Сіняга на палотнах Магдалены шмат. Насычаны і глыбокі, ён заклікае ўглядзецца ўнутр карціны, зачапіцца поглядам на кожнай дэталі. Яскравы прыклад гэтаму — дзве карціны з цыклу “Сад развітанняў”. Работы маюць вялікі фармат, але колькасць вобразаў і прадметаў у іх абмежаваная. На адной з іх мы бачым толькі лесвіцу, па якой падымаюцца мужчынскія босыя ногі, ды пару чаравікаў. На другой – тая ж лесвіца, але ўжо пустая, ды невялікі партрэт мужчыны, які паглядвае з верху палатна скрозь акно. Усю астатнюю прастору на абедзвюх работах запаўняе сінь, якая перастае быць проста фонам, забірае на сябе ўвагу і надае работам пэўную фантасмагарычнасць. Калі ж ведаць, што цыкл “Сад развітанняў” прысвечаны памерламу настаўніку Магдалены Славаміру Карповічу, то становіцца зразумелым яшчэ і сімвалізм гэтых палотнаў.
Але не сказаць, што сіны колер выцясніў у творчасці Магдалены Наленч усё астатняе. Часта дамінуе чырвань, недзе беж, а дзесьці рамантычны ружовы. Любы колер мастачка лёгка “загаворвае”, каб ён працаваў на аб’ёмнасць, таму карціны хочацца ледзь не кратаць рукамі. Калі ж доўга глядзець, узнікае ілюзія, што ў глыбіню палатна можна прасунуць руку ці ўвогуле ўвайсці ў яго, як Аліса за люстэрка.
Сама Магдалена ў сіняй сукеначцы і сініх туфельках уяўляецца мініяцюрнай дзяўчынкай побач са сваімі манументальнымі карцінамі. Таму, калі вядучая вернісажа пачынае расказваць, як маленькая Магда вучылася маляванню ў сваёй бабулі-касцюмера, здаецца, што было гэта зусім нядаўна. І толькі вялікі спіс персанальных выстаў у розных краінах нагадвае пра рэальны стан рэчаў. Увогуле, рэальнасць неяк увесь час уплывае, калі гаворка ідзе пра Наленч, на першы план нязменна выходзяць уласныя асацыяцыі.
Берасцейцы 7 жніўня першымі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю польскай мастачкі. Дагэтуль яе карціны ў Беларусі не выстаўляліся і ў бліжэйшы час выстаўляцца не будуць. Выстава “У царстве сінечы” працягнецца ў Брэсцкім мастацкім музеі да канца жніўня.
Ответить