Хто рассудзіць?
Са сваёй складанай праблемай да нас звярнулася Людміла Яраславаўна.
Пасля смерці брата яны з сястрой уступілі ў роўныя правы наследавання прыватным домам на Кіеўцы. Але, па словах чытачкі, сястра не захацела добраахвотна пусціць туды сям’ю Людмілы Яраславаўны. Усе кропкі над «і» расставіў суд, які вынес рашэнне раздзяліць дом на дзве паловы, за выключэннем прыхожай, кухні і ваннага пакоя, якія прызналіся месцамі агульнага карыстання.
Такое рашэнне мусіла задаволіць абодва бакі, аднак, зноў жа па словах Людмілы Яраславаўны, праблема асабліва не скранулася з мёртвай кропкі. Засяліцца-то яна засялілася, але месцы агульнага карыстання застаюцца агульнымі толькі на паперы. Нават вадой жанчына не можа пакарыстацца.
У газету Людміла Яраславаўна, паважаная настаўніца, пазваніла не каб паскардзіцца на сястру, а выявіць: хто павінен разбірацца ў падобных сітуацыях? Таму што ў міліцыі ёй прапануюць звярнуцца да судовага выканаўцы, а ў судзе кажуць, што пасля заканчэння судовай вытворчасці выканаўца бяссільны.
Хто павінен сачыць за выкананнем судовага рашэння пасля заканчэння вытворчасці – так сфармулюем пытанне больш канкрэтна.
І зададзім яго старшаму судоваму выканаўцу суда Маскоўскага раёна Алене Крыштончык. Аказваецца, умяшацца ў дадзеную сітуацыю судовыя работнікі сапраўды ўжо не могуць. Яны кампетэнтныя гэта рабіць толькі ў тым выпадку, калі цягам 10 дзён з атрымання копіі пастановы аб заканчэнні выканаўчай вытворчасці, зацікаўленая асоба абскарджвае яе вынікі. У выпадку, калі гэты тэрмін прапушчаны, а рашэнне так і не выконваецца, прыдзецца звяртацца ў суд з новым іскам – аб ліквідацыі перашкод у праве карыстання.
Дарэчы, з сітуацыяй нашай чытачкі старшы судовы выканаўца знаёмая, але не можа нічога дадаць да ўжо агучанага агульнага алгарытму. Так што не абысціся вам, Людміла Яраславаўна, без новых судовых працэсаў.
Смяротны крык журавоў
Сумную гісторыю нам расказаў Анатоль Васілевіч, які хоць і жыве ў Брэсце, але мае хутар у Кобрынскім раёне. Яго аповед тычыцца лёсу журавоў, што па звычцы прыляцелі вясной дадому, ды надвор’е падрыхтавала для іх трагічную пастку.
− Яны з’явіліся ў тыя дні, калі было цёпла. Прыляцелі, як звычайна, цэлай чарадой. Тут ёсць поле, дзе раней гарох рос, ён і зараз прабіваецца, яны тут сілкуюцца. Шэсць пар засталіся, астатнія паляцелі далей. І тут зноў пахаладала. Бабулькі расказвалі, што журавы пачалі крычаць, што зусім ім не ўласціла ў гэты час. Мясцовыя зразумелі, што птушкі трапілі ў бяду, ды дапамагчы ім не было каму – у блізкіх вёсках Каменкі і Баршчы жывуць адны старыя людзі.
У такое ж становішча трапілі буслы, якія цэлай чарадой прыляталі на падворкі да людзей, каб знайсці хоць якую ежу.
Пракаментаваў дадзеную сітуацыю прафесійны абаронца птушак – арнітолаг і сябра ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Мікалай Чэркас. Ён засведчыў, што сёлетняя вясна – не самая спрыяльная для вяртання пералётных птушак дадому, хаця дакладнай лічбы загінулых асобін ніхто не можа сказаць. Як і назваць найбольш безабаронныя перад прыроднымі анамаліямі віды. Гінуць птушкі цяпер не толькі з-за холаду, але і з-за адсутнасці корму. Некаторыя нават не спяшаюцца дадому, трапляючы на вялікую крыніцу ежы за мяжой. Так напрыклад, кажа Чэркас, сметніцы Іспаніі і Італіі сталі затрымліваць прылёт да нас буслоў. Што для сёлетняй вясны нават нядрэнна.
Робіць эксперт акцэнт і на тым, што ў Беларусі не існуе пунктаў часовай ператрымкі жывёл, дзе б магла быць аказаная дапамога тым з іх, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Наступствы гэтага выяўляюцца не толькі ў гісторыях з памарожанымі журавамі, але і ў больш празаічных сітуацыях, калі затрыманых на мяжы экзатычных жывёл проста адпускаюць у смяртэльнае для іх асяроддзе суровай беларускай прыроды.
Так што жывём па законах джунгляў – выжывае мацнейшы.
«Зайцы» супраць кантралёраў
Каторы званок прысвечаны транспартнай кантралёрна-рэвізорскай службе, якая не заўсёды карэктна размаўляе са сваімі ахвярамі. Скардзіцца на празмерную стараннасць кантралёраў пры выкананні службовых абавязкаў і пенсіянерка Таццяна Міхайлаўна.
Яна расказвае, што прабіла талон у тралейбусе №5, дзе – звычайная гісторыя – не вельмі добра працаваў кампосцер. Націснула два разы і кінула прабіты талон у кішэню, дзе ўжо валяліся такія ж прабітыя талоны. Кантралёры, што ўвайшлі ў тралейбус на прыпынку “Завод”, вывелі пенсіянерку з салона, паколькі яна прад’явіла ім не той білет. А калі знайшла той, ён не вельмі адпавядаў кантралёрскім патрабаванням. Таццяна Міхайлаўна, канешне, крыўдзіцца, што ні за што трапіла ў разрад «зайцаў», аднак акцэнт ставіць на іншым:
− Мяне ўражвае гэты ўзаконены хапун людзей! Няўжо нельга нейкімі больш інтэлігентнымі сродкамі змагацца з безбілетнікамі. Я ўжо колькі разоў назірала такую карціну: калі кантралёр знайшоў ахвяру, то ён так проста яе ўжо не выпусціць. Па маім меркаванні, ад «зайца» менш шкоды, чым ад гэтых кантралёраў.
Калі паглядзець уважліва, то ў звароце Таццяны Міхайлаўны заключана не толькі праблема некарэктнага абыходжання з пасажырамі. Ёсць тут яшчэ адна – вечна няспраўныя кампосцеры, якіх нібыта ніхто не рамантуе. І ўвогуле пара ўводзіць электронную сістэму праверкі аплаты праезду. Колькі транспартных канфліктаў гэта адразу здыме!
Ответить