— Выйшлі дзве кнігі перакладаў, плён супрацы пісьменнікаў Берасьцейшчыны і Валыні (“Берестейске богаття” і “Думы і песні Валыні” – Я.Б.). Да іх выдання, як ніхто, прыклалася Ніна Горык. Таму рашэнне Рады (Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў – Я.Б.) я прыняў як рэкамендацыю, якую нельга адхіліць. Мядовая прэмія паедзе ў Луцк.
Мне пагатоў гэта прыемна, бо я вучыўся ва Украіне, маю там сяброў і знаёмых.
З нагоды прысуджэння ёй Мядовай прэміі спадарыня Горык сказала “Брестскому курьеру”:
— Гэтая слодыч – гэта сімвал, гэта слодыч нашых творчых сустрэчаў, ад якіх атрымліваем натхненне. Такіх, як былі летась, калі да нас на фестываль “Лісова пісня” завіталі калегі з Берасцейшчыны, улучна з галоўным рэдактарам вашай газеты. Спачатку слодыч ад сустрэчаў, а потым пчаліная праца – акурат такая, якую мы здзейснілі, калі выпусцілі гэтыя дзве кнігі…
Абедзьве кнігі, згаданыя фундатарам Мядовай прэміі, прэзентавалі прысутным. Дарэчы, іх было каля 100 чалавек, – збольшага навучэнцы каледжаў і студэнты. Яны даведаліся такія наступнае.
Ва ўкраінскай кнізе валыняне пераклалі на сваю мову 43 аўтараў Берасцейшчыны, у беларускай 22 перакладчыкі з Берасцейшчыны пераўвасобілі з украінскай 34 літаратараў Валыні.
Кнігі выйшлі ў луцкім выдавецтве “Терен” з падтрымкай украінскай дзяржавы. Супольны кніжны праект ажыццяўляўся некалькі гадоў.
Таксама прагучалі ўласна вершы на абедзьвюх мовах у выкананні аўтараў і перакладчыкаў. Былі і кароткія тэматычныя выступы. Прыкладам, згадалі Ніну Мацяш, якая пайшла ад нас роўна 5 гадоў таму і якая многа перакладала з украінскай мовы – аж так шмат, што назбіралася цэлая кніга. Казалі таксама пра адсутных перакладчыкаў, хто не змог прыехаць з Украіны або прыйсці. Старшыня Брэсцкага адзялення СБП Іван Мельнічук сказаў, што зусім някепскі мог бы атрымацца трохбаковы перакладны праект з удзелам польскіх суседзяў. Прэзентаваны берасцейска-валынскі дублет называлі ўдалым і казалі пра пажаданасць новых узаемаперакладаў.
У сувязі з гэтым вось што падумалася.
Зборнікі і альманахі, як вядома, не надта чытаныя. Не без падставаў жа іх называюць “брацкімі магіламі”.
Яно і зразумела. Бо купляюць людзі дыскі: “Акіян Эльзы”, “Воплі Відаплясава” або Аляксандра Панамарова, Н.Р.М., “Сьцяну” ці Віктара Шалкевіча. Гэта адзін стыль, адзін імідж, адзін плюс, які даўно носіш у галаве і пры нагодзе, не доўга думаючы, выдаткоўваеш на яго грошы. Зборкі гэта больш на аматара. Гэта надта падрыхтоўчы, першы такі крок (як школьныя хрэстаматыі). Свая карысць у іх ёсць: большасць пісьменнікаў не ў стане рэгулярна друкаваць свае кнігі, а голас падаць, натуральна, хочацца. Ды і чытачам пачуць новы голас таксама. Далей, гэта больш прыдатная форма для навучальных мэтаў, так бы мовіць, “для азнаямлення з літпрацэсам”.
Але сітуацыя на кніжных рынках постсавецкай прасторы страшная, і калі спрабаваць нешта тут паправіць, то, як мне падаецца, трэба выдаваць у перакладах найперш такія сабе кнігі-лакаматывы знаных майстроў пяра (ад Берасцейшчыны Алесь Разанаў, Алесь Каско, прыкладам – з тых шматкаратных, хто актыўна піша), а за імі, пры належным маркетынгу (сустрэчы, абмеркаванне на тэлебачанні, у прэсе, у навучальных установах) быў бы лепшы вынік продажаў і ў іншых выданняў, у тым ліку і ў зборнікаў.
Разумею, што прыхільнікаў сваёй прапановай сярод літаратараў занадта шмат не атрымаю, але ж, браты і сёстры, зразумейце: думаю пра карысць справы.
Фота 1. Мікола Папека ўручае Мядовую прэмію Ніне Горык.
Фота 2. Узаемаперакладны дублет пісьменнікаў Валыні і Берасцейшчыны.
Ответить