Дзе ўкалоцца?
Але вяртанне з адпачынкаў усё адно адчуваецца. Узяць хоць бы сферу здароўя. Летам займацца ім няма асаблівай патрэбы, ды і не хапае для гэтага то часу, то любімага ўрача на рабочым месцы. А вось пад восень самы раз падлячыць слабыя месцы свайго арганізму.
Нібы ў пацвяджэнне гэтай тэорыі маем званок ад Тамары Васілеўны. Яна наведвае вузкага спецыяліста ў прыватным медыцынскім цэнтры і ў сувязі з гэтым цікавіцца:
– Доктар прапісаў мне ўколы, але рабіць іх няма каму. Я спадзявалася, што ў паліклініцы ёсць такая платная паслуга, але ў рэгістратуры сказалі, што няма. У самім медыцынскім цэнтры, які я наведваю, няма працэдурнага кабінета. Куды я магу падысці, каб мне зрабілі ўкол?
Мы падумалі, што праблема Тамары Васілеўны можа аказацца тыповай, бо прыватныя клінікі цяпер наведваюць сотні людзей. Таму вырашылі ў ёй разабрацца, нягледзячы на ўяўную спецыфічнасць пытання.
Сапраўды, паліклініка платна ўколаў не робіць – пра гэта нам гаворыць сайт Брэсцкай цэнтральнай паліклінікі. А калоць бясплатна – на гэта патрэбна накіраванне ўрача той жа паліклінікі. Аднак, дае тлумачэнні галоўны тэрапеўт вобласці Леанід Горбіч, калі прыватны доктар выпісаў вам уколы на форменным бланку і паставіў на ім пячатку, то вы цалкам маеце права прыйсці ў працэдурны кабінет паліклінікі па месцы жыхарства, дзе вам зробяць укол бясплатна. “А ўвогуле, больш сябруйце з паліклінікай і сваім тэрапеўтам”, — раіць Леанід Горбіч.
Вярніце канал!
Пра гэта просіць абанентка “Элсат ТВ” Ларыса Аляксееўна. Жанчына сумуе па канале “Первый общеобразовательный российский канал”, які знік з вяшчання, па яе словах, недзе тры месяцы таму. Ларыса Аляксееўна, хоць і званіла ў офіс пастаўляльніка паслугі, але такі не зразумела: калі ж адновяць вяшчанне любімага канала?
Дырэктар кампаніі Алег Шчаглоў гаворыць, што канал абавязкова будзе, але калі – залежыць ад расійскіх партнёраў. Справа ў тым, што на спадарожніку, які выпраменьвае сігнал на патрэбны тэлевізійны канал, адбыўся тэхнічны збой. І цяпер магутнасці сігналу недастаткова для трансляцыі ў Беларусі (спадарожнік “вісіць” над Сібірру). «На гэтым канале прапаў гук і завісала карцінка, таму мы яго замянілі на тэматычна падобны «Вопросы и ответы», — тлумачыць Алег Шчаглоў. Ён кажа, што кампанія паведаміла расіянам пра непаладкі, і ўсходнія партнёры абяцалі палепшыць якасць перадачы дадзеных.
Так што на пытанне «Калі?», на жаль, адказаць пакуль ніхто не можа.
Жэтон не застрахуе
Зоаахоўніца Ілона пазваніла дзяжурнаму рэпарцёру, каб расказаць, што ўжо некалькі разоў яна не змагла знайсці гаспадара згубленай сабакі, нягледзячы на наяўнасць рэгістрацыйнага жэтона на ашыйніку. У гэтым і ёсць прэтэнзія жанчыны да жыллёва-камунальнай сістэмы: гаспадары ўпэўненыя, што законная рэгістрацыя дамашніх жывёл засцеражэ ад іх страты, але на справе прыносіць мала карысці.
Для тых, хто не мае зарэгістраваных жывёл, патлумачым. Пры афармленні коткі ці сабакі ЖЭС выдае гаспадару пашпарт, куды ўносяцца прышчэпкі, а таксама жэтон з асабістым нумарам. Па гэтым нумары тэарэтычна і можна адшукаць уладальнікаў жывёлы, калі яна згубіцца.
Праблема, аднак, палягае ў тым, што ЖЭСы не маюць адзінай сістэмы з нумарамі жывёл. Гэта пацвярджае, напрыклад, інжынер ЖЭС-10 Ларыса Кісялёва, якая знаёміла дзяжурнага рэпарцёра з працэдурай рэгістрацыі. Атрымліваецца, добраахвотніку, які не змог прайсці міма згубленай сабакі, у пошуках гаспадара трэба будзе пазваніць ва ўсе ЖЭСы горада – пры ўмове, што ўсюды з першага разу ён натрапіць на інжынера па працы з насельніцтвам і ў таго будзе жаданне доўга правяраць журнал.
Іншая зоаабаронца Ірына Сіняпкіна з гэтай нагоды дадае, што яна адшукала ўласніка сабакі толькі праз пісьмовы зварот у ЖРЭУ. Адказ прыйшоў праз 15 дзён. Не кожны чалавек увесь гэты час будзе важдацца з чужой істотай.
Адзіная база, даступная кожнаму дыспетчару ЖЭСаў, магла б моцна палегчыць жыццё і ўласнікам жывёл, і тым, хто захацеў дапамагчы згубленцам, — мяркуюць жанчыны.
Ответить