Каб атрымаць такі дакумент, які выправілі аўтару, трэба праехаць на прадастаўленым Акадэміяй жоўтым веласіпедзе беларускай вытворчасці некалькі “станцый” і выканаць патрабаванні разметкі і інструктара, падпалкоўніка Юрыя Краснова. Таксама ёсць дзве кропкі, дзе інструктар і кампутар правераць вашы тэарэтычныя веды. Вам будзе прапанавана апазнаць дарожныя знакі і адказаць на 10 пытанняў з Правілаў дарожнага руху.
Брэсцкая сесія Акадэміі VELOCITY прайшла ў суботу 12 ліпеня каля палаца спорту “Вікторыя”. Напачатку атэставалі блізу дзясятка мясцовых журналістаў. Яны пагадзіліся рызыкнуць у латарэі. Выйграць можна было беларускі веласіпед. Дарэчы, нечакана ён дастаўся… прадстаўніку БРСМ. Менавіта ягоны нумар выпадкова выцягнулі з барабана. Як патлумачылі арганізатары, гэтая арганізацыя прадаставіла для рэкламы акцыі свой сайт і тым самым атрымала правы прэсы.
Паколькі перыядычна накрапвала, гараджан прыйшло няшмат. Акцыя стала карыснай для некалькіх дзясяткаў дзяцей і падлеткаў.
Нельга не адзначыць вельмі ўдалы назоў акцыі. Ён насамрэч падтрымлівае брэнд Velcom на некалькіх узроўнях. “Velocity” ў перакладзе з англійскай мовы абазначае «хуткасць», а ў нас, не носьбітаў англійскай мовы, выклікае дадатковую станоўчую асацыяцыю “горад, дзе пануе веласіпед” (“вела”+ “city”, “горад”).
Як удалося даведацца, Velcom даручыў правядзенне сваёй акцыі аднаму з мінскіх рэкламных агенцтваў. Тое наняло каманду – каля двух дзясяткаў валанцёраў і менеджараў, збольшага студэнтак мінскіх ВНУ.
Варта было б ім наняць хоць аднаго студэнта “з рукамі” – велікі для квэста былі не вельмі. Без пытанняў толькі тармазы. Па ходу памяняў два ровары. У аднаго амаль адваліўся правы шатун, у другога жыў самастойным жыццём руль. Гэта было неадэкватна распісцы аб уласнай адказнасці за ўсё, што здарыцца на трасе, якую (прадбачліва?) ўзялі з мяне арганізатары.
Прыцягнула (або адцягнула?) ўвагу піяр-кампанія на суседняй пляцоўцы. Там пад гучную музыку гулялі стрытбалісты, стаялі эмблемы Белавія, БРСМ і… легкавік з гіганцкай пляшкай энергетычнага напою. Велаакадэмікі патлумачылі, што да іх энерджайзеры не маюць дачынення, – “проста мы працуем паралельна”. Ці быў ад гэтага кумулятыўны эфект, ці, наадварот, эфект узаемнага аслаблення – пытанне вялікае.
Пашкадую, што Акадэмія апынулася адарванай ад нашага мясцовага болю – адстунасці на цэнтральных брэсцкіх накірунках руху такіх веладарожак, якія ўсталяваны скрозь у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе і нават, ужо, у Мінску. Не было заўважана каля палаца “Вікторыя” нікога з мясцовых чыноўнікаў і тутэйшых прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспекцыі, каму можна было б пра веласіпедную інфраструктуру нагадаць яшчэ раз.
Ці пераважаюць пазітывы? Гэта вырашаць самой Telecom Austria Group, уладальніку беларускага аператара Velcom. Назаву яшчэ некалькі гэтых пазітываў. Летась у Брэсце былі ўстаноўлены велапаркоўкі Velcom, у прыватнасці ў Брэсцкай крэпасці, наўзамен саматужных, вырабленых з крамных прадуктовых кантэйнераў (агулам у Беларусі ўсталявалі 75 велапарковак, сёлета абяцаюць яшчэ 55). “Падчытаць” правілы язды на веласіпедзе, атрымаць карысныя падказкі, падрыхтавацца да здачы экзамена на “велаправы” можна онлайн, набраўшы http://velocity.velcom.by
Тамсама можна даведацца і пра наступныя даты і месцы заняткаў у Акадэміі VELOCITY . Праект плануецца працягваць сёлета да кастрычніка і налета.
Ответить