Сёлета літаратурных акцэнтаў на Тыдні было два. Першы з іх называўся “Андрэй Хадановіч”. Сустрэча з маладым старшынёй Беларускага ПЭН-Цэнтра пакінула двойснае ўражанне.
Як прызнаўся сам Хадановіч, нямецкі складнік у прывезеных ягоных перакладах невялікі. З дапамогай вялікай грамады рэферэнтаў ён, пасля падрадкоўніка, пераклаў верш Райнэра Марыі Рыльке (пераклад неблагі, дарэчы). Далей Хадановіч праспяваў пад аўтарскі акампанемент на гітары некалькі сваіх звыклых, відаць, для сустрэчаў песень. Прачытаў некалькі парадыйнай прыроды вершаў.
І тут мне канчаткова стала зразумела, што да нас прыехаў чалавек, які не перастаў яшчэ крыўдзіцца на беларускую савецкую літаратуру.
Заслужана паспяхова разыйшліся прывезеныя кнігі паэта і перакладчыка (вылучаецца апошні пераклад Рышарда Крыніцкага — польскага паэта, майстра кароткіх формаў).
А вось берасцеец Алесь Разанаў прывёз кніжку-білінгв і новыя нямецкамоўныя вершаказы. Слухачоў назбіраў чалавек з паўста, збольшага маладых. Не сакрэт, што ў слыннага нашага земляка, які цяпер жыве ў Мінску, ёсць устойлівая “тарсіда” і з Бярозаўшчыны (ягонай малой радзімы), і з Брэста. З Бярозаўскага ды набліжаных да яго Пружанскага, Івацэвіцкага раёнаў вучацца ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце неблагія маладыя паэты. Менавіта яны ды іхнія сябры і склалі, па-мойму, ядро ўдзячнай аўдыторыі. У Брэсце спадар Разанаў, пад крылом прафесара Калесніка, заканчваў сваю адукацыю на мясцовым філфаку, выгнаны з галоўнага ўніверсітэта савецкай “Белоруссии” за патрабаванне, каб прадметы выкладалі на роднай мове.
Дык вось, з філалагічнага факультэта ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна не заўважана было людзей, хоць бібліятэкарскія арганізатары казалі, што запрашалі. Як і з факультэта замежных моў на гэтай імпрэзе тыдня не было, пэўна, нікога. “Філолагаў перакормліваюць заданнямі, тэкстамі — і ім самім больш не хочацца”, — апраўдваў пазней у кулуарах іх непрыход сам Разанаў.
На сустрэчы чыталі на дзвюх мовах вучні школы №7. Сам аўтар прэзентаваў кнігу “Гліна. Камень. Жалеза”, адкуль былі беларускамоўныя вершы. Адказваючы на пытанні, упершыню на маёй памяці прачытаў нямецкія вершаказы (адна з наватарскіх формаў верша, “вымкнутая” ім, як кажа сам Разанаў, з мовы. — Я.Б.). Пра сваю кнігу аўтар сказаў так:
– Яна напісалася цягам гадоў ужо ладна часу таму. Па-нямецку прапісалася адразу толькі першая частка. Выйшла яшчэ ў мінулым стагоддзі ў нямецкамоўнай кнізе “Знакі вертыкальнага часу”. А цяпер усе часткі сыйшліся самі з сабой і са сваімі нямецкімі “люстэркамі”. А калі ёсць такая сітуацыя “люстэркаў”, то ў іх прысутнасці паўстае новае.
Як і Хадановіча пераклад Крыніцкага, дзвюхмоўнік Разанава выйшаў сёлета ў выдавецтве “Логвінаў”.
Абмеркавалі на сустрэчы таксама вартасць перакладу натурфіласофскіх вершаў Разанава на нямецкую мову. “Неяк трэба з гэтым жыць, бо інакш зусім нельга”, — агучыў вынікі сваіх даўніх роздумаў Разанаў і пачаў чытаць свае новыя нямецкамоўныя вершасловы. “Калі выйдуць у друку”? — “У снежні”. “Дзе?” — “У Аўстрыі”. “Ці будуць перакладацца на беларускую мову?” — “Не. Гэта немагчыма”.
Слухаў і запісваў Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
0 комментариев
Цапков Валерий
30.10.2013 в 21:10Ганна
30.10.2013 в 21:10Ці можа паважаны аўтар раскрыць думку пра крыўду Хадановіча на \»беларускую савецкую літаратуру\»? Не вельмі яна зразумелая.
аўтар
31.10.2013 в 23:17Паколькі рэдактар гэта Пракруст, дык ён і адрэзаў…бо месца мала. Паважаючы Вашую, Ганна, дапытлівасць, дадаю частку таго, што было (бо на ўсё месца мала) «….і спрабуе выпаліць яе каінства і (бяссэксавыя) аблуды эпатажам.
Што ж, шарм у зле заўсёды ёсць. Але калі ён паспрабаваў заахвоціць збольшага маладую публіку “кончыць разам …раман” з пералікам месцаў, дзе разгортваўся гэты прэамбульна эратычны сюжэт, некалькі чалавек як ветрам здула».