Таму згаданая аўдыторыя зноў займела магчымасць трапіць на добры канцэрт. На сёлетнім, чацвёртым па ліку, фестывалі беларускамоўнай музыкі Men’s Fest прынялі ўдзел берасцейскі Pirouette!, Akute з Магілёва, Паліна Рэспубліка з Мінска, Ilo&Friends з Беластоку, а таксама луцкі гурт “Фіолет” (Украіна). Большасць выканаўцаў ужо знаёмая берасцейцам, упершыню наш горад наведалі толькі маладая спявачка-бард Паліна Рэспубліка і Ilo&Friends. Зрэшты ў наш электронны час назваць іх незнаёмымі ўсё адно язык не павернецца. Паліна, аднойчы з’явіўшыся на небасхіле, прывяла проста ў захапленне музычных крытыкаў і аматараў аўтарскай песні, таму гэтае імя ўжо гады паўтара як не сыходзіць з вуснаў абазнанай публікі. Ды і Ілону Карпюк, беларускую дзяўчыну з Падляшша, актывістку “Звязу беларускай моладзі” наш народ ведае калі не па яе калектыве, то прынамсі па “Басовішчы”.
Акцэнт на беларускамоўнасці зусім не азначае, што на фэсце не гучалі іншыя мовы. Pirouette! утульней сябе адчувае ў расейскай, а нацыяналістам з “Фіолету” сам бог загадаў спяваць на ўкраінскай, што аніяк не перашкодзіла гурту лепш за ўсіх раскачагарыць брэсцкую публіку. Трэба адзначыць, што фронтмэн “Фіолету” Сяргей Мартынюк з вялікай сімпатыяй ставіцца таксама і да мовы беларусаў. На гэты раз ён не толькі выступіў на ёй з досыць доўгім вітаннем, але і праспяваў дзве песні. Адну з іх – у дуэце з Палінай Рэспублікай.
Прыемна, што вялікі працэнт наведвальнікаў канцэрта склалі 15-18 гадовыя юнакі і дзяўчынкі, якія сваім прыходам выказалі адназначную цікавасць да беларускамоўнай музыкі. Магчыма, гэта добры знак, што сітуацыя з мовай у Брэсце калісьці ўсё ж палепшыцца.
А ўвогуле, калі зайшла гаворка пра публіку, людзей на канцэрт магло б прыйсці і больш. Гэта пры тым што спрактыкаваныя арганізатары і так зрабілі праграму максімальна канцэнтраванай, каб зацікавіць розную аўдыторыю. Гэта недзе нават пашкодзіла канцэрту – на ўсё пра ўсё было 4 гадзіны часу, і калектывы проста не паспявалі як след адыграць свае сесіі. Паспешнасць адбілася і на праанансаваных джым-сесіях. Замест трох музычных імправізацый прайшла толькі адна.
А каб у арганізатараў было менш шансаў “уляцець на грошы”, усё магло б быць інакш.
Іна ХОМІЧ (фота аўтара)
Ответить