Спачатку нам пашчасціла пазнаёміцца бліжэй з незвычайным талентам Вольгі Баборынай: яна майстар па выцінанцы. Нават скажу больш: гэтая дзяўчына адзіная ў Беларусі мае такое ганаровае званне. Нарадзілася яна ў Маладзечне, скончыла там мастацкую школу, потым навучалася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на мастацкім аддзяленні. Творчы чалавек заўжды знойдзе свой шлях для самарэалізацыі. Вольга праявіла свой запал у выцінанцы. Першы раз яна даведалася пра гэты від мастацтва, калі ёй было 12 гадоў. Бабуля Вольгі вельмі шмат чаго цікавага расказвала сваёй унучцы пра выцінанку: яе прызначэнне, ролю і каштоўнасць для нашага народа. Выцінанкі былі і цацкамі для дзетак, своеасаблівым тэатрам на вокнах, і ўпрыгожаннем жытла. Вольга на нашых вачах з ліста паперы зрабіла невялікага мядзведзіка. Адразу відаць напрактыкаваную руку майстра. Аказваецца, зрабіць шыкоўную выцінанку можна як пры дапамозе нажніц, нажа, прабойніка, так і проста рукамі.
На мой погляд, Вольга заслугоўвае вялікай павагі, бо калі яна прадставіла нам свае ілюстрацыі да Дэкларацыі правоў чалавека, мы былі проста ў захапленні. Як чалавек змог праявіць такую фантазію, знайсці столькі часу, каб стварыць падобныя шэдэўры, ды яшчэ фарматам А3. Асабліва мяне ўразілі ілюстрацыі да такіх важных раздзелаў як “Забарона рабства”, “Права на асабістае жыццё”, “Права на працу”. Гледзячы на іх, адчуваеш: усё-такі свабода чалавека – гэта самае салодкае і значнае пачуццё. Вольга стварыла такія парыгінальныя выявы, што яны маланкай ўразаюцца ў памяць назаўжды.
Дзяўчына зачаравала нас сваёй творчасцю, сваёй прыгожай беларускай мовай. Яна выказала адну вельмі мудрую думку: “Мастацтва не павінна быць музейным”. Сапраўды, выцінанка вельмі прыгожая рэч, а яшчэ і вельмі актуальная. Вольга знайшла ёй прызначэнне пры вырабе магніцікаў, завушніц, сувеніраў. Гэта арыгінальна, стыльна і прывабліва.
Затым нашу сустрэчу дапоўніла сваім пазітыўным настроем Таццяна Беланогая. Дзяўчаты аказаліся зямлячкамі. І вельмі цікава, што нарадзўшыся ў адной вёсцы, жывучы зараз у адным горадзе (Мінску), пазнаёміліся яны ў Любліне, на мастацкім фестывалі. Таццяна — вельмі таленавітая спявачка. Па-майстэрску іграе на гітары, піша песні на свае ўласныя вершы. Яна выпусціла ўжо чатыры альбомы, зараз рыхтуе пяты. Расказала, што ня лёгка было пачынаць, але ж чалавек даб’ецца ўсяго, калі будзе моцна гэтага жадаць. Першая песня, якая разлілася па Калеснікаўскім цэнтры, — “Музыка” — стварыла вельмі гарманічную атмасферу. І сапраўды, голас ў Таццяны такі мілагучны, прыемны, што хочацца яе слухаць і слухаць. Яна вельмі захапляецца творчасцю Яўгеніі Янішчыц. І гэта было відаць па ззянні ў вачах, калі спявала песні на вершы паэткі.
Дзяўчаты сапраўды падалі нам добры прыклад жыццялюбства, прыгажосці і любові. Любові да сваёй працы і мэты.
Талент! Што можна яшчэ сказаць? Як добра, што і ў нашым новым стагоддзі ёсць людзі, якія зберагаюць традыцыі, паважаюць іх і праслаўляюць. А гэта сапраўды патрэбна. Нельга забываць свае вытокі. Бо ж гэта нашы асаблівасці, нашае – беларускае!
Алина Паўлюкавец, студэнтка 1 курса БрДУ імя А.С.Пушкіна
Ответить