Канешне, мы ў першую чаргу спыталі: а што ўзнікла раней – дом ці інжынерны парк? Бо, як ведаць, можа, гэта не ў чалавека праблема з чыгункай, а ў чыгункі з чалавекам. Аднак Валянцін Кузьміч запэўніў, што дом пабудаваны яшчэ ў 1938, калі ад першага і адзінага чыгуначнага пуці жылыя пабудовы аддзяляла нават невялікае поле. І мы паехалі да чытача ў госці.
Землятрусы Першага Паўночнага
Чытач Валянцін Кузьміч і сам аказваецца чыгуначнікам з 37-гадовым стажам працы. Таму сітуацыю абмалёўвае з веданнем справы: “З аднаго боку ад дома знаходзяцца ўваходныя семафоры, і там круглыя суткі спыняюцца грузавыя і манеўровыя цеплавозы, адпраўляюцца грузавыя саставы на Брэст-Усходні. У доме пры гэтым стаіць моцны гул, асабліва ён адчувальны ноччу. Там жа знаходзіцца і горка, і пры падачы на яе саставаў дом проста трасецца. З другога боку – стаянка манеўровых цеплавозаў, дзе раніцай і ўвечары ідзе іх праверка на халастым ходзе”.
Пры гэтым Валянцін Амельянюк праводзіць нас уздоўж свайго зямельнага ўчастка. Бліжэйшыя рэйкі праходзяць за 2-3 метрыад агароджы і за метраў 15 ад дома.
Такая ж сітуацыя і ў яго суседзяў з дома №29. Уласніца маёмасці Надзея Іванюковіч у свае 85 год не надта наракае. Маўляў, прывыклі, усё адно ад нас нічога не залежыць. Нават трохі ўшчувае суседа: “Будзеш пісаць — знясуць дом увогуле. Ты гэтага хочаш?” – “Я хачу спакою”. – “А што яны табе зробяць? Чыгунку ж не прыбяруць…” – “А што вы за іх клапоціцеся? Яны ж пра нас не думалі, калі ля нашых дамоў яе разбудоўвалі”. Вось тут Надзея Лаўрэнцьеўна з Валянцінам Кузмічом пагаджаецца. “Так, не пыталі. Мы на гэтым полі, дзе зараз рэйкі, раней бульбу садзілі і жыта сеялі”.
Па-іншаму на сітуацыю глядзяць дачка Надзеі Іванюковіч з зяцем. Яны прыехалі сюды з Ташкента і параўноўваюць вібрацыі ад працы саставаў з невялікімі землятрусамі на былым месцы жыхарства: “Як былі драўляныя шпалы, мы не так усё адчувалі. Як паставілі бетонныя, то грукат пачаўся жудасны. Асабліва зімой, калі зямля прамерзлая. Посуд грыміць, а дверцы ў шафе дык ужо і не зачыняюцца”.
Паступова ў гутарках з людзьмі ўсплывае і яшчэ адна, меншая праблема дамоў №28 і 32 Першага Паўночнага завулка. Аказваецца, чыгунка праходзіць ад іх з двух бакоў (іншыя рэйкі вядуць у былы будаўнічы двор), адразаючы ад асноўных гарадскіх камунікацый, за выключэннем электрычнасці.
Акрамя таго, на ўчастках нельга будавацца. Прынамсі сыну Надзеі Лаўрэнцьеўны не дазволілі. Бабуля ўспамінае, што неаднойчы да іх хадзілі камісіі і казалі пра тое, што гэтыя дамы знясуць. Гэтага не адбылося, і пра тых, хто застаўся, чыгунка чамусьці паклапаціцца не хоча.
Ездзілі мы ў Першы Паўночны летам мінулага года. Пасля яшчэ некаторы час разам з нашым чытачом чакалі адказу на яго запыты.
Перапіска
Да таго, як звярнуцца ў газету, Валянцін Кузьміч напісаў не адзін зварот у аддзяленне чыгункі, у якіх расказваў тое самае, што і нам. Аднак адказы паступова пачалі зводзіцца да прапаноў Амельянюку заняць чаргу на новае жыллё, паколькі ўмовы жыцця ў старым не памяняюцца: “У кіраўніцтва аддзялення чыгункі адсутнічаюць падставы і магчымасці мяняць графік руху і тэхналагічны працэс на дадзеным участку чыгункі. Дадаткова інфармуем, што чыгуначныя пуці на дадзеным участку пракладзены у перыяд, калі адсутнічалі заканадаўча замацаваныя патрабаванні выканання санітарных норм, якія рэгламентуюць аддаленасць чыгуначнага палатна ад жылога дома” (з адказу начальніка аддзялення чыгункі Аляксандра Шматава).
Такім чынам, ускосна начальнік аддзялення пацвердзіў, што санітарныя нормы, якіх раней не было, цяпер парушаюцца.
Хоць трэба аддаць належнае, зварот Валянціна Амельянюка ў рэшце рэшт усё ж накіравалі ў Брэсцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Той зусім нядаўна канстатаваў: узровень шуму, які пранікае ў дом ад чыгуначнага транспарту, перавышае дапушчальны. Галоўны санітарны ўрач Брэста і Брэсцкага раёна Генадзь Радчанка паведамляе, што ў аддзяленне чыгункі накіравана прадпісанне аб правядзенні шумазасцярагальных мерапрыемстваў.
Ці будзе прадпісанне выкананае – вялікае пытанне. Паколькі, як вынікае з ранейшага ліста галоўнага санітарнага ўрача, аддзяленне ўжо даўно атрымлівала ад занальнага цэнтра прадпісанне ўстанавіць санітарны разрыў ад чыгункі да жылога дома.
Зразумела, што аддзяленню не вельмі хочацца выдаткоўваць грошы на жыхароў двух няшчасных драўляных дамоў, падобных да моські ля гіганта-слана. І гэтак жа зразумела, што вырашыць гэтую праблему неабходна. Бо няправільна пазбавіць сну людзей толькі таму, што раней не было нейкіх умоўных санітарных норм.
Ответить