Не злічыць іх – знаёмых, сяброў, паплечнікаў, з кім звёў яго лёс на пакручастым жыццёвым шляху і якія прайшлі праз яго за мінулыя 75 гадоў.
Не злічыць і дарог, што пройдзены і зведаны за гэтыя сем з паловай дзесяцігоддзяў, калі яго ледзь не пасля нараджэння прывезлі з-пад Дзвіны на Маларытчыну, дзе ў 1939-м маці даручылі вучыць і выхоўваць мясцовых малалетак. Тут у першы ж дзень вайны нямецкі снарад забівае матулю і браціка, выбівае асколкамі вочы бабулі.
Малы Лёнік, якому асколкі трапілі ў галаву, ледзь падлекаваўшыся, трапляе да прыёмных бацькоў – дырэктара блізкай да Маларыты Ляхавецкай школы Аляксея Нічыпаравіча Афанасьева і яго жонкі Ларысы Мефодзіеўны. І адразу зноў далёкая дарога – іх разам вязуць у Германію, у кляты фашысцкі канцлагер.
Так і далей бясконцымі ніцямі пралеглі яго дарогі па жыцці. Не злічыць тых дарог-шляхоў, якімі пасля Брэсцкага чыгуначнага тэхнікума ён пратэпаў, будучы пуцявым абходчыкам, колькі сам праклаў чыгуначных пуцей і дарог, колькі лягло пад яго ногі пуцявін, калі блукаў па Прыбужжы, працуючы ў раёнцы… У розных кірунках праляглі яго шляхі падчас паездак па розных гарадах і рэспубліках, куды ён бясконца вазіў на спартыўныя спаборніцтвы школьную дзятву. І як працяг дарог – незлічоныя радкі яго шматлікіх кніг, адну з якіх ён так і назваў – “Дарога”.
Страла жыцця, што віхурна пранеслася па гэтых дарогах, увасобілася ў героях яго твораў, выразна адбілася на яго характары, абліччы; лягла на пабялелых скронях.
Калі ж, не прыпомніць, з’явілася тая першая бялявая пасмачка?
Можа ўжо тады, калі ў канцлагеры фашысцкі слугач бязлітасна збіў яго худзюшчае цельца за тое, што даеў сабачы “паёк”?
Ці можа тады, як тая пані-жонка Першага няведама чаго ўцярэбілася сярод ночы на пешаходны мост і зламала каблучок? О, як яго — майстра, адказнага за стан таго маста, валтузілі і бязлітасна распякалі за недагляд!
Ці можа першую белізну ў валасах ён заўважыў, калі яму падчас візіту Хрушчова як майстру даручылі не прапускаць які б то ні было транспарт на тэрыторыю чугункі, а нейкі выпадковы кіроўца вадавоза, не ведаючы аб візіце высокага кіраўніка, выскачыў на трасу ледзь не пад мігалкі з “чайкамі”. Да гэтай пары не забываецца, як здымалі з яго, без віны вінаватага, стружку ды пясочылі на розныя лады.
Не забываецца, як па просьбе бацькоў павёз ён малое дзяўчо на выступленне ў сталіцу. Тая дурніца адразу на вакзале знікла, як скрозь зямлю правалілася. Пытаў, званіў, месца сабе не знаходзіў. Толькі пасля высветлілася, што тая ўцякачка рашыла праявіць самастойнасць і сама дабралася куды трэба.
А то было і так, што падчас паездкі са школьнікамі за мяжу хлапчукі з яго спартыўнай каманды перад самай адпраўкай цягніка, нічога нікому не сказаўшы, наважыліся пашукаць у чужым горадзе кваску. Ледзь не шалеючы, кідаўся кіраўнік ва усе бакі, шукаючы прапаўшых. Нікто не ведае, колькі гэта каштавала нерваў і пакутаў…
Немагчыма ні апісаць, ні злічыць тых прыкрых хвілін і эпізодаў, што выпалі на долю Аляксея Георгіевіча, што кожны раз дабаўлялі пакут і сівых последаў на яго скалечаную асколкамі галаву.
З маленства зведаўшы горкую нядолю і цяжкі працоўны хлеб, ён блізка да сэрца прымаў беды іншых людзей. У яго на вачах жанчыны-працаўніцы цягалі непад’ёмныя чыгуначныя шпалы, здабывалі куцыя капейкі на скарынку хлеба, і ён як мог падстаўляў юначыя плечы, за што і яму плацілі дабрыней, павагай і спагадай.
Не дзіва таму, калі іх брыгадзе спусцілі “ганаровае даручэнне” – пазразаць крыжы з Нікольскага храма ў Брэсце, знаёмы прараб па-таварыску параіў: “З’едзь, хлопец, на некаторы час з горада, каб і духу тут твайго не было. Дрэнную справу нам ліхадзеі рыхтуюць…”
Ведаў ён, што смелы юнак не зможа адмовіцца, возьме грэх на душу не па сваей волі. І засланіў, убярог ад кары немінучай…
Людзі з разнастайнымі, непрадказальнымі лёсамі становяцца героямі адной з першых аповесцей А.Філатава – “Канёздрыкі”. Простыя звычайныя людзі, нібыта тыя бездапаможныя кволыя веснавыя кветачкі, хаця і гібеюць пад ветрам і холадам лёсу, але дзякуючы ім жыве свет, напаўняецца сонечным святлом і прыгажосцю; яны пераадольваюць нягоды і няўхільна шукаюць лепшай долі, не губляюць надзеі на светлую будучыню.
Нялёгкая доля пісьменніка ў нашым краі. Пастаянна думаючы пра кавалак хлеба надзённага, ён творыць летапіс часу, гартуе волю людзей, прабуджае веру і надзею на светлае заўтра. Адна за другой выходзяць у свет кнігі Аляксея Філатава “Дарога”, “Жывая зямля”, “Адарваць ад сэрца”, “Асколкі болю”, “Страла жыцця”, “Жывому жыць”. І праз кожную скразной лініяй праходзіць балючая праўда жыцця, мужнасць, суровая доля і сіла духу нашага сучасніка, пераканаўчая вера ў Беларусь, беларускі народ, яго лепшую будучыню.
У мінулым годзе пад рэдакцыяй Філатава выйшла унікальная, бадай адзіная на апошні час, кніга аб малалетніх вязнях фашызму – “На абпаленых крылах”.
А якім адметным народным гумарам напоўнены старонкі яго кнігі гумару – “Ляхавецкая торба”!
Падараваў мужнаму патрыёту Радзімы беларускі Бог талент за Купалам, за Багдановічам, за Бядулем, за Рудкоўскім складаць песні “краіны народа, які дачакаецца залацістага яснага дня”.
75 гадоў крочыць па зямлі пісьменнік Аляксей Філатаў — разважлівы, шчыры, улюбёны ў сваю Беларусь, таленавіты і няўрымслівы творца, сэрца якога балела і баліць за людзей, за справу, за бясконца дарагую Радзіму. Хай жа яму і такім жа самаадданым рупліўцам хопіць таленту і сілы дачакацца шчаслівага жыцця на Бацькаўшчыне!
Іван МЕЛЬНІЧУК, cтаршыня Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў
0 комментариев
Наталья Алейникова
07.02.2015 в 11:05