Яго радзіма — гэта хутар Куплін каля Пружанаў. Быў Юзік адным з дзевяцёх дзяцей сялянскай сям’і, бацьку якой у 1939 годзе забралі ў ГУЛАГ за тое, што ў гаспадарцы было зашмат кароў. Адтуль той так і не вярнуўся.
Чуллівы да прыроды, назіральны хлопчык маляваў з малых гадоў. Паступіў у Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава. З Мінска, каб набрацца ўражанняў і дабрацца дахаты, частку шляху ішоў пехатою. Загартаваны, быў у дэсантных войсках. Пасля службы ў арміі скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут.
Праца Іосіфа Крупскага ў Брэсце прыпала на цяжкія для мастакоў 1990-я гады. За нясплату арэнды яго пазбавілі майстэрні, за нясплату членскіх унёскаў выключылі з Саюза мастакоў. Але знайшоўся мецэнат за бліжняй мяжой. Натурфіласофскі, краявідны жывапіс Крупскага, а ў асаблівасці ягоны эратычны цыкл карцін алеем знайшлі ў асобе Яцэка Галембіеўскага адэкватнага знаўцу і спонсара. У Польшчы быў выдадзены каталог карцін брастаўчаніна.
У Беларусі карціны Іосіфа Крупскага засталіся ў музеях, прыватных калекцыях. Адну з карцін мастак дазволіў вынесці на вокладку паэмы ягонага земляка Ігнацыя Юзафа Крашэўскага “Вёска”, якую пераўвасобіў па-беларуску і выдаў Мікола Папека. Паспеў Іосіф Рыгоравіч намаляваць шэраг ілюстрацый для наступнага выдання.
Бывай, майстар.
Група сяброў і аднадумцаў
Ответить