Рок два-ў-адным
Тых, хто засумаваў па беларускай альтэрнатыўнай музыцы, чакае сюрпрыз ад Akute ў выглядзе новай канцэртнай праграмы “Як на далоні”.
Каманда наўрад ці патрабуе доўгіх прадстаўленняў. Пяцігадовы калектыў ужо паспеў заваяваць сабе славу аднаго з лепшых у беларускай рок-тусоўцы. За плячыма Akute два поўнафарматныя і адзін міні-альбом, высока ацэненыя музычнымі крытыкамі. А многім каманда запомнілася дзякуючы першаму моладзеваму і такому скандальнаму фільму “Вышэй за неба”, саундтрэкам да якога гучалі песні магілёўцаў.
Скажам больш: гурт Akute стаў прататыпам гурта, у якім грае галоўны герой фільма. Гэта лёгка пазнавальна, калі ведаць гісторыю калектыву. Спачатку існавалі “Глюкі”, дзе ў тым ліку гралі Станіслаў Мытнік і Раман Жыгараў. Пасля, як паказана ў фільме, гурт распаўся з-за ўнутраных разборак, і два названыя музыкі ўтварылі новую фармацыю. Узяўшы ў кампанію бубнача Паўла Емельянава, хлопцы пачалі сваё трыумфальнае шэсце па краіне.
Выступае Akute і на пляцоўках іншых краін, напрыклад, Расіі. Пры гэтым не паступаецца сваёй беларускамоўнасцю, у адрозненне ад іншых недальнабачных каманд, якія прыстасоўваюць рэпертуар пад расійскі ці еўрапейскі рынак і перастаюць быць цікавымі хоць каму.
Аднак сюрпрызы ад прома-суполкі “Зала чакання” на выступленні беларускага гурта не заканчваюцца. Канцэрт, што трапляе якраз на гадавіну чарнобыльскай трагедыі, будзе ўмацаваны яркім украінскім гуртом “Фіолет”. Яго саліст Сяргей Мартынюк неаднаразова быў у Беларусі, у тым ліку з сольнымі канцэртамі. Украінскі нацыяналіст, ён праяўляе вялікую цікавасць да нашай мовы, абяцае аднойчы прыехаць і загаварыць па-беларуску. Пакуль жа ахвотна супрацоўнічае з нашымі творцамі, дапамагае ім з канцэртамі ва Украіне. Рабіць гэта адносна няцяжка, улічваючы, што ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў вядомага ўкраінскага фестывалю “Бандэрштат”.
Больш за тое – у актыве Мартынюка ўжо ёсць запісаная на беларускай мове песня “Месца пакуты”, а ў новых інтэрв’ю Сяргей намякае на дуэт з нейкай моднай беларускай спявачкай. Так што у цэлым гэтыя дзве каманды – беларуская і ўкраінская – мусяць разам выглядаць досыць арганічна.
Канцэрт адбудзецца 26 красавіка ў джаз-рок клубе “1 Мая” (Савецкая, 29). Пачатак а 19-й.
Брудны беларускі блюз
Знаўцы адразу здагадаліся, што такім чынам мы прадстаўляем творчасць Віктара Шалкевіча. Яго будучая прысутнасць у Берасці анансуецца сціпла, паколькі ён будзе гасцяваць не ў канцэртнай залі, а ў душпастырскім цэнтры грэка-каталіцкай парафіі святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.
Але творчыя сустрэчы з Віктарам Шалкевічам заўсёды цікавыя і запамінальныя незалежна ад фармату. Барда – як і любога барда – трохі нудна слухаць у запісах, затое жывыя выступленні раскрываюць яго цалкам. Другая справа, што Шалкевіча з яго іранічным рэпертуарам прасцей уяўляць у шынку, чым у царкве, але хто ж мог уявіць канцэрт у царкве Лявона Вольскага?
Творчая сустрэча з бардам, акторам, паэтам і шоўмэнам Віктарам Шалкевічам адбудзецца 21 красавіка ў 16 гадзін па адрасе: вул.Дворнікава, 63, што ў мікрараёне “Рэчыца”. Вас чакае прэзентацыя дзвюх апошніх кніг аўтара — “Правінцыя” ды “Мястэчка Г. і ваколіцы”.
Выбірайце свой фармат, прыходзьце і атрымлівайце задавальненне ад беларускай музыкі.
Ответить