У школу я дабіралася 7 кіламетраў пешшу ці на ровары, аднак калі адчувала хваробу, старалася яе ўсяляк схаваць ад родных, каб не дай божа не пакінулі дома. Не скажу, што ў мяне ўклалі нейкія суперведы, але дамашнія заданні рыхтавала рэгулярна.
Школу гадоў пяць таму закрылі. Для педагогаў гэта, напэўна, была трагедыя, астатнія ўспрынялі нармальна. Бо рэчаіснасць была не на баку ўстановы – дзеці засталіся хіба ў самім Мікалаеве, а Мікалаева – гэта, лічы, прыгарад Каменца. Трымаць малакамплектную школу не было рэзону, усе гэта разумелі.
Такіх школ ужо закрылі некалькі сотняў па ўсёй Беларусі, і працэс толькі набірае абароты – беларусаў, як вядома, больш не становіцца, ды і дэфіцыт бюджэту падціскае. Але наколькі мэтазгодным з’яўляецца закрыццё кожнай канкрэтнай установы? Ці належным чынам разбіраюцца ў сітуацыі перад тым, як зрабіць непапраўнае, дзяржаўныя мужы? Бацькі дзяцей, што ходзяць у Яцкавіцкую базавую школу, у гэтым сумняваюцца.
Пытанне разглядаюць ці разгледзілі?
Пра магчымае закрыццё Яцкавіцкай школы бацькі і педагогі даведаліся з раённай газеты. Здагадваючыся пра тое, што наўрад дзяржаўная газета дапусціла “досадную ошибку”, бацькі тут жа пачалі атакаваць і саму школу, і раённы аддзел адукацыі, і нават старшыню аблвыканкама роспытамі пра сапраўдны лёс установы.
У школе толькі рукамі разводзілі – педагогі самі ведалі не болей, а вось ад начальства маме дзвюх школьніц Таццяне Траццяковіч прыйшоў адказ, сустрэты ёю і астатнімі бацькамі вельмі трывожна. Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык быццам і пісаў, што канчаткова рашэнне аб закрыцці школы будзе прымацца толькі пасля заканчэння навучальнага года і ўсебаковага разгляду пытання, аднак падазрона падрабязна распісваў усе мінусы навучання ў Яцкавіцкай школе, не забыўшы назваць плюсы пераводу дзяцей у буйнейшую ўстанову. Варыянты таксама агучаныя – сярэднія школы ў Вельямовічах і Новых Лышчыцах.
Што да аргументаў, якія намеснік старшыні аблвыканкама, а пасля і іншыя чыноўнікі называлі на карысць закрыцця, то яны зусім не новыя. Малакамплектнасць у цэлым школы – 39 чалавек – і большасці класаў паасобку – 5 і больш за 5 чалавек маюць толькі два класы, — якая цягне за сабой, на думку адукатараў, нізкі ўзровень якасці навучання. Немагчыма тут ствараць факультатывы і гурткі, арганізаваць групу падоўжанага дня, праводзіць культурна-масавыя мерапрыемствы.
Прыпомнілі школе і тое, што ацяпляецца яна з дапамогай цвёрдага паліва, прыбіральні знаходзяцца на вуліцы, кабінеты хіміі, біялогіі і фізікі не адпавядаюць патрабаванням, а ў кабінетах пачатковых класаў адсутнічае мэбля, што рэгулюецца па вышыні, – самы выкшталцоны аргумент людзей, у абавязкі якіх уваходзіць пра гэтую мэблю парупіцца.
Аргументы – бацькам на смех
Бацькі, з якімі давялося пагутарыць, пералічаныя аргументы не ўспрымаюць усур’ёз.
− Мы самі жывем у доме, дзе няма ўнутранай прыбіральні. Чаму раптам трагедыяй стала, што няма яе ў школе? – зазначае Таццяна Траццяковіч.
− Усе бацькі цалкам задаволеныя той якасцю адукацыі, якаю даюць нашым дзецям, — эмацыйна падтрымлівае аднавяскоўку Наталля Вакулюк – Нам прыводзяць довад, што тут няма групы падоўжанага дня… дык яна нам і не патрэбна. Пакуль дзеці малыя, я хачу іх бачыць. Увогуле нам падабаюцца нашыя настаўнікі, нашая школа, і мы не хочам іншую!
Зразумела, што добры педагагічны калектыў ніколі не стане прычынай, па якой школу вырашаць пакінуць. Эканамічна немэтазгодна прыглядацца да кадраў. Аднак да інтарэсаў дзяцей прыгледзецца варта, таму давайце зірнем на праблему з іх пункту погляду.
Тобок для чаго дзецям патрэбная новая школа?
Каб стаць часткай большага калектыву? Яны якраз гэтага пазбягаюць – успомнім сябе пры пераводах у новыя школы і нават проста класы. Сельскім дзецям патрэбныя гурткі і факультатывы? Таксама пытанне хутчэй рытарычнае. Але калі нават і патрэбныя – давайце разарымся яшчэ крышку і некалькі створым. Дзецям не хапае культурна-масавых мерапрыемстваў? Аднак з гэтым кардынальна не пагаджаюцца настаўнікі. Кажуць, усяго тут хапае, чаму пацвярджэнне школьны фотаархіў. І мерапрыемствы, дарэчы, такія, што гарадскія дзеці яшчэ пазайздросціць могуць. Застаюцца толькі некаторыя пытанні санітарна-гігіенічнага плану, пры жаданні лёгка вырашальныя.
