А ў Брэсце?
У нас у Брэсце летась здарыўся вялікі прагрэс – таксама адлінеілі на карысць раварыстаў частку тратуара ад 6-га мікрараёна да цэнтра і нават абагналі Мінск, зрабіўшы з’езды з бардзюраў. Але пасля зімы з’езды гэтыя там-сям зніклі, тратуары ўслед за праезнай часткай пакрыліся ямамі, а на пачатку трышынскіх новабудоўляў наогул разбураныя.
З думкамі, а як жа нам ездзіць на веліках, наведаў аддзел эксплуатацыі дарог абласной дзяржаўтаінспекцыі.
Дзяржаўтаінспекцыя ў ролі прагрэсістаў
Падпалкоўнік Павел Верамчук, сам перакананы раварыст, сказаў, што працы па веладарожках цяпер не вядуцца, таму што “ўсе рэсурсы адпаведных дарожных арганізацый скіраваныя на ямачны рамонт дарог”. Аднак з чэрвеня ДАІ мяркуе панукаць дарожнікаў да належнага ўтрымання таго, што ёсць. Прынамсі, мяркуюць паправіць з’езды, для чаго патрабуецца асфальт з іншымі, чым у звычайнага дарожнага, інгрэдыентамі, вырабіць які можна, толькі памяняўшы наладкі спецтэхнікі. Таксама “абавяжуць выправіць недахопы веладарожак па вуліцы Рабцава, з-за чаго акт прыёмкі не быў падпісаны. Часцей за ўсё, там занадта высокія (перавышаюць4 см) з’езды”.
Чакаецца (з лютага, што здзіўляе) адказ гарвыканкама на прапановы па выпраўленні цяжкай сітуацыі з арганізацыяй веласіпеднага руху ў цэнтры горада, сказаў Павел Сяргеевіч. Прапановы былі сфармуляваныя клубам “Кола-бок” і пракаментаваныя адмыслоўцамі дзяржаўтаінспекцыі. Яны на трох старонках, дастаткова рэвалюцыйныя, але “мяркуючы па маўчанні адказных спецыялістаў гарвыканкама”…
Пра тое, як прывучаць пешаходаў не таптацца не па сваім, падпалкоўнік Верамчук сказаў, што галоўная праблема пакуль у іншым: каб дзеці не бегалі цераз праезную частку, не казаць ужо пра веладарожкі. Але нешта рабіць трэба, у тым ліку, магчыма, і прымаць меры прынукі да недысцыплінаваных пешаходаў. “Штраф за хаду па веладарожцы цалкам у рэчышчы ПДД”.
Не будзе ні кіна, ні камунізму, ні рэвалюцыі з веладарожкамі
Каб канчаткова ўпэўніцца ў тым, што рэвалюцыі з веладарожкамі не будзе, і ўведаць пра прычыны, наведаўся ў гарвыканкам.
У аддзеле па працы са зваротамі грамадзянаў мяне запэўнілі, што “адказ на зварот клуба “Кола-бок” быў дадзены даўно, і ва ўстаноўлены тэрмін. Які? Гэта ведаюць у аддзеле аддзеле фізкультуры і спорту”.
Вядучы спецыяліст азначанага аддзела Мікалай Шайко апынуўся прыемным адкрыццём. А як жа – адзіны чыноўнік гарвыканкама, які ездзіць на ровары! “Большую частку адказу фармуляваў аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва, – сказаў Мікалай Іванавіч. – Паколькі на рэалізацыю прапаноў велаклуба няма грошай, то мы спрабавалі хоць неяк канцэптуальна выкруціцца і падрыхтавалі на прызначаную старшынёй гарвыканкама нараду прапанову памалу злучаць тыя астравы велаінфраструктуры, якія ў нас ёсць. Скажам, Вяслярны канал з вуліцай Рабцава праз цэнтр – каб з мінімальнымі выдаткамі… Скажам, у цэнтры зрэзаць бардзюры ў месцы з’ездаў, разлінеіць фарбай тратуары. Але на рамонт таксама трэба закладваць нейкія грошы. А гэтага ЖЭСы рабіць не хочуць…”
Падумаўшы, калега-раварыст дадаў, што аб’ездзіў практычна ўвесь горад і ведае такое: “Ёсць наогул “бясхозныя” дарожкі – не перададзеныя на баланс нікому. А калі так – за іх жа ніхто не адказвае. Ёсць мясціны, пазначаныя як веладарожкі – але калі я, спанатраны веласіпедыст, ехаў там, то разумеў: не прывядзі Бог нехта з малымі навыкамі купіцца на інфармацыю– ён шыю там зломіць”. І на развітанне ўжо паведаміў, што “нарады ў старшыні гарвыканкама, запланаванай на сакавік, так і не было, нібыта. Галоўны архітэктар быў адсутны. Хварэў, ці што?”
“Была нарада, і ёсць рашэнне, – не пагадзіўся галоўны архітэктар Алег Ляшук. – Іншая справа, што я быў у адпачынку.” Далей Алег Васільевіч пацвердзіў: на планы велаклубаў, а гэта, калі казаць пра самае галоўнае, ні многа ні мала сем веламаршрутаў ва ўсе бакі свету, раварызацыя цэнтра горада, – на гэта банальна няма грошай. “Усталяванне веладарожак можа быць выканана толькі ў межах фінансавых магчымасцяў, а яны такія, якія яны ёсць”.
Ды ўжо не сляпыя, і так бачым: пасля зімы асноўныя вуліцы — як пасля бамбёжкі. Замасцілі два кіламетры суцэльнага палатна дарогі тут, кіламетр там – і зноў асфальтаўкладчыкі з’ехалі дзесь у камандзіроўку па-за Брэст. Выйшлі грошы? Але траву ўздоўж дарог чамусьці косяць, мабыць, па трэцім разе ўжо. Хочуць, каб газон быў, як у Англіі? Дык у Англіі спачатку зрабілі б дарогі. Таму што там крытычная глыбіня ямак3 см – аўтаматычна выйграеш у судзе грошы на рэмонт пры паломцы. А ў нас глыбейшых за 4 сантыметры безліч, і ёсць упэўненасць, што застануцца да зімы. І ў суды не чуў, каб грамадзяне падавалі, як у Англіі, хоць фатаграфаваў ужо на дарозе і спружыны ламаныя, і рысоры, і глушыцелі… Мабыць, не вераць, што выйграюць, і абмяжоўваюцца бухценнем у Інтэрнэце. У такой сітуацыі міжволі думаецца, што веладарожкі выглядаюць пірам падчас чумы.
Так што будуем дарожкі, як колісь светлы камунізм. Будзе-будзе-будзе… Праз год. Не, гэта валюнтарызм. Праз пяць. Не, да 1000-годдзя, і з краёў. Каб ездзіць на дачы… Між тым, пераможаныя так даўно немцы… Ну, далей вы самі ведаеце.
Яўген БЯЛАСІН
Ответить