Здаем, атрымліваецца, пазіцыі ў параўнанні з першай біенале, дзе наш суайчыннік Раман Сустаў узяў трэці прыз. Але, шчыра кажучы, пра вынікі мы гаворым хутчэй да слова, бо ёсць у кантэксце гэтай падзеі нешта больш важнае за перамогу асобных мастакоў.
“Беларусь з’явілася на экслібрыснай карце свету і ўсё больш зацвярджаецца на ёй”, — гаворыць член журы, калекцыянер і графік з Ізраіля Леанід Курыс. Гэта ён пра тое, што само правядзенне міжнароднага форуму прымусіла мастакоў з усяго свету прыглядзецца да невялікай краіны ў цэнтры Еўропы. Яму ў тон гаворыць і старшыня журы, графік і арганізатар першакласных біенале ў Санкт-Пецярбургу Алег Яхнін: “Вы ведаеце, у Пецярбургу ўсё часцей пачалі называць слова “Брэст”. Такія падзеі – вялікі плюс гораду”.
Гэтага і дабіваўся куратар і аўтар праекта Аляксандр Грыгор’еў, якога многія ў нас ведаюць як выдатнага мастака і амбітнага чалавека. Задачу ён паставіў перад сабой адпаведную – зрабіць Брэст своеасаблівай беларускай сталіцай малых форм графікі і экслібрысу. І калі меркаваць па тым, што нідзе больш у краіне падобных выстаў не адбываецца, то яму гэта ўдалося.
Была ў Грыгор’ева і яшчэ адна мэта: “Мы, графікі і калекцыянеры, вельмі раз’яднаныя, у нас няма клуба, дзе мы маглі б сустракацца. Гэтая выстава разлічана на тое, што час ад часу мы ўсё ж будзем збірацца ў адным месцы”. Думку пра адсутнасць клуба паглыбляе гістарычнай перспектывай мінскі графік Генадзь Грак, які расказвае, што клуб аматараў экслібрысу і малых форм графікі за савецкімі часамі ў Беларусі ўсё ж быў, але пасля развалу СССР кануў у Лету, і нічога на яго месцы не вырасла. Сам Грак імкнуўся на манер Грыгор’ева арганізаваць міжнародны форум у сталіцы, але мінскі бізнэс, на які ён разлічваў, у падтрымцы мастацтва аказаўся не зацікаўленым.
З гэтай нагоды мінчанін захапляецца Уладзімірам Мікулікам, на грошы якога завяршалі правядзенне першай біенале і цалкам праводзяць другую. А яго прадстаўніца Надзея Угляніца, што выконвае абавязкі генеральнага дырэктара ТАА “Інвест-М”, і ўвогуле абяцае, што дзвюма выставамі справа не закончыцца. “Перад намі стаяла складаная задача вырашыць, ці даць жыццё традыцыі праводзіць тут рэгулярныя выставы экслібрысу. Пагутарыўшы з членамі журы, я для сябе вырашыла, што трэба працягваць, і мы абмяркуем гэта з уладальнікам гатэлю. Яшчэ да верасня мы аб’явім конкурс на тэму для новай біенале. Хто стане пераможцам, таму і прапануем кіраваць выставай”. Што ж тычыцца конкурсных работ першай і другой біенале малых форм графікі і экслібрысу, то яны знаходзяцца ва ўласнасці гатэля “Эрмітаж”, і пра іх далейшы лёс Угляніца гаворыць даволі пэўна. Усе яны будуць і далей захоўвацца ў Брэсце для перыядычных паказаў, але адначасова з тым стануць пастаянна даступнымі на сайце гатэля.
Дарэчы, польскі калекцыянер Мечыслаў Белень, які таксама прысутнічаў у журы на падвядзенні вынікаў біенале, выказаў упэўненасць, што і месца правядзення выставачных мерапрыемстваў выбрана вельмі правільна з іміджавага пункту гледжання: “Звычайна выставы праводзяцца ў музеі, але да музеяў мала людзей даходзіць. А тут (у гатэлі. – Аўт.) увесь час публіка ёсць. Прычым публіка замежная і багатая. Вельмі важна, з якімі ўражаннямі яна пакідае горад”. Мечыслаў Белень жа мае не толькі вялікі вопыт удзелу ў працы міжнародных выстаў – на працягу доўгіх год ён працаваў у турыстычным бюро і ведае патрэбы замежных наведвальнікаў.
Цяпер, калі журы вызначылася з пераможцамі, застаецца чакаць верасня, калі адкрыецца сама выстава. Тады і пройдзе цырымонія ўзнагароджання 34 намінантаў, 10 медалісттаў і трох уласнікаў грашовых прэмій у 1000, 800 і 500 даляраў у залежнасці ад месца. Усе мастакі, канешне, не прыедуць, але адкрыццё выставы ўсё роўна чакаецца як прадстаўнічае, а сама падзея – важная для Брэста.
Пакуль жа можна наведаць выставу экслібрысаў з калекцыі аднаго з членаў журы Леаніда Курыса, якая пачала працаваць з 26 мая. Гэта 93 работы, выкананыя ў тэхніцы ксілаграфіі і гравюры на пластыцы і аб’яднаныя пад назвай “Ізраіль”. Паглядзець на іх можна ў выставачнай зале гатэля “Эрмітаж” цягам тыдня, да 2 чэрвеня ўключна.
Ответить