Колькі дзён у месяцы?
Затое “Белтэлекам” аператыўна зрэагаваў на пытанне ад Ігара Ботуха, абанента інтэрактыўнага тэлебачання “Zala”. Ігар Аляксеевіч мае да аператара паслугі цэлы шэраг прэтэнзій.
Па-першае, яму незразумела, чаму пры даце заключэння дагавора 11 студзеня плаціць за новы месяц яму трэба 4 чысла. “Я плачу суму, прапісаную ў дагаворы, і яе павінна хапаць на цэлы месяц”. Па-другое, чаму пры аплаце той жа сумы часам на адзін дзень ссоўваецца дата аплаты. Так, калі ён плаціў 4-га, то цяпер грошы заканчваюцца ўжо 3-га чысла. Ці праўда, цікавіцца пенсіянер, што замест каляндарнага месяца, які можа ўтрымліваць 29, 30 ці 31 дзень, аплаты хапае толькі на 30 дзён? Бо тады атрымліваецца, што ў канцы года набярэцца ажно 6 дзён, за якія прыдзецца даплаціць дадаткова. Па-трэцяе, чаму калі абанента адключаюць ад тэлебачання, аплата ўсё роўна налічваецца? У той жа час у дагаворы прапісана, што аплата з рахунка злічваецца за фактычна адпрацаваную колькасць дзён.
У Брэсцкім абласным філіяле РУП “Белтэлекам” запэўнілі, што ўсе дзеянні з рахункам Ігара Ботуха не супярэчаць закону.
Сапраўды, дагавор быў заключаны 11 студзеня. Але ўжо 14 студзеня павысіліся тарыфы на ўсе паслугі сувязі па прычыне ўвядзення падатку на дабаўлены кошт. Такім чынам, кошт двух пакетаў тэлебачання ўзрос амаль на 5 тысяч. Абанент, па словах прадстаўніка прадпрыемства Юліі Шальпук, працягваў плаціць ранейшую суму яшчэ некалькі месяцаў, таму грошы на яго рахунку заканчваліся раней за 11 чысло.
Злічэнне аплаты з рахунку цалкам адпавядае колькасці дзён у рэальным месяцы. Напрыклад, калі ў месяцы 30 дзён, то штодзень на аплату паслугі будзе злічвацца 1490 рублёў, а калі 31 – 1441 рубль. То бок, аплата праводзіцца роўнымі долямі кожны дзень.
Што тычыцца налічэння аплаты пры адключанай за нявыплату паслузе, то ў “Белтэлекаме” тлумачаць гэта так. Аплата налічваецца яшчэ месяц пасля адключэння (раптам абанент забыўся аплаціць?), пасля гэтага паслуга блакуецца, і штодзённы тарыф на яе не налічваецца. Абонент у такім разе павінен прыйсці ў сервісны цэнтр і – або выплаціць доўг з налічанай пянёй, або вярнуць абсталяванне і спыніць дамову. У другім выпадку нічога плаціць не трэба.
Асцярожна: страхоўка!
Алена Кушнір падзялілася сваім вопытам двайнога страхавання жылля.
Традыцыйна Алена Арсенцьеўна страхуе сваю кватэру ў “Белдзяржстраху”. Але калі яна з’ехала на нейкі час з Брэста, то, вярнуўшыся, дазналася, што ЖЭС налічвае ёй плату ў 20 тысяч штомесяц за яшчэ адну страхоўку той жа страхавой кампаніі.
Аказваецца, у банку памыліліся і прынялі рэкламу страхоўкі за плацёжную квітанцыю. Такую памылку дапусціць было лёгка, бо рэклама была аформлена ў выглядзе гатовай квітанцыі і размешчана на тым жа лістку, што і асноўныя камунальныя налічэнні. “Больш таго, калі ты заплаціў адзін раз, то аўтаматычна з табой заключаюць дагавор на цэлы год, — гаворыць Алена Арсенцьеўна. – Калі не звяртаеш увагу на сумы, то можаш і не ведаць, што цябе застрахавалі”.
Разбіраючыся ў сітуацыі, Алена Кушнір зразумела, што яе выпадак не адзінкавы, таму вырашыла засцерагчы іншых атрымальнікаў рэкламных жыровак праз “Бюро дзяжурнага рэпарцёра”.
Пільнасць, канешне, тут не пашкодзіць, але справядлівасці дзеля варта сказаць, што пры памылковым страхаванні “Белдзяржстрах” лёгка скасоўвае дамовы і вяртае заплачаныя ўнёскі. У гэтым нас запэўніў галоўны бухгалтар кампаніі Вячаслаў Палішчук. Ён жа звяртае ўвагу, што часам грошы не паспяваюць дайсці да “Белдзяржстраха” – у такім выпадку вярнуць іх мусіць ЖРЭУ.
Як дазваніцца мабільнаму аператару?
Вікторыя Аляксееўна выказвае незадавальненне інфармацыйнай падтрымкай кампаніі МТС. “Чаму ў іх няма нармальнага нумара, дзе б трубку адразу падняў жывы чалавек, а не гаварыў аўтаадказчык? Проста цярпення не хапае слухаць усе гэтыя “набярыце гэта – набярыце тое”.
Вікторыя Аляксееўна, тэлефон такі, аказваецца ёсць, але аператарскі цэнтр у МТС толькі адзін і знаходзіцца ў Мінску. Таму і нумар у яго сталічны – 8 0172 379898.
Але ёсць адна хітрасць, як не выслухоўваць па мабільным нумары доўгіх перанакіраванняў. Для гэтага адразу трэба набраць 08900 (замест аднаго нуля ў нумары 0890 у канцы набіраем два). І кожны раз, калі вам пачнуць казаць, што аператары занятыя, зноў набірайце нуль. Напрыклад, дзяжурнаму рэпарцёру давялося набраць дадаткова тры нулі перад тым, як яго нарэшце злучылі з жывым чалавекам.
Ответить