Трэба адзначыць, што пераважную большасць сярод экспанатаў складаюць фота, зробленыя нямецкімі фатографамі. Некаторыя здымкі паслужылі асновай для тыражных паштовак, якія ў вялікай колькасці адпраўляліся нямецкімі і аўстрыйскімі ваеннымі на радзіму з акупіраванай тэрыторыі. Асабліва многа на іх выяў помнікаў, якія і сёння з’яўляюцца ўпрыгожаннем г. Пружаны – палацык, сабор Аляксандра Неўскага, гандлевыя рады “Белыя лаўкі”, касцел, аптэка і інш. Так як выпуск друкаванай прадукцыі быў масавым, выяўленне паштовак з відамі горада з’яўляецца найбольш частай знаходкай (хаця захавалася іх нямнога). Акрамя відавых фота, папулярнымі былі сюжэтныя: мясцовыя жыхары на старых вуліцах – Аляксандраўскай, Замкавай, Тамашоўскай, Мясніцкай, Калоніі, Могілкавай, на гандлевай плошчы, на мастах праз р. Мухавец.
Здымкі ўзгаданага перыяду прадстаўляюць даволі цікавую крыніцу для даследчыкаў. Дзякуючы ім адкрываюцца раней невядомыя старонкі мясцовай гісторыі. Уважліва разглядаючы фота, можна ўбачыць, што Пружаны ў пачатку ХХ ст. былі чыстым і прывабным горадам. Але з-за таго, што большасць гарадскіх вуліц была незабрукаванай, у час непагадзі яны ператвараліся ў бездараж. Зімой 1915–1916 гг. да Пружан ад станцыі Лінова была пракладзена вузкакалейка, якая звязала горад з чыгуначнай лініяй Брэст – Масква. У 1916–1918 гг. у горадзе з’явілася электрычнаць. Гэта пацвярджаюць не толькі ўспаміны мясцовых жыхароў, але і фотадакументы: на адным з іх можна заўважыць устаноўку слупоў і нацягванне электраправадоў у раене Белых лавак. Вялікае значэнне прадстаўленыя фота маюць для вызначэння даты пабудовы шэрагу гарадскіх аб’ектаў. Акрамя ўзгаданых помнікаў, даціроўка якіх устаноўлена, вынікае, што да1915 г. ў горадзе ўжо існавалі будынкі, дзе сення змяшчаюцца: пошта, завочнае аддзяленне аграрна-тэхнічнага каледжа, дом малітвы (вул. Тармасава), гандлевы дом “АСТ”, магазіны “Люкс” і “Родны кут”, двухпавярховы дом каля “Універмага”, шэраг драўляных дамоў на вул. Свабоды, Чырвонаармейскай, Тармасава, Леніна, Купалы. Некаторыя фота даюць уяўленне аб аб’ектах, якія ўжо не існуюць: Прачысценская царква (на яе месцы стаіць “Універмаг”), драўляны храм (каля “Універсама”), ветракі (раен аўтапарка № 11), драўляная забудова ў розных частках горада і інш. Акрамя таго, на некалькіх фотаздымках адлюстраваны нямецкія пахаванні на каталіцкіх могілках і яўрэйскія могілкі (часткова захаваліся).
Пры падрыхтоўцы матэрыялаў выставы даволі нечаканым аказаўся той факт, што шэраг фотадакументаў прайшоў пэўную “зачыстку” ці “дапрацоўку”. Параўноўваючы фота, якія на першы погляд з’яўляліся аднолькавымі, было заўважана, што з некаторымі працавалі рэтушоры – зацерты некаторыя фігуры (часцей нямецкіх салдат). На іншых, наадварот, з’явіліся дадатковыя элементы. Трэба адзначыць, што сярод іх есць фатаздымкі, якія ўжо трапілі ў друкаваныя альбомы ці размешчаны ў сетцы Internet пад выглядам арыгіналаў.
На жаль, аўтары падаўляючай большасці фотаздымкаў, якія прадстаўлены на выставе ў музеі, застаюцца невядомымі.
Асобнае месца на выставе займаюць 22 фатаграфіі з альбома нямецкага маёра Франца Гроса з Вюртэмбергскага пяхотнага палка ландштурма № 13. Ен у 1916–1917 гг. служыў у Пружанах і “Пружанскім лагеры”. Яго фотаздымкі сталі сапраўдным адкрыццем, якое дазволіла па-новаму паглядзець на перыяд Першай сусветнай вайны, раскрыць невядомыя старонкі жыцця Пружаншчыны. Так, дзякуючы унікальнай знаходцы, удалося пацвердзіць, што аб’екты з назвамі “Pruzana” і “Pruzana-Lager” прадстаўляюць сабой два розныя населеныя пункты. “Пружанскі лагер” знаходзіўся на адлегласці 6 кмад аднайменнага горада на тэрыторыі сучаснай в. Слабудка. Раней большасць даследчыкаў фактычна атаясамлівала абедзве назвы, таму ў даведнікі і альбомы трапіла памылка ў іх лакалізацыі. Сапраўды, у той час гэтыя два аб’екты амаль не падзяляліся, але яны былі розныя, кожны з іх меў сваю структуру і прызначэнне. Атрымліваецца, што фотаздымкі з указаннем “Pruzana” не заўседы адлюстроўваюць сучасны горад. Работы Гроса гэта яскрава пацвярджаюць. Унікальнасць яго фота ў тым, што большасць з іх не сталі тыражнай прадукцыяй, іх амаль не знойдзеш на паштоўках. На здымках нямецкага маёра можна ўбачыць адлюстраванне розных бакоў жыцця Пружан: атэль “Маскоўскі”, галерэя ў “Белых лаўках”, нямецкі “Ганзейскі клуб”, гарадскі духавы аркестр, паштовая аўтакалона, а таксама фота вядомых аб’ектаў горада, але з незвычайных ракурсаў. У альбоме знаходзяцца разнастайныя фота з “Пружанскага лагера” – вуліцы і ваенныя абекты, пляцы, заняткі ў куляметнай школе і інш. Грос адлюстраваў таксама сядзібу Чахец, дзе ў перыяд нямецкай акупацыі знаходзілася мінаметная школа, і чыгуначную станцыю Лінова. Трэба адзначыць, што ў альбоме маёра Гроса, які носіць назву “З палескіх балот 1917 г.”, знаходзяцца не толькі фота, зробленыя на Пружаншчыне, але і ў іншых мясцінах Заходняй Беларусі – усяго 158 чорна-белых фотаздымкаў выдатнай якасці. Альбом маера Франца Гроса быў надрукаваны ў 1917 г. ў г. Лейпцыг (Германія) ў друкарні “Доктар Грэнклер і Ко”. Узгаданы фотаальбом стаў адным з найкаштоўнейшых набыткаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык” у2014 г.
Невялікую частку выставы складаюць дакументы, што апавядаюць аб лесе ўраджэнцаў Пружаншчыны, якія ў перыяд Першай сусветнай вайны служылі ў расійскай арміі, аказаліся ў бежанстве ці засталіся ў зоне акупацыі, трапілі ў палон.
Выстава “З нямецкага фотаальбома 1914–1918 гг.”, прысвечаная 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны, будзе працаваць у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” да кастрычніка 2014 г.
Фота (матэрыялы з фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”):
- Вокладка фотаальбома маера Ф.Гроса.
- Від на Пружанскі палацык. 1915 – 1916 гг.
- Сабор Аляксандра Неўскага. 1915 – 1917 гг.
0 комментариев
Наталья Алейникова
14.05.2014 в 21:46Блюхер
14.05.2014 в 21:46А где ж вокладка? )))