Прычым ажыўленне ў халодныя сцены казармы – трэці па ліку форум ArchEvolution адбываўся ў самым сэрцы праблемнага “аб’екта” – уносіла не толькі шумная прысутнасць 60-70 маладых людзей. На жывое прэтэндавала і тое, што яны стваралі. Дзевяць груп студэнтаў-архітэктараў пад кіраўніцтвам прафесійных цьютараў імкнуліся выпрацаваць сваё бачанне Брэсцкай крэпасці. І многія ідэі цалкам рэалістычныя.
Калі казаць, чаго хочуць маладыя архітэктары, абагульнена, то маем іх выразнае жаданне захаваць мемарыял, на Тэрэспальскім умацаванні мець інтэрнацыянальную зону, на паўднёвай частцы – дзікі парк, а на Кобрынскім умацаванні – зону культурна-адукацыйную. Углыбляючыся ў канкрэтныя праекты, знойдзем на тэрыторыі крэпасці і заапарк, і бібліятэку габрэйскіх камянёў-надмагілляў, і порт для дырыжабляў, і нават струнны транспарт.
Усе групы ўлічылі, што крэпасць – гэта, уласна кажучы, не толькі крэпасць, але і пахаваны пад ёй горад. Хтосьці нагадваў пра гэта ідэяй узнавіць старыя будынкі з дапамогай галаграм, хтосьці гатовы хоць зараз ажыўляць парэшткі руін рознымі простымі ў выкананні нечаканасцямі тыпу прымацавання да раслін унутры іх зіхоткай плёнкі, якая б прываблівала мінакоў. Стараліся, стараліся маладыя людзі знайсці баланс паміж мілітарызмам, які ёсць, і эстэтыкай старога месца, якая знікла. Але на мінулым яны не спыняюцца і ў адзін голас гавораць: крэпасць мусіць быць не толькі зноў цэнтрам горада, але і цэнтрам агульнаеўрапейскага ўзроўню. Таму і не фігуруе ў некаторых праектах, асабліва інтэрнацыянальных, дзяржаўная мяжа як такая. “Мы аналізуем тысячагадовую гісторыю Брэста. На гэтым фоне цяперашняя мяжа выглядае такім малым і неістотным эпізодам, што мы яго проста адкінулі. Усё роўна калі-небудзь гэта будзе адна прастора”, — гаворыць цьютар адной з каманд Вера Сысоева, дацэнт БНТУ.
Лёгка студэнтам не прыйшлося. Усяго за тыдзень, няхай і маючы некаторую падрыхтоўку праз дамашнняе заданне, яны мусілі даць канкрэтны адказ на няпростае пытанне. Паралельна з імі гэты адказ вынаходзяць многія вопытныя архітэктары, ангажаваныя ў амбіцыйны праект “Брэст-2019”, і часу ў іх нашмат больш. Дарэчы, праграма форуму і праграма аднаго з семінараў праекта наўмысна супалі ў дзень прэзентацыі работы воркшопаў, і ў гэтым бачыцца зацікаўленасць адмыслоўцаў у моладзевых прапановах.
Аднак архітэктурны форум – гэта не толькі нефармальнае навучанне. Гэта яшчэ і выдатная пляцоўка для студэнтаў старэйшых курсаў паспрабаваць сябе ў ролі сапраўднага арганізатара. Таму што ўніверсітэт, як бы дзіўна гэта ні выглядала для беларускай рэальнасці, сапраўды не ўмешваўся ў бурную дзейнасць сваіх студэнтаў. Усю працу ад выбару тэмы да пошуку спонсараў і аплаты пражывання ўдзельнікаў у сваім жа ўнівераўскім інтэрнаце яны валачылі выключна самі. “Універсітэт не перашкаджаў, але і не дапамагаў”, — гавораць студэнты.
Не сказаць, каб арганізацыя атрымалася надта гладкай. Часам не прадумваліся элементарныя рэчы, за што прыходзілася плаціць у лепшым выпадку збітай з рэек праграмай. Аднак і выснова з гэтага была зроблена адпаведная: “Наступны раз мы не будзем траціць так шмат часу на пошук нейкіх сэнсаў, а будзем думаць над канкрэтнымі рэчамі, — рэфлексуе Аляксей Заноўскі. – Будзем дакладна разбіваць абавязкі, каб не было так, як цяпер: нейкія рэчы робяцца двума чалавекамі адначасова, а нешта ўпускаецца зусім, таму што ўсе думаюць, што нехта гэта робіць. У нас атрымалася сапраўдная эвалюцыя. Калі нам дадуць магчымасць правесці такі форум яшчэ раз, мы зробім яго лепш”.
Каб быць справядлівымі, зазначым, што цяжкасці ў арганізацыі выклікалі не толькі суб’ектыўныя прычыны. Студэнты на ўласнай скуры адчулі, як нялёгка пры цяперашнім стане інфраструктуры рабіць крэпасць цэнтрам горада. “Нават тое, што няма з “Усходу” прамога аўтобуса сюды, — стварала вялізныя праблемы, — зазначае Аляксей Заноўскі. Яму, як і некаторым іншым арганізатарам, недахоп транспарту часта даводзілася кампенсаваць уласнай машынай.
Калі ж не ўдавацца ў гэтыя важныя, але ўсё ж дробязі, варта ацаніць сам факт правядзення форума, які, як і два папярэдніх, застаецца незалежнай пляцоўкай для стварэння смелых ідэй і камунікацыі. Сёлета ён стаў таксама месцам для крэатыўнай выставы аднаго дня “Эвалюцыя” ад творчай групоўкі “Неонавая галава” з Мінска.
Менавіта пра такую адкрытую, але пастаянную платформу ў крэпасці і марыць берасцейская моладзь.
Iна ХОМIЧ
Ответить