Арганізатары сустречы прапанавалі звярнуць увагу на гісторыю старажытнага Берасця, пра якую мы ведаем няшмат. Студэнты маглі выказваць свае ідэі па развiцці іміджу горада.
У сценах універсітэта прагучала шмат цікавых ідэй: распрацоўка лагатыпа старажытнага Берасця; фальклорны фестываль; стварэнне сацыяльнай рэкламы, арыентаванай на аўтэнтыку; перапрацоўка фальклорных матываў пад фармат дыскатэкі.
Арганізатары імкнуліся зацікавіць новых людзей і знайсці аднадумцаў сярод студэнтаў. «Усе жадаючыя могуць дапамагчы ў развіцці праекта, — лічаць аўтары ініцыятывы. – Можаце звяртацца на нашу старонку ў кантакце — http://vk.com/beraste».
Юры САЛЬНІКАЎ, аспірант, выкладчык кафедры сацыяльнай працы БрДУ імя А.С.Пушкіна, арганізатар “Творчай майстэрні “Берасце Millenium”:
— Дадзены семінар — толькі пачатак творчай майстэрні. Праца будзе весціся сама меней усё лета, а калі цікавасць да тэмы будзе вялікая, то гэты праект можна зрабіць доўгатэрміновым. Да сябе мы запрашаем не толькі студэнтаў і творчую моладзь горада, але і больш сталых спецыялістаў, якія могуць падзяліцца досведам з маладым пакаленнем.
Гэтая сустрэча была першай у акадэмічным фармаце. Раней я часта сустракаўся з людзьмі, якім была цікавай тэма гісторыі і культуры горада. Падчас адной з такіх гутарак і з’явілася ідэя зрабіць нашыя дыскусіі больш публічнымі, далучыць іншых зацікаўленых асобаў.
Мяне парадавала, што цікавасць да роднага горада з боку моладзі вялікая. На семінар прыйшлі не толькі студэнты нашага ўніверсітэта, але і іншыя людзі: мастакі, рэканструктары, архітэктары.
Віктар КЛІМУС, грамадскі актывіст, культуролаг, суарганізатар творчай майстэрні:
— Зусім ужо хутка, па мерках горада, Брэст будзе адзначаць свой Міленіум. І гэта вельмі добрая нагода, каб яшчэ раз успомніць – чым жыў наш горад гэтыя 10 стагоддзяў, чаго дасягнулі нашыя продкі, што стваралі мясцовыя майстры, якую ролю адыгрываў Брэст у гісторыі сваёй, ды і не толькі сваёй, краіны.
Так атрымліваецца, што шмат чаго з берасцейскай спадчыны застаецца ў ценю, безліч усяго страчана, шмат што забытае. Задача творчай майстэрні – па максімуму адрадзіць усе гістарычныя і культурныя здабыткі нашых продкаў у памяці сучаснікаў, асабліва моладзі. Кожны школьнік мусіць ведаць, які беларускі горад раней за ўсіх атрымаў Магдэбургскае права, дзе месцілася самая першая ў Беларусі друкарня, якія манеты чаканіў берасцейскі манетны двор, дзе знайшлі адны з самых старажытных на ўсходнеславянскіх землях прыклады пісьменства. У нашых планах стварэнне візуальных вобразаў, заснаваных на культурных і археалагічных артэфактах Берасця, стварэнне серыі гістарычных аўдыёзамалёвак, распрацоўка сувенірнай прадукцыі, правядзенне сацыялагічнага апытання сярод жыхароў і шмат іншых мерапрыемстваў на тэму гісторыі Берасця. Таксама мы будзем намагацца стварыць камунікацыйную пляцоўку, для таго каб ідэі і веды пра Берасце заўжды маглі знайсці аўдыторыю і падтрымку аднадумцаў. І каб усе добрыя задумы энтузіястаў былі рэалізаваныя на карысць нашага роднага горада.
Ответить