І ўсё роўна заходзіць у будынак каманды паліцыі неяк не па сабе – спрацоўваюць беларускія асацыяцыі. Нас сустракае ўсмешлівы і імпазантны мужчына ў чорнай форме, да якой вельмі пасуе ранняя сівізна. Гэта былы прэс-сакратар сямятыцкай паліцыі Рамуальд Леанюк. Як і многія ў гэтым памежным мястэчку, ён цудоўна разумее беларускую мову.
Пра колькасць і якасць
Як пісаў Экзюперы, дарослыя ўсё вымяраюць у лічбах. Вось і мы пытаемся пра суадносіны колькасці паліцыянтаў да колькасці насельніцтва. Але Рамуальд тлумачыць, што такіх норм у Польшчы няма. Штат павятовых каманд фарміруюць у залежнасці ад стану бяспекі. Сямятыцкі павет лічыцца спакойным, і тут на 50 тысяч насельніцтва працуе 82 служкі паліцыі – з улікам інспектараў дарожнага руху. Пры павышэнні ўзроўню злачыннасці Галоўная каманда ў Варшаве можа павялічыць штат мясцовай, але гэта даволі працяглы працэс, і таму малаэфектыўны.
Штату ў 82 чалавекі цалкам хапае, каб трымаць злачыннасць на мінімальным узроўні. У мінулым годзе тут не было ніводнага забойства, сёлета – адно, і тое бытавое, калі муж спачатку забіў жонку, пасля ўдавіўся сам. Самым распаўсюджаным злачынствам з’яўляецца кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане – у Польшчы гэта менавіта злачынства, а не адміністратыўнае правапарушэнне. На другім месцы – дробныя крадзяжы.
Досыць цікава таксама, што польская паліцыя не мае пешых патруляў, якія сноўдалібся б па горадзе туды-сюды. Выключэнне складаюць сітуацыі, калі самаўрад вырашае, што гораду патрэбная асаблівая бяспека з нейкай аказіі. Тады орган самакіравання дадаткова наймае паліцыянтаў для аховы парадку і плаціць ім грошы. Падпрацоўваць такім чынам паліцыянты могуць толькі ў вольны ад асноўнай працы час – у выходныя, напрыклад.
Пра конкурс і прэстыж
Рамуальд Леанюк на пытанне пра прэстыж паліцыі адказвае, што гэта хутчэй пытанне да гараджан. Але насамрэч ведае адказ і ён сам. “Калі адбывалася змена міліцыі на паліцыю, калі краіна толькі пачынала быць дэмакратычнай, давер паліцыі сярод насельніцтва складаў 30-40%. Цяпер мы маем 70%. І гэта вышэй, чым давер да касцёла”, — прыводзіць дадзеныя сацыялагічнага даследавання афіцэр.
Гаворыць Леанюк і пра высокі конкурс на паліцэйскія пасады – часам па 40 чалавек на месца. “Атрымаць працу ў паліцыі вельмі складана, — з гонарам падкрэслівае мой субяседнік. – Кандытат у паліцыянты павінен здаць “тэст на інтэлігентнасць”, на фізічную спраўнасць, прынесці даведку ад лекара і прайсці размову з псіхолагам”. Пасля гэтага кожны кандыдат атрымлівае нейкую колькасць пунктаў, па якіх ён і спаборнічае з іншымі кандыдатамі. Конкурс, як на паступленне ва ўніверсітэт.
Дарэчы, свайго ўніверсітэту ці акадэміі польская паліцыя не мае, і гэта вельмі сімпатычна майму суразмоўцу. Рамуальд Леанюк прыпамінае часы, калі існавала Вышэйшая школы афіцэрскай паліцыі, і кожны яе выпускнік меў права ісці працаваць лейтэнантам. “Ён атрымліваў высокі тытул, але не меў досведу. Часта не хапала нават месца ў штаце для такога выпускніка”. Пасля палякі прыдумалі больш эфектыўны механізм папаўнення сваіх шэрагаў.
Цяпер афіцэрам можа стаць толькі чалавек, які папрацаваў у паліцыі не менш за 3 гады. Калі ён падыходзіць па дзелавых якасцях, Галоўная каманда накіроўвае яго на 8-месячныя афіцэрскія курсы. На неафіцэрскую пасаду могуць узяць і чалавека з вуліцы – дзеля гэтага яму трэба мець вышэйшую адукацыю і вытрымаць апісаны вышэй конкурс.
Увесь час, пакуль былы прэс-сакратар паліцыі гаварыў, я разглядала яго форму. На чорным дэніме вельмі добра выглядае вышыты срэбнымі ніткамі арол, і вялікая колькасць кішэнь таксама добрая знаходка дызайнера. Адна гэтая форма нібыта заклікана сведчыць: тэст на фізную спраўнасць і інтэлігентнасць яе носьбіт прайшоў паспяхова.
Ответить