Свята ладзілася грамадскім аб’яднаннем аматараў мастацтваў “Тур”, Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтрам і Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, але “абрамлена” больш масіўна, бо з’яўляецца часткай праекту “Вёска, якая не павінна знікнуць”, што падтрыманы нямецкім фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” і выконваецца ў супрацы з міжнароднай грамадскай арганізацыяй “Узаемаразуменне”. Такой вёскай у суботу былі Малыя Сяхновічы (30 жыхароў).
Разагрэць фэст выйшлі дзве маладыя настаўніцы Жабінкаўскай музычнай школы – і пакінулі добрае ўражанне. Тонусна станьчыў і фальклорны дзявочы гурт “Тоніка”. Потым здзівілі мешанінай польскай і палескай мовы (маю наўвазе канферанс) закардонныя, воляй Сталіна, беларусы з Бельска-Падляшскага — гурт “Жэмэрва”. Галасы маюць, аднак неблагія і волю да самадзейных канцэртаванняў, таму і жаданыя тут госці.
Гурт з літоўскага Марыямпаля “Дзямедзіс” быў найбольш шматлюдны і найбольш…вальяжны, ці як. З інструментаў дзве скрыпкі ў жанчын, змушаючы да павагі памерамі кантрабас спадара сярэдняга веку, нейкі самабытны духавы інструмент яшчэ аднаго ўдзельніка… Зместам такой прывабнай формы былі добрая ігра і суладныя спевы, а потым фасонныя, выкшталцоныя такія народныя танцы. Пасля такога высокага класу расіянам з Бранскай вобласці давялося няпроста. Сустракалі, як водзіцца, па вопратцы. Як сваіх, у літаральным сэнсе, бо яна ж, фактычна, беларуская: вышыванкі з арнаментам, які нельга зблытаць з другім, суладнасць белага колеру ільнянога адзення і чырвонай вышыўкі… Вось толькі наконт лапцяў з ліпавага лыка з верхавымі мацаваннямі пад калена не пэўны. Кіраўнік гурта заводзіў публіку, націскаючы на праваслаўе: шмат разоў прагалошваў напачатку “Христос Воскресе”, а напрыканцы ўзнёс “многие лета” кожнаму з калектываў-удзельнікаў і асобна арганізатарцы Ларысе Быцко.
Свята доўжылася каля дзвюх гадзін. Камароў і мошак хутка выбілі, — той, які хацеў перарваць песню, быў няйначай падскробкам. Мясцовыя ўлады пастараліся: залілі смалой і засыпалі шчэбенем дзіркі ў асфальце на двухсотметроўцы ад галоўнай дарогі да музея і фестываль знялі дакументалісты (так што змогуць яго пабачыць і іншыя).
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
0 комментариев
Anonymous User
25.05.2013 в 18:10вопрос
25.05.2013 в 18:10Тонусна станьчыў і фальклорны дзявочы гурт “Тоніка”.
Автор ничего не перепутал? Жабинковская «Тоника» это всего лишь два человека, но даже им с цимбалами и аккордеоном трудно будет «тонусна таньчыць».