Ці па супадзенні, ці па задуме арганізатараў у дзявятым фестывалі паўдзельнілі дзевяць тэатраў – тыя, хто прайшоў конкурсны адбор. Ім давялося выступаць на самай што ні на ёсць сапраўднай тэатральнай сцэне, паколькі фестываль у гэтым годзе гасцяваў у драматычным тэатры. Усяго ж, як паведамляе каардынатар праграмы “Непратаптаны шлях” Алена Трацюк, было пададзена 25 заявак.
Традыцыйна выступленне кожнага асобага тэатра адкрыта не ацэньвалася. Замест журы на фестывалі працуе кансультацыйны савет, які пасля прагляду ўсіх пастановак дае рэкамендацыі рэжысёрам. У савет уваходзяць тэатразнаўцы, псіхолагі і арганізатары падобных фестываляў у іншых краінах.
Тым не менш некаторыя ацэнкі кансультацыйны савет усё ж паставіў, што выявілася ў атрыманых асобнымі калектывамі намінацыях. Польскі калектыў музычных пастановак “Usmiech” атрымаў дыплом у намінацыі “Тэрапеўтычны эфект”. Цяжка сказаць пэўна, на каго менавіта – гледачоў ці ўдзельнікаў – больш распаўсюджваецца згаданы ў намінацыі эфект, але што кіраўнічка тэатра Крысціна Кшэмінска змагла паставіць з асаблівымі людзьмі паўнацэнны сюжэтны танец, гэта несумненна.
Не дарма прыехаў у Брэст тэатр “Радость моя” з Рэспублікі Комі. Члены савета найперш ацанілі дыкцыю актораў, за якой прасочваецца агромністая праца рэжысёра Марыны Афанасенка. Калектыў павязе дадому дыплом у намінацыі “Жывое слова”. Падобную намінацыю – “Жывы гук” – атрымала і берасцейская “Жалейка”, якая існуе пры дапаможнай школе пад кіраўніцтвам Анастасіі Дзядзішчавай. Яшчэ дзве намінацыі фестывалю размеркаваліся паміж украінскімі “Паростками” (“Музычная драматургія”) і “Фантазёрамі” з пасёлка Югалін Івацэвіцкага раёна (“Лепшае мастацкае афармленне спектакля”). Кіраўнікамі тэатраў адпаведна з’яўляюцца Віталь Любота і Інга Грышчук.
У першы дзень фестывалю падумалася, што ён усё менш адпавядае сваёй назве: за дзевяць год пратаптаўся калі не шлях, то добрая сцяжына ў рэабілітацыі і сацыялізацыі людзей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Але ў другі дзень я сядзела каля праходу і пабачыла, як праблемна ўздымацца на сцэну і проста знаходзіцца ў тэатры тым жа інвалідам-калясачнікам. Усё-такі таптаць нам гэты шлях яшчэ ды таптаць.
Ответить