Што тычыцца прэзентацыі, то адукатарам зрабілі экскурсію па адрэстаўраваным будынку і паказалі канцэрт, у якім былі задзейнічаны філарманічныя калектывы – ансамблі MuzzArt, “Крэсіва”і “Рапсодыя” ды камерны аркестр. Адмыслова для сустрэчы філармонія арганізавала таксама арыгінальную выставу, якая надзвычай зацікавіла ўсіх – ад гасцей і журналістаў да работнікаў установы.
Выстаўляліся музычныя інструменты, прывезеныя з розных краін берасцейскімі музыкантамі. Самі ўласнікі калекцый ахвотна паказвалі, як гучыць той ці іншы інструмент. Былі моманты, калі дэманстрацыя ператваралася ў міні-канцэрт – надта ж арганічна спалучыліся, напрыклад, перуанскі кахон і аўстралійскі дзіджэрыду. Не засталіся па-за ўвагай індыйскія сітар і табла, сакуашы, вядомы сваім гучаннем па японскіх фільмах, знакамітыя іспанскія кастаньеты. Ды што казаць пра экзотыку, калі нават еўрапейскую колавую ліру многім ніколі раней бачыць не даводзілася. Шкада толькі, што экспазіцыя не стала даступнай для шырокай публікі – усе інструменты сабралі, як толькі адукацыйнае начальства зашло ў канцэртную залу.
Ігар Рубацкі расказаў “БК”, што філармонія і надалей думае працягваць праводзіць у сваіх сценах розныя выставы, прычым не абавязкова датычныя музыкі. Што ж да самога “круглага стала”, дырэктар філармоніі пракаментаваў, што сустрэчу з адукатарамі можна лічыць плённай. “Дзесьці ёсць паразуменне, дзесьці застаюцца праблемы. Але зацікаўленасць бакоў у супрацоўніцтве адчуваецца”, — зазначае Ігар Рубацкі.
Брэсцкая абласная філармонія адкрылася, пасля доўгай рэстаўрацыі, у пачатку гэтага года. Дзесяцігоддзі зачыненых дзвярэй даюцца ў знакі новаму начальству, якому прыходзіцца фактычна занава прывучаць публіку да гэтага асяродку культуры.
Ответить