Гэтым разам Віктар Шалкевіч, беларускі актор, бард і пісьменнік, прывёз новую кніжку і новыя аранжыроўкі песень. Некаторыя з іх такія самыя хуліганістыя, як і ранейшыя, з найбольш адборных, але сцены царквы былі да такога падрыхтаваныя, – іх гаспадар Ігар Кандрацьеў не чужы экстравагантнасці і лічыць сябе “даўнім сябрам” гарэзлівага шоўмэна.
Заўважу, што ў новых песнях пераважала збольшага сентыментальная баладнасць, так любімая знаўцамі творчасці гродзенскага самародка. Але выканаўцам зонгаў робіць Шалкевіча менавіта пасма ламаючых стэрэатыпы жартаўліва-задзірастых шлягераў з тонкай амаль нецэнзуршчынай. Пагражаюць стаць народнымі, бо ўжо разыйшліся на ўрыўкавае цытаванне новыя зонгі кшталту “Песні пра шчаслівага бамжа” або песні “ЦНОТА”, якая хутчэй заслугоўвае на назоў “Танго непатрыятычных самадаек”.
Пісьменнік Віктар Шалкевіч прэзентаваў на канцэрце сваю трэцюю ўжо кніжку, зборнік апавяданняў “МЯСТЭЧКА G І ВАКОЛІЦЫ”. Чытаннем шоўмэн перамяжаў свае песні і рабіў гэта з бляскам спанатранага актора. Асабліва цёпла ўспрыняла публіка жыццяпіс караля Стэфана Батуры, які, як здагадваюся, быў ключыкам да сэрца пасла Швецыі Стэфана Эрыксана, каторы дапамог выдаць кніжку.
Шалкевіч-шоўмэн надта спрыяе Шалкевічу-пісьменніку: ягоныя кніжкі разыходзяцца ў кнігарнях, як гарачыя піражкі – пры належнай рэкламе, дзе яны ляжаць. У Брэсце іх, праўда, не заўважна было. Хіба цяпер з’явяцца.
Зачарпнула кніжка і песеннага жанру. Апошнім абразком тэкстаў пра мястэчка G сталася феерычна-фарсавая дзея-кабарэ “Забава”, некалькі песень з якой ужо гучалі ў колішнім калектыўным “атамніку” беларускіх музыкаў, “Народным альбоме”.
І ўжо нават не крыўдна, што напрыканцы Шалкевіч паказаў нам, берасцейцам, носа – распавёў пра тое. што яго роднае мястэчка Поразава Гродзенскай вобласці, як і Берасце, мела ў Сярэднявеччы Магдэбургскае права і плаціла столькі сама падаткаў каралю, колькі і мы. Бо седзячы на яго канцэрце, пачынаеш разам з ім блазнаваць, сумаваць і быць правідцам ужо з пятай хвіліны.
Добры сродак ад папсы, заўважу. Сачыце за рэкламай прыезду, рэцэпты вам дадуць у касе. А можа, і проста паедзьце куды-небудзь адмыслова “на Шалкевіча”. Бо гэта наш хадзячы Парыж. Пабачыць і памерці. Ад перазарадкі энергіяй, ад смеху, ад сусветнай нейкай тугі – гэта ўжо хто на што менш адпорны.
Фота1,2 аўтара. Віктар Шалкевіч спявае зонгі і падпісвае кніжкі.
Ответить