Мяне зацікавіла крама недалёка ад чыгуначнага вакзала. Надпіс: “МАТАБЛОКІ, МІНІ-ТРАКТАРЫ, НАВЯСНОЕ АБСТАЛЯВАННЕ”. Перад крамай — тры матаблокі і стылёвы чырвоны “Мерседэс”. Гляджу на здаровы шчыт і згадваю, як мяне гадоў з 25 таму пералякаў адзін краязнаўца з Баранавічаў, якога я на той час не ведаў. Была тут навуковая канферэнцыя. Бачу, нейкі мужчына насустрач прастуе. І гучна, на ўвесь інстытуцкі калідор, пытае: “А дзе тут у вас прымальня?” А гэта ж яшчэ СССР быў. Беларуская мова гучала толькі на філфаку тады.
Ад гэтай шыльды ўражанне прыкладна такое ж самае. Нечакана! “На гэтым мы і выйграем у рэкламе, — сказаў малады дырэктар, мой поўны цёзка Яўген Аляксандравіч. — Новае ўражанне, людзям запамінаецца, заходзяць. А мы іх тут прыемна здзіўляем коштамі”.
Арыфметыку не раскрываю: будзе рэкламны тэкст. Але ж я пра мову рэкламы пішу. Надпісы і цэтлікі ўнутры крамы паслядоўна беларускія. “У нас нават буклеты па-беларуску зроблены, — кажа дырэктар. — І на трасе М1 у краме таксама. Гляньце, нават шыльду на сеялку польскую пасля размытнёўкі мацуем беларускамоўную”. Лагічная мая думка пра беларускі асартымент атрымлівае першую прабоіну, а потым імкліва тоне. “Нашы не навучыліся рабіць, каб не ламалася. Імпартуем”.
Нашу гутарку ў офісе ззаду гандлёвай залы з цікаўнасцю слухаюць яшчэ трое маладых людзей. “Гэта не ўсе. Прыходзьце ў панядзелак. Будзе цалкам беларускамоўны наш супрацоўнік”, — запрашае дырэктар. Чаму не?
У панядзелак мяне сустракае Глеб. Хлопец са знешнасцю 20-гадовай мадэлі насамрэч гаворыць дагледжанай белмовай: “Заўсёды ёю карыстаюся. Нават калі стаю ў сябе на рынку “Стары горад”. Туды па трыкатаж многа хто з Масквы едзе. Дык яны самі просяць не скакаць на расійскую. Псіхалогія. Калі яшчэ пачуеш!”
Глеб — выпускнік Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Кажа, што трыкатаж на сыходзе, таму прыглядаецца да новых ніш на рынку. Запрасілі ў гэты калектыў: “Мне тут падабаецца найперш прыязнае стаўленне да культуры. Гэта нейкі знак прыстойнасці. Значыць, з людзьмі можна мець справу”. У краме сельгастэхнікі хлопец займаецца маркетынгам. Пакуль справа, нібыта, ладзіцца.
Глеб агучвае тэорыю, чаму беларуская рэклама прывабная. Большасць тэзісаў мне знаёмая гады з тры таму ад маладага дырэктара кампутарнай фірмы Аляксандра Пархомава, да якога таксама прывяла цікаўнасць. Стаіць шчыт-раскладушка “Кампутары. РАМОНТ. НАЛАДКА. УВАГА! РОБІМ ХУТКА І ЯКАСНА”. Дык як не заглянуць-распытацца?
З таго часу фірма Аляксандра размножылася: сустракаю яго шыльды ў розных канцах горада. “Нават у Інтэрнэце аб’явы стараемся даваць па-беларуску”, — кажа ён у прыватнай гутарцы.
Сапраўды, Інтэрнэт — большая праблема, чым чыста візуальная рэклама. Пошукавыя сістэмы з самага пачатку былі “заточаныя” на масавыя мовы, і такая інерцыя надта вялікая. А гэта — жывыя грошы.
Апошняе на сёння прыемнае адкрыццё чакала мяне ў прыватнай крамцы ў нядаўна адчыненай галерэі офісаў і крам “ГАСЦІНЫ ДВОР” на Савецкай. Спусціўся ў цокальны паверх, глянуў — нейкая дызайнерская вопратка. Падыход рафінаваны, я сказаў бы. Б’юцца на цішотцы рыцар з сімволікай ВКЛ і нейкі не наш… крыжак, ці што. Або стаіць смешны дзядзька ў позе таэквандо, на ім саламяны брыль, палатняная світка з беларускім арнаментам. Дзядзька і смешны, а і разумееш, што можа ўрэзаць. “Калекцыя з Мінска прывезеная, — кажа прадавачка. — Сезон толькі што скончыўся, на наступны будзе новы прывоз”.
Ёсць і яшчэ знакі і значкі беларушчыны ў брэсцкіх куплях-продажах, але да іх пакуль прыглядаюся, правяраю — засцераглі пісаць знаёмыя. А пра гэта, напісанае — правярайце вы!
0 комментариев
Цапков Валерий
24.12.2013 в 23:59