У рамках Дня горада
Велафестываль быў задуманы як складнік святкавання Дня горада 26 ліпеня. Таму калона веласіпедыстаў атрымала ўезд у цэнтр. Пракаціліся ад Брэсцкай крэпасці па вуліцах Гогаля, Леніна, зноў Гогаля і Берасцейскай да 5-га форта. На цэнтральнай плошчы вядоўцы ўрачыстасці перад магутнай плынню з тысячы раварыстаў выказалі спадзяванне, што “Александр Сергеевич Палышенков, который всегда заботился о велосипедной инфраструктуре, сделает всё, чтобы она развивалась”.
Выкажу тут здаровы скептыцызм. Нагодаў некалькі. Найпершая — гэта тое, што паводле праверанай інфармацыі спадар Палышанкоў сабраўся на пенсію. А пенсіянер веласправе дапамагчы можа хіба што пры звышматывацыі. Па-другое, якіх два гады таму старшыня гарвыканкама даў адказ велааматарам, што веладарожак у цэнтры горада не будзе. Сёлета, хіба да велафестывалю, аднавілі з’езды на тратуарах ад мікрараёна “Усход” да цэнтра, – тратуары тут так і не раздзеленыя, цэнтр Брэста для веласіпеда цяжкапераадольны.
Папалудні ў 5-м форце жадаючыя маглі ў розных намінацыях (“найстарэйшы век”, “наймалодшы век”, “сям’я”, “самы вытрывалы”) пераадолець дыстанцыю ў 10 кіламетраў 200 метраў. Траса цяжкая, большасцю грунтова-пясчаная, але непераадольнай яе назваць нельга. За 4 гадзіны адзін з дзейных веласпартоўцаў праехаў яе 10 разоў – і стаў “самым вытрывалым”. Мала саступіў яму і 63-гадовы ўдзельнік катэгорыі найстарэйшых – 6 колаў. Былі і сем’і з малымі дзецьмі, якія праехалі дыстанцыю некалькі разоў.
Тыя, хто быў настроены больш на адпачынак, маглі праслухаць экскурсію, прагуляцца ваколіцамі, пакупацца.
Уражанні і рэфлексіі
Распытаў некалькі асабліва каларытных удзельнікаў.
Аліна і Кацярына выдзяляліся з ліку паўтысячы гасцей. На веліках — сцяжкі з эмблемай Менска (Менеска), на галовах велашлемы. Назваліся “веласяброўкамі”. Нядаўна скончылі мінскія ВНУ. Аліна эколаг, Кацярына менеджар па продажах. Пра Першы Брэсцкі фестываль даведаліся з велафорума. “Адразу сабраліся на цягнік, – гэта наша, у Мінску даўно ўжо катаемся”. Спытаў, ці звязана наяўнасць шлемаў са смерцю мінчанкі ў выніку падзення з ровара сёлета ўвесну. Аказалася, абараняюць галаву дзяўчаты ўжо даўно. У Брэсце ім цікава. “Упершыню так шмат вела ў адным месцы!” Ці прыглядаюцца да хлапцоў? Адказ быў станоўчы. Кацярына: “Так, хачу пазнаёміцца з веласіпедыстам. Не важна, з-за мяжы або свой, але каб не піў, не курыў…” Аліна: “І з пачуццём гумару…”. Кацярына: ”…і каб начытаны…” Аліна: “Аўто можа не мець. Галоўнае, каб ездзіў на вела”.
У чарзе па квас прыкмеціў антуражнага хлапца ў ільняной безрукаўцы з беларускім арнаментам. Калі той сказаў, што ягоная дзяўчына наогул ва ўкраінскай вышыванцы, не мог не запрасіць на фотасесію.
Аляксей, інжынер: Цішотку купіў на фэсце “Ружанская брама”. Быў на Дні горада ў Кобрыне, дзе жыве маці. Пра Брэсцкі велафэст даведаўся з інтэрнэту. Удзелам задаволены, як і ягоны брат Міша: “Чатыры гады таму, калі быў школьнікам, амаль нікога на ровары ў горадзе ўбачыць нельга было”. Пра веласіпед Аляксей, як і належыць інжынеру, распавядае грунтоўна: “Нядаўна на адной пляцоўцы ў сеціве пашукаў, хто з кіраўнікоў краін ездзіць або ездзіў на вела. Сарказі ў бытнасць прэзідэнтам Францыі ездзіў. Буш-малодшы, – дык ён нават у нейкіх велатурнірах “ганяецца”. А мы не дараслі. Таму і шараговыя грамадзяне косці ў аўтабляшанках па гораду параць”. Наконт веладарожак у Брэсце Аляксей выказаў асцярожны аптымізм: “Пасля такога фестывалю, можа, і паварушацца, але самі чыноўнікі …з аўто не вылазяць. Дык адкуль матывацыя?”
Прыгажуня Ксенія ўражана колькасцю ўдзельнікаў. Яна яшчэ студэнтка, вывучае нямецкую і англійскую мовы ў тутэйшым ўніверсітэце, самастойна асвойвае ў дадатак да дыпломных моў іспанскую. Як сапраўдны філолаг, бездакорна гаворыць па-беларуску – крыху лепш за мінчанку Кацярыну. “Вышыванка ад матулі, яна ўкраінка”, – тлумачыць Ксенія. Распытваюся пра Украіну. Ксенія адказвае асцярожна. “Калі там жыла бабця, цётка там жыве, дык як магу лічыць, што там ворагі…”. Тут папраўляе сітуацыю Аляксей: “Дык празрыстая ж рэч. Прыехалі… госці і наводзяць там свае парадкі”.
Ці згодныя ездзіць на велатандэме? Абодва смяюцца. “Ну, пасля таго, як Вы падкінулі ідэю, бадай што трэба падумаць…”.
Найбольш прадстаўнічая дэлегацыя з Захаду
Многіх польскіх раварыстаў пазнаю: бывалі ўжо на брэсцкіх велаімпрэзах, адклаліся ў зрокавай памяці. Падыходжу да незнаёмай купкі. “Паньства” з Любартова. Гэта пад Люблінам, 160 кіламетраў да мяжы. Многія ехалі цягніком, але пані Івона Новік засталася вернай ровару. “8 гадзін ехала да Тэрэспаля. Дзве гадзіны прабылі на мяжы. (Пераглядваемся: “Гэта ж колькі можна было б праехаць?” . Рагочам.) Але як не заўважыць пазітыў? “Дык вас прапусцілі! – канстатую факт. – А яшчэ год таму толькі цягніком або з падсадкай, ніякіх роварных перасячэнняў”. Са словаў польскіх гасцей, віза ім была “калектыўная бясплатная”, індывідуалам давялося аддаць 20 еўра. Побытам яны задаволеныя, уражