоць сума маральнага адшкадавання засталася нязменнай, асноўныя матэрыяльныя расходы ўсё ж мусяць быць кампенсаваныя.
“Я адчуваў, што суды — гэта новыя страты, — гаворыць Яўген Бяласін. – Але падумаў: калі ніхто не будзе ісці ў суды, тады ўсіх будуць гнобіць пагалоўна. Ці задаволены? На чвэрць. Як-ніяк аплачу цяпер палову кошту новага фотаапарата. Потым, яшчэ раз высветліў, наколькі ў нас не дзяржава для народа, а народ для дзяржавы. З усёй плоймы службоўцаў толькі два паставыя міліцыянеры паставіліся да мяне цалкам адэкватна. Я іх імёны напамяць вывучыў, як верш: “Юрый Бычак, Сяргей Бруско”. Высветліў таксама, як працуе гаспадарка. Начальнікаў шмат, і ніхто ні за што не адказвае”.
Звяртае Яўген Бяласін увагу і на тое, што тэрыторыі крэпасці, асабліва той яе часткі, адкуль сышлі ваенныя, застаецца нямала разнастайных дзірак і ям дагэтуль. Дык каму яны стануць пасткай у наступны раз?
Ответить