З ёй цікава гутарыць, праходзячыся пад векавымі сяхновіцкімі дрэвамі. Цікава з трох прычын. Па-першае, жанчына ўвогуле шмат што ведае і ахвотна гэтым дзеліцца. Па-другое, асобным героем аповедаў з’яўляецца бацька Павал Філіпук – краязнаўца, які на сваёй скуры ў савецкія часы спазнаў, што краязнаўства карысная рэч толькі тады, калі даследчык правільна падбірае аб’екты пошукаў. І, па-трэцяе, абсалютна жывым з вуснаў Алены Цыбулі паўстае Тадэвуш Касцюшка – той самы, хто цікавіў і яе бацьку.
Сыраварня ды колькі дрэў
– Ад сядзібы самога Касцюшкі засталіся толькі сыраварня, якая пасля пад хату жылую была перароблена, алея ды адна лістоўніца ў парку. Яшчэ зараслі арэшніка. Кажуць, у яго часы моднымі былі паркавыя лабірынты, дык іх з ляшчыны такі зрабілі. А вось там было азярцо, таксама пры Касцюшку выкапанае. Там шмат качак дзікіх вадзілася. Яны нават у Другую сусветную вайну мясцовых людзей кармілі яйкамі.
На жаль, у Малых Сяхновічах і не засталося больш нікога з карэнных жыхароў, хто б мог расказаць пра Касцюшку столькі ж, колькі Алена Паўлаўна. Славутага барацьбіта за незалежнасць і асабістую вольнасць тут па-ранейшаму ведаюць, але ўжо не як чалавека, з якім былі цесна паяднаны лёсы іх продкаў, а як постаць у гісторыі. “Быў такі рэвалюцыянер. У нас тут і музей яму прысвечаны”, — кажа мне адна са старэйшых жанчын (што праўда, родам яна з іншай вёскі, сюды некалі выйшла замуж).
А яшчэ ў пасляваенны час, не кажучы ўжо пра пачатак дваццатага стагоддзя, калі нарадзіўся і сталеў Павал Філіпук, касцюшкаў дух у Малых Сяхновічах быў даволі трывалым. І на гэта ёсць некалькі прычын. Найперш сяляне былі ўдзячнымі добрану пану Тадэку за тое, што ён не прыніжаў іх з любой нагоды, як, напрыклад, яго бацька Людвік. Ці як спадчынніца гэтых земляў Кацярына, якой перайшлі Сяхновічы пасля смерці Касцюшкавай сястры Ганны і якую нават празвалі адпаведна – Кацька Ліхая.
Тадэка народная памяць захавала інакш. Спачатку як хлопчыка, які вярхом прыскакаў з Марачоўшчыны ўвесь у слязах, пасля таго як ўбачыў, што па загадзе бацькі б’юць прыгоннага. Пасля як падлетка, з якім сяляне-аднагодкі хадзілі лавіць шчупакоў. Яшчэ пазней як уласніка Сяхновічаў і як шчодрага пана – мала хто з сялян у той час мог пахваліцца ўласным лясным надзелам. “Люду з Малых Сяхновічаў усе навакольныя вёскі зайздросцілі, — расказвае Алена Паўлаўна. – Калі ехалі на кірмаш у горад, дык першае пытанне было: “А ў вас праўда свой лес ёсць?”. А ён і праўда быў, у кожнай сям’і па невялікім надзеле. Мы сваім, напрыклад, аж да вайны карысталіся, я ведаю, дзе ён знаходзіцца. Кацька Ліхая хацела гэты лес забраць, ды сялянства ўчыніла тады бунт, пайшло з піламі ды сякерамі секчы лес”. Напэўна, прыхільна быў таксама сустрэты і тастамент Касцюшкі, у якім ён дараваў сваім прыгонным волю. Праўда, царскі суд апошняе пажаданне Тадэвуша прызнаў несапраўдным па просьбе спадчынніцы яго маёмасці.
Другой прычынай захавання многіх жывых успамінаў пра Касцюшку, напэўна, было ўсё ж тое, што мясцовая інтэлігенцыя ацэньвала значнасць нацыянальнага героя Польшчы і ЗША і падпітвала гэтыя ўспаміны пастаяннай да іх цікавасцю. Бацька Алены Цыбулі быў якраз такім мясцовым інтэлігентам.
Герой ці бандыт?
Павал Філіпук нарадзіўся ў круглым 1900 годзе, відавочна, не ведаючы, у што ён увязваецца. Наступала ці не самае цяжкае стагоддзе для простага чалавека, насычанае вялікай колькасцю разнастайных сацыяльных пертурбацый. Ён з’явіўся на свет у сям’і звычайных сялян, былых касцюшкаўскіх прыгонных. Калі зірнуць на даты, то яго нараджэнне адбылося праз 83 гады пасля смерці Тадэвуша – прайшла цэлая эпоха.
Натуральна, што цікавіцца слынным земляком, чые нашчадкі-паны дагэтуль жылі ў Малых Сяхновічах (апошні спадчыннік земляў Касцюшкі пан Дамброўскі, па словах Алены Цыбулі, жыў тут ажно да 1939 года), Павал пачаў не адразу. Спачатку ён закончыў мясцовую пачатковую школу, якая, дарэчы, таксама ўзнікла тут раней за суседнія вёскі, ды паехаў вучыцца ў Маскоўскую настаўніцкую семінарыю. “Вясковыя дзеці маглі пайсці вучыцца толькі на настаўнікаў ды ветэрынараў. Пасля яшчэ дазволілі ім вучыцца на ваенных. Больш нікуды іх не бралі”, — дае новую гістарычную даведку Алена Паўлаўна.
Неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна, бацькоў эвакуявалі на Дон, і на летнія канікулы юнак ужо ездзіў туды. Там у размовах з казакамі пачуў думку, што Тадэвуш Касцюшка быў бандытам, і гэта стала прычынай павышанай яго ўвагі да гэтай гістарычнай персоны. “Як жа так, — задаваўся ён пытаннем, – у нашай вёсцы пра яго расказваюць як пра героя, а тут называюць бандытам”. З таго часу Павал Філіпук намотваў на вус усё, што чуў пра Касцюшку.
Нашмат пазней, калі ён будзе працаваць у школе, ён зоймецца вывучэннем сямейнай гісторыі Касцюшкі ўсур’ёз, будзе запісваць аповеды людзей і фактычныя дадзеныя, якія атрымаецца сабраць. Слова “атрымаецца” тут ключавое, бо, напрыклад, да архіва па такім запыце краязнаўцу не дапусцілі. Адмова фармулявалася ў тым сэнсе, што Філіпук не мае правоў на атрыманне інфармацыі пра Касцюшку.
Не той герой
Важным момантам у станаўленні цікавасці Паўла да Касцюшкі было разыходжанне афіцыйных біяграфічных звестках з тым, што распавядалі жыхары Малых Сяхновічаў.
Павал вярнуўся з бежанства ў польскую дзяржаву – Заходнюю Беларусь. Ісці выкладаць у школу ён не змог, таму проста заняўся сялянскім гаспадараннем. Аднак у кола яго знаёмстваў хутка трапіла ўся мясцовая інтэлігенцыя, у тым ліку пан Прыбора з Вялікіх Сяхновічаў. У яго бібліятэцы бацька Алены Цыбулі знайшоў кнігу пра Касцюшку, якую ўзяў пачытаць. Пачытаць – гэта, канешне, гучна сказана, паколькі польскай мовы на такім узроўні Павал Філіпук не ведаў. Але па вечарах, свецячы сабе лучынай, ён з усіх сіл намагаўся разабраць, што ў той кнізе напісана. Вялікае здзіўленне ў яго выклікала інфармацыя, што Тадэк нарадзіўся ў Мерачоўшчыне.
Пра гэты факт ён і пачне расказваць сваім аднавяскоўцам, і ў размовах на гэтай глебе яму ўдасца назбіраць нямала цікавостак. Бо людзі былі настолькі цвёрдымі ва ўпэўненасці, што гэта лухта, што і сам школьны настаўнік у рэшце рэшт засумняваўся. Найчасцей у спрэчках згадвалі старую Матруну, якая прыслужвала маці Тадэвуша Тэклі – па-мясцоваму Тэклюсі. Тая Матруна распавядала, што асноўны маёнтак Касцюшкаў быў на месцы цяперашняга ўрочышча Жалкаўшчына, да гэтага – Хастыншчына, ад імя бацькі Тадэвуша Хастына. Жалкаўшчынай, як расказвае Алена Цыбуля, Хастыншчына стала пасля таго, як маёнтак адышоў у пасаг сястры Тадэка Кацярыне, калі тая выходзіла замуж за Жалкоўскага.
Дык вось, калі сям’я наязджала з Мерачоўшчыны ў Хастыншчыну, то праваслаўная Тэкля заўсёды наведвала царкву ў Сяхновічах. Яе нязменна суправаджала Матруна, якая і расказвала ўсім, як аднойчы перад Калядамі Тэкля прыехала цяжарная на вялікім тэрміне, каб памаліцца ў царкве за паспяховыя роды. У Сяхновічах яна і нарадзіла Тадэка.
Пра гэта ўсё ў шматлікіх дэталях, якіх мы ўжо не ведаем, расказвалі аднавяскоўцы Паўлу, каб давесці, што ніякая не Мерачоўшчына з’яўляецца месцам яго нараджэння. Гарачыя спрэчкі правакавалі даследчыцкі розум настаўніка шукаць далей, і з часам у яго набраўся ладны партфель з успамінамі пра Касцюшкаў.
Пасля вайны Павал, які ўжо стаў дырэктарам школы, пачаў ездзіць па начальству і даводзіць, што ў Малых Сяхновічах трэба паставіць помнік Тадэвушу, але вынікі гэтых спроб вядомыя – толькі ў 60-я гады ўпершыню ў вёску прыехалі супрацоўнікі Брэсцкага краязнаўчага музея. Да гэтага Павал Філіпук ужо паспеў спаліць усе свае паперы.
Адбылося гэта пасля адной з паездак да начальства. Яго дачка памятае, як прыехаў ён тады выпіўшы, і са словамі “Нікому гэта цяпер не трэба! Кажуць, не той герой!” выкінуў змесціва партфеля ў печку.
Дачка
На шчасце, Павал Філіпук успаміны людзей не толькі запісваў, але і расказваў – дзяліўся новымі вынікамі пошукаў літаральна з кожным, хто дэманстраваў хоць нейкую цікавасць. Яго дачка Алена, седзячы за ўрокамі, раз за разам праслухоўвала гісторыі пра Матруну, Тэклюсю і астатніх. Хоць малое дзяўчо не падзяляла бацькава зацікаўленне, але яго аповеды міжволі заставаліся ў галаве. “Каб я тады ведала, наколькі гэта важна, я б кідала ўсё і слухала. Але замест гэтага я крывілася: зноў ён пра свайго Касцюшку расказвае!”.
Цяпер Алена Паўлаўна стала сапраўднай прадаўжальніцай бацькавай справы. Як выйшла на пенсію, і ў яе з’явілася больш вольнага часу, пачала збіраць сямейныя гісторыі, фотакарткі, даследаваць мінулае роднай вёскі.
А яшчэ расказваць усім ахвотным пра Касцюшку.
Іна ХОМІЧ
Ответить