Перасяленне нумар раз: знікненне вёскі
Знайсці сведкаў тых падзей у Харсах зусім не складана. У вёсцы пакуль шмат прадстаўнікоў пакалення пачатку 30-х, сустракаюцца і доўгажыхары з 20-х. Гэтыя людзі добра памятаюць 1939 год, калі Заходняя Беларусь змяніла гаспадара з Польшчы на СССР. Менавіта на даваенны час прыходзіцца першае адсяленне Харсоў з наседжанага месца. Соф’я Жук, якую мы застаем у хаце за праглядам любімага серыяла, прыгадвае:
– Калі адсялялі першы раз, то нас параскідалі: каго ў Ліпінкі, каго ў Прыбарава, каго ў Косава. Дзе былі пустыя хаты, туды і перасялялі. Вёска Харсы перастала існаваць.
Пераязджаць селяніну ў канцы 30-х было складаней, чым можна падумаць сучаснаму чалавеку. Забіралі не проста ўвесь дамашні скарб, але і жывёлу, разбіралі і перавозілі па магчымасці пабудовы, каб на новым месцы паставіць іх нанава. Тая яшчэ прыемнасць і зручнасць, асабліва для сталых людзей. Плюс гектары ворнай зямлі, якую з сабой не забярэш. Папаклялі тут новую ўладу, з сумам і зайздрасцю гледзячы на другі бок Буга, дзе працягвалі мірна стаяць польскія вёскі. Яны таксама апынуліся на самай мяжы, але іх жыхароў ніхто не чапаў.
Сям’я Соф’і Жук пераехала ў Ліпінкі, ці Лэпэны, як называюць тут суседнюю вёску. Таксама гвалт над традыцыйным укладам чалавека, але ўсё ж не параўнаць з пераездам у цэнтральную Беларусь, за 300 кіламетраў ад роднага гнязда. Такі лёс напаткаў, напрыклад, сям’ю мясцовага солтыса Пойты, дачка якога Ірына (Ярэся) у дэталях прыгадвае тую прыгоду.
– Нам “добра” прыйшлося! Мы ж над саменькім Бугам жылі, хаты нашы над ракою стаялі. А насупраць такое ж сяло – Стаўкі (Стаўке), то яны ўвесь час жывуць, іх не адсялялі. Нас завезлі ў Косаўскі раён ды згрузілі на станцыі Івацэвічы. Мясцовым людзям далі каманду забраць нас на падводах і давезці да месца. А там такое балота было… Палякі былі тое балота часткова асушылі і набудавалі такіх нібы пасёлачкаў. У нашым было 12 хат і маслазавод. Як прышлі Саветы, амаль усе палякі перабраліся назад у Польшчу, а будынкі ўсе засталіся – вось у іх нас і засялілі. Наш пасёлак быў за 5 кіламетраў ад сяла Любішчыцы. Я ў школу туды хадзіла – адзіная з перасяленцаў. Астатнія не захацелі, бо далёка, а мяне бацька прымусіў. Ён сам у бежанстве вучыўся, хацеў, каб і я граматная была.
Мясцовыя ўлады спрабавалі агітаваць перасяленцаў ствараць калгас, але харсоўцы не захацелі. Яны ў любым выпадку разам касілі, засявалі і жалі былыя каланісцкія палеткі, але пасля ўраджай дзялілі.
Перасяленне нумар два: вяртанне
З пачаткам вайны паміж СССР і Германіяй і ўсталяваннем наступнай улады харсоўцы пачалі вяртацца ў свае дамы – у каго яны ацалелі. Не згаворваючыся, вярталіся ўсе – і тыя, хто асеў у суседніх вёсках, і тыя, каго завезлі ажно ў цэнтр краіны. Як кажа Соф’я Жук, не паехалі назад толькі некалькі сямей з хутароў.
Чаму не засталіся ў месцы перасялення? – пытаю ў Ірыны Пойта. І яна дае на гэты вельмі просты, па-сялянску прагматычны адказ: гэта ж былі не нашыя будынкі. Такім чынам, харсоўцы вярталіся не проста на радзіму – вярталіся да сваёй маёмасці, трываласць якой у тыя гады стала вельмі ўмоўнай, але нічога больш надзейнага ў іх усё адно не было.
І зноў жа: найцяжэй тут прыйшлося перасяленцам у цэнтральную Беларусь. “Туды нас завезлі цягніком, а назад вярталіся падводамі, — кажа Ірына. – Бацька 9 разоў ездзіў, пакуль усё перавёз”. Здараліся ў аднавяскоўцаў і сваркі за маёмасць, бо за два гады, што вёска пуставала, некаторыя будынкі, якія заставаліся на месцы, былі забраныя прадпрымальнымі аднавяскоўцамі. З Косаўскага раёна прыгледзець за маёмасцю не было ніякай магчымасці.
Немцы ж, з аднаго боку, вярнулі харсоўцам права на ўласнасць ля мяжы, з другога боку, гэтую ўласнасць моцна і падпсавалі, часткова спаліўшы вёску за сувязь з партызанамі, якія прыходзілі сюды за харчамі.
Такім чынам, будоўля тут з 1941 года з розных прычын фактычна не перапынялася.
Перасяленне нумар тры: сучаснае месца
Калі Саветы аднавілі ўладу на тэрыторыі Заходняй Беларусі, уступіла ў дзеянне і папярэдняе іх рашэнне пра адсяленне з савецка-польскай мяжы. Людзям зноў прыйшлося пакаваць рэчы.
На гэты раз, праўда, адбывалася ўсё больш дэмакратычна: харсоўцаў больш не дзялілі, а прапанавалі перанесці ўсю вёску на новае месца. Ірына Пойта ўспамінае выбары гэтага месца:
– Сабраліся і пачалі абмяркоўваць, дзе ставіць сяло. Спачатку вырашылі на полі каля Прыбарава, але пасля нехта сказаў: калі мы зоймем такое поле пад сяло, то дзе ж мы будзем працаваць, з чаго мы будзем жыць?
Так Харсы аказаліся ва ўрочышчы Багны, непрыдатным для сельскай гаспадаркі. Тут былі балоты і хваёвы лес. Гэты пераезд таксама каштаваў людзям здароўя, бо паспрабуй выкарчуй пні, расчысці месца пад сядзібу ды яшчэ і агарод нейкі зладзь на балотна-лясной цаліне. Ніякіх грашовых кампенсацый дзяржава, натуральна, не плаціла. Дапамагчы Савецкай дзяржаве ставілася ў абавязак – без права выбару.
Соф’я Жук прыгадвае, што на пакінутых ля ракі палетках нейкі час яшчэ калгасам касілі траву. Праходзілі праз КПП разам з брыгадзірам, вечарам гэтак жа вярталіся. У першыя паваенныя гады ў абавязак калгаснікаў уваходзіла таксама абворванне кантрольна-следавай паласы, якая пакінула па-за доступам іх ранейшае месца жыхарства. Не стала яно даступным і цяпер, у краіне-спадкаеміцы жандармаўскіх метадаў аховы дзяржаўнай мяжы.
Людзі, натуральна, не трымаюць крыўды за мінулае. Але пра Саветы тут гавораць як пра нешта знешняе, да Харсоў недатычнае, з той жа інтанацыяй, што і пра Германію і Польшчу. Не з нянавісцю, а з абыякавасцю. Сваёй гэтая ўлада харсоўцам так і не зрабілася. “Комуністы: тэ будэш робэты, а він будэ істы”, — гаворыць мясцовая прымаўка савецкіх часоў.
Добра заўважана, між іншым.
Ответить