А ў новую школу дзяцей трэба вазіць. І бацькам абяцаюць, што так яно і будзе. Аднак навучаныя горкім вопытам са старшакласнікамі, якіх нібыта возяць у Лышчыцы, і дашкалятамі, якіх возяць у Вельямовічы, дарослыя ставяцца да гэтай ідэі архіскептычна. “Дзеці больш пешшу ходзяць, чым іх возяць”, — гаворыць Таццяна Філашова, і гэтая думка трывожна прысутнічае ў размовах усіх мацярок.
Нават калі ўзяць лепшы варыянт і дапусціць, што адзіны аўтобус сярэдняй школы ламацца не будзе, дзецям усё адно ад той язды мала карысці. Возяць звычайна ўсіх разам, а значыць хтосьці пасля ўрокаў будзе беспрытульна бадзяцца ў чаканні аўтобуса, а хтосьці будзе ехаць адразу пасля заняткаў, і тады ні пра якія факультатывы па-ранейшаму не будзе ісці гаворкі. Плюс немалаважны момант бяспекі здароўя дзяцей: “Мой сын ездзіць так у садок у Вельямовічы. Дык ён пераважна дома сядзіць. То прастудзіцца, пакуль таго аўтобуса дачакаецца, то аўтобус зламаецца. У выніку зусім перасталі яго ў садок адпраўляць. Такой жа язды толькі ў школу я не хацела б”, — упэўнена кажа Наталля Вакулюк.
Калі падсумаваць…
… і аб’яднаць інтарэсы дзяцей, бацькоў, настаўнікаў і грамадства, то атрымаем некалькі важкіх аргументаў супраць закрыцця Яцкавіцкай базавай школы. Гэта, па-першае, далёка не так і карысна дзецям; гэта, па-другое, выкіне на вуліцу паўтара дзясяткаў людзей (не бярэм у разлік міфы аб працаўладкаванні – пакажыце школу, дзе ёсць, напрыклад, вакансія настаўніка беларускай мовы); і гэта, па-трэцяе, прывядзе да паступовага заняпаду саму вёску. Бо, як гавораць мясцовыя, чатыры сотні чалавек тут жыве ў многім дзякуючы якраз школе – яе наяўнасць з’яўляецца істотным фактарам пры выбары месца жыхарства маладых сямей.
Дарэчы, апошніх тут нямала. Застаюцца ў Яцкавічах і карэнныя месцічы, бо не вельмі далёка дабірацца на працу нават у Брэст; прыязджаюць сюды і перасяленцы. Маладыя сем’і – гэта надзея школы, і пакуль яны сябе апраўдваюць. Лічыце самі: з 39 вучняў школы толькі двое ходзяць з іншай вёскі, астатнія – тутэйшыя. Ёсць таксама шмат дашкалят. Нават па дадзеных, узятых з адказу Цупрыка, выходзіць, што бліжэйшыя 5 год у першы клас будзе прыходзіць ад 4 да 6 чалавек. І гэта зусім не апошнія з магікан, бо толькі па стане на сакавік гэтага года ў Яцкавічах было 9 цяжарных жанчын. У якой неперспектыўнай вёсцы вы такое бачылі? А перспектыўнай вёсцы школа, вядома, патрэбна.
Хто прыдумвае лічбы?
Так што вельмі сумніўнай атрымліваецца эканомія. Такое ўражанне, што ў Мінадукацыі не разглядаюць мэтазгоднасць існавання кожнай канкрэтнай ўстановы, а кіруюцца выключна колькаснымі паказчыкамі, якія маюць уласцівасць мяняцца. Ёсць дзве магічныя лічбы, якімі пужаюць вясковыя школы, — 50 і 5. Няма пяцідзесяці вучняў – прыкрыем школу, няма пяці дзяцей – не адкрыем клас.
Незразумела, адкуль пайшла такая ўстаноўка на шматколькаснасць як абавязковую ўмову якаснай адукацыі. Калі шмат вучняў у класе – гэта так эфектыўна, то чаму на прыватных курсах моў ці развіццёвых групах для дзетак рэдка бывае больш за 10 чалавек? Пры тым, што прыватнік пераследуе выгаду, і яму было б лепш набраць як мага больш людзей. Але ў такую групу ніхто не пойдзе.
І яшчэ пра эканомію. Нашая дзяржава пакуль карыстаецца тым, што мы не можаш распараджацца сваімі падаткамі. Бо калі б у нас спыталі, куды мы хочам накіраваць свае адсоткі ад зарплаты, то праблем са школамі, дзіцячымі садамі, паліклінікамі і нават транспартам не існавала б увогуле. Пакуль жа мы ўкладаем грошы ва ўзбраенне і да таго падобнае, а эканомім на дзецях.
0 комментариев
Anonymous User
17.04.2013 в 11:00СтепНов
17.04.2013 в 11:00Малокомплектность в школах — это комплекс реальных проблем. От того, какую проблему считать приоритетной, зависит и способ решения. Похоже, наши власти считают главной проблемой финансовую, которую пытаются завуалировать некими санитарно-гигиенически-методически-педагогическими—- и т.п. доводами.На мой взгляд, краегольной должна стать тема интересов детей, их родителей, местной коммуны. И в этом случае аргументация властей — просто ничтожна. В самом деле, почему один мальчик может иметь не только золотой пистолетик, но и электромобиль за десятки тысяч долларов, а другие детки — не иметь своей родной школы? Таких «почему» любой из нас наберет десятки и сотни. Родителям Яцковичской школы не просить надо, а требовать! Требовать, черт возьми! Пора людьми зваться!