Адкрыла выставу выкладчык, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў спецыяльных прадметаў Ніна Міхайлава. Яна паведаміла, што на працягу 30 гадоў школа выпусціла вялікую колькасць амаль прафесіяналаў сваёй працы. 95 % навучэнцаў сталі студэнтамі ВНУ. Увогуле, выпускнікі гэтай вучэбнай установы вельмі тонкія натуры, якія адчуваюць прыгожае і бачаць усё акружаючае праз нейкую асаблівую прызму. Сённяшняя выстава прадстаўлена у асноўным трыма імёнамі- гэта Глеб Сідарэнка, Аляксандра Юркевіч, Валерыя Дрэбезава. Большасць работ выканана менавіта гэтымі навучэнцамі.
Як цікава разглядаць неардынарныя карціны Глеба Сідарэнкі! Асабліва мяне ўразілі такія, як “Царэўна Несмяяна”, ”Вясна”,”Лялечны тэатр”. Аднак вылучыць толькі гэтыя будзе несправядліва. Кожная праца – гэта нешта асаблівае для аўтара. Няхай карціна будзе напісана маслам, выканана графікай або рознымі змешанымі тэхналогіямі — яна будзе непаўторнай. На маё пытанне, што ж з’яўляецца для яго натхненнем, Глеб адказаў, што ніякага натхнення і няма – фарбы, настрой, колер, нейкія мазкі ствараюць пэўныя вобразы, а потым і саму карціну. Напэўна, хлопец насамрэч стварае нешта важнае, зразумелае на першы погляд толькі яму. А варта толькі прыгледзецца – і лагічная нітка прывядзе да ісціны.
Нельга не адзначыць талент бачыць свет па-свойму у Аляксандры Юркевіч. Яна расказвала, што ў сваіх фотаработах імкнецца злучыць адвечнае — прыгажосць прыроды і прыгажосць, зробленую чалавечымі рукамі. Мэбля ХІХ стагоддзя і кветкі, прырода, акружаючая нас, і прадметы быту ствараюць незвычайны настрой. Зліццё нечага даўно ўсталяваўшагося і зусім новага — гэта сапраўды шыкоўнае рашэнне, якое спараджае мноства жыццёвых пытанняў. Аляксандра расказала, што з дзяцінства адчувала прагу да мастацва. На выставе былі прадстаўлены яе запісныя кніжачкі, зробленыя з паперы, кардону, тэкстылю самой дзяўчынай.
Творчыя працы яшчэ адной юнай мастачкі прыцягнулі нашу ўвагу. Валерыя Дрэбезава ўпрыгожыла выставу сваімі шматлікімі ілюстрацыямі да вершаў. Дзяўчына адзначыла, што работы стварае для сваей душы, для душы другіх людзей — усіх, хто здольны фантазіраваць і адчуваць. Сапраўды, на ілюстрацыях відаць, што яны нясуць пэўны сэнс. Валерыя перадае свае ўласныя перажыванні ад прачытаных вершаў, тым самым робячы іх больш прываблівымі. Яе работа “Вачыма дзіцяці”, выкананая маслам, выяўляе вялікую здольнасць самой дзяўчыны бачыць свет вакол змястоўна і ў той жа час вельмі наіўна.
Таксама на выставе былі прадстаўлены работы іншых навучэнцаў. Не абышлося і без ўзнагарод. Гэта падкрэслівае сапраўды высокую значнасць школы №10. Тут нараджаецца столькі талентаў, столькі свабодных думак! Хочацца пажадаць усім гэтым маладым людзям творчых поспехаў, мноства ідэй, мастацкага запалу. Няхай усё атрымаецца і жыццё падорыць ім толькі прыемныя пачуцці, якія яны дораць нам сваёй творчасцю.
Ответить