Двухгадзінная прэзентацыя на міжнародным мерапрыемстве, дзе бяруць удзел больш за 200 удзельнікаў, — справа ганаровая. Асабліва, калі праграма пленэру ўтрымлівае ўсяго дзве прэзентацыі. Першая – пра ганчарнную сталіцу Украіны Апошню, другая – пра нашую Гарадную.
Удзельнік дэлегацыі, каардынатар міжнародных пленэраў у вёсцы Гарадная Ларыса Быцко, якая вяла праграму, згадвае, што на пачатку кантактаваць са стомленай і перагружанай папярэдняй прэзентацыяй залай было надзвычай цяжка. Прыйшлося паламаць сцэнар, скараціць слоўныя выступы і выпусціць на ўмоўную сцэну мастацкага кіраўніка Гараднянскага дома культуры Таццяну Вабішчэвіч, якая звонка і акапэльна праспявала беларускую песню. Пасля гэтага справы пайшлі весялей, і стомленыя ганчары з увагай прагледзелі дзве дакументальныя стужкі пра беларускую сталіцу ганчарства.
Асабліва паланіў іх фільм пра аднарукага ганчара Мацвея Пячонку. “Менавіта Мацвей Пячонка парваў залу. Уся публіка сканцэнтравалася, каб глядзець пра яго фільм. Бо ўсе там ганчары, усе ведаюць, што такое зрабіць гаршчок. А што такое зрабіць гаршчок адной рукой? Левай!” — расказвае Ларыса. У той момант фільма, калі пакойны аднарукі ганчар паказвае на камеру гатовы гаршчок і пытаецца: “А вы так можаце?”, удзельнікі пленэра пачалі бурна апладыраваць.
Акрамя фільмаў і канцэртных нумароў, беларусы прывезлі ў Скапін выставу этнаграфічнага посуду і дзве фотавыставы. На сучасных модульных банэрах, пра кошт якіх актыўна цікавіліся расейцы, размясціліся здымкі Гарадной 1912 года ў выкананні этнографа Ісаака Сербава і сучасныя фота – пра жыццё гараднянскіх прамыслоўцаў і Цэнтра ганчарства, якім кіруе нязменная Алімпіяда Леанавец. Дэгустацыя традыцыйнай гараднянскай кухні з такім жа традыцыйным самагонам таксама прыйшлася ганчарам даспадобы.
У выніку прадстаўнікоў Гараднянскага цэнтра ганчарства запрасілі да ўдзелу ва ўкраінскім фестывалі ў вёсцы Апошняй, а ганчары масава выказвалі зацікаўленасць ва ўдзеле ў наступным міжнародным пленэры ў Гарадной.
Такі пленэр – чацвёрты па ліку – плануецца на Століншчыне праз год. Магчыма, да таго часу ў Гарадной нарэшце зробяць невялікую гасцініцу.
Фота Валерыя МАРЧУКА
Ответить