300-старонкавы вялікафарматны том вагой паўтара кілаграмы носіць назоў “Паміж Напалеонам і Аляксандрам” і мае падзагаловак “Беларусь у вайне 1812 года”. Праца ўражвае добрай паліграфіяй, мноствам якасных фота і ілюстрацый, больш чым тысячай трымастамі бібліяграфічнымі спасылкамі, з якіх каля чатырох соцень — на замежных мовах. Ведаючы салідны наробак аўтара, я вырашыў прадставіць працу чытачу праз такую форму, як інтэрв’ю.
— Якая па ліку гэтая Ваша кніга?
— Сам здзіўляюся, як гэта ў мяне атрымліваецца, але за апошнія 10–11 гадоў гэта ўжо восьмая мая манаграфія вялікага фармату. Кожныя паўтара гады выдаю па адным фаліянце (смяецца).
— Чым, па-Вашаму, гэтая кніга вылучаецца сярод кніг іншых аўтараў? Чаму яе варта пачытаць, а можа, нават залучыць у сваю бібліятэку?
— Упершыню ў кнізе вялікага фармату сфармулявана гістарычная пазіцыя дзеля беларускага народа і як было насамрэч. Раней гэтая вайна называлася Айчыннай — з пункту гледжання расійскай гісторыяграфіі. А між тым ваявалі метраполіі. Беларусы (нас тады называлі ліцвінамі) ваявалі і за тых, і за другіх. Акрамя таго, Напалеон (можа, і з пазіцыі сваёй выгады) быў бліжэй да вяртання нашай дзяржаўнасці. Як палітык ён быў мацнейшым за Аляксандра. Хай сабе і ва ўрэзаным выглядзе, але першым сваім загадам Напалеон аднавіў Вялікае Княства Літоўскае, пакінуўшы Магілёўскую і Віцебскую губерніі для гандлю з Аляксандрам. А расійскі цар, ужо пасля вайны, не пайшоў на прапановы Адама Ежы Чартарыйскага і Міхала Клеафаса Агінскага аб аднаўленні ВКЛ.
Акрамя таго, у кнізе шмат матэрыялаў, якія я сам назбіраў падчас працы ў замежных архівах. Ездзіў, у асноўным, за свае грошы. Сядаеш у аўтобус да Парыжа — і праз ноч за працай. У Францыі 33 музеі, якія прысвечаны Напалеону. Я працаваў, у асноўным, у Ансамблі Інвалідаў — шматпавярховым музеі гісторыі французскага ваярства. Быў таксама ў Швейцарыі, Аўстрыі. Надта паспрыялі беларускія амбасады, у тым ліку перакладамі, бо мае веды замежных моў аказаліся занадта малымі.
— Якія былі цяжкасці пры працы?
— Пры такой працы без цяжкасцяў не бывае. Часу мала, каб такі агромністы матэрыял перавярнуць… Навуковы свет не ўвесь падтрымлівае мой пункт гледжання. Цяжка пераадолець інерцыю, бо напісана пра гэтыя падзеі мора літаратуры.
Вы ж паглядзіце, як трактуецца кампанія 1812 года ў Францыі. Там Напалеон — вялікі чалавек. Ні адной бітвы не прайграў ён Расіі, кажуць французскія гісторыкі. І разам з тым, паход на Маскву падаецца малазначным эпізодам у ягонай біяграфіі. У тым самым Ансамблі Інвалідаў экспедыцыі ў Расію прысвечаны адзін малы пакойчык: заняў Маскву, вярнуўся. Так, пакінуў там 600-тысячнае войска, але ў Парыжы яго ўжо чакалі 400 тысяч — новая армія.
— Кніга пэўны час з’яўляецца аб’ектам увагі чытачоў. Цікавіць рэакцыя на яе з боку адмыслоўцаў: ці былі крытычныя заўвагі, на якія нельга не абаперціся пры перавыданні ці наогул “несумяшчальныя з жыццём”?
— Асабліва крытычных заўваг пакуль не было. Наадварот – навукоўцы даюць станоўчую рэцэнзію на яе. Хоць, паўтаруся, інерцыя супраціву вялікая. Але супраціў у навуцы — справа звыклая.
Пры такой колькасці першакрыніц, датаў, тэрмінаў пазбегнуць памылак надта цяжка. Буду шчырым: з маёй хіміка-біялагічнай адукацыяй (не было тады ў Брэсцкім педінстытуце гістарычнага факультэта) мне даводзіцца працаваць больш дысцыплінавана і цяжэй, чым адмыслоўцам-гісторыкам.
— Як з распаўсюдам?
— Гэтым займаецца выдавец — “Брэсцкая друкарня”. Хоць здаралася, тэлефануюць і мне, просяць. Наклад 1200 асобнікаў — згадзіцеся, для такой кнігі нямала, але палова ўжо разыйшлася. Купляюць і адмыслоўцы, і прыхільнікі беларускага Адраджэння. Добра ідзе як падарунак для замежных беларусаў.
— Чаму першая прэзентацыя прайшла не ў Брэсце?
— Больш падрыхтаванай была аўдыторыя там, дзе правёў першыя прэзентацыі. Справа ў тым, што перад аднаўленнем ВКЛ Напалеон спачатку аднавіў Вялікае Герцагства Варшаўскае. Таму палякі склікалі некалькі навуковых канферэнцый і запрасілі мяне, бо там увага да гэтага абсягу гісторыі найвялікшая. Гэта ў нас 2012 год хутка прайшоў. І ўсё ж 2 жніўня планую заехаць са сваёй кнігай бліжэй да малой радзімы і зладзіць прэзентацыю ў Пружанах. Крыху пазней будзе ў Брэсце.
Што далей? Хачу сесці за яшчэ адну манаграфію — “Міхал Клеафас Агінскі — яго змаганне і вяртанне”. Быў ужо на яго радзіме, пад Варшавай. Тэма мала даследаваная, бо палякі ад яго дыстанцуюцца. Міхал пайшоў за Аляксандрам. Але гэта — наш чалавек, Агінскія — наш беларускі род, карані іх на Віцебшчыне, а маёнткі на Міншчыне. Яны абаранялі нашы інтарэсы, таму да 2015-га года, да 250-х угодкаў Міхала Клеафаса Агінскага, хачу выдаць сур’ёзную працу.
Гутарыў Яўген БЯЛАСІН
0 комментариев
Цапков Валерий
19.08.2013 в 19:22Михаил Кузьменчук
19.08.2013 в 19:22Сколько стоит эта книга?
аўтар
21.08.2013 в 20:56Каб не рабіць артыкул рэкламным, кошт не падаваўся. У кнігарні гляньце любой. Па аналогіі калі, кніжка Арлова «Краіна Беларусь», цягне на 400 р.
Андрей
03.09.2013 в 21:14Хотелось бы узнать, будет ли презентация книги в Минске и когда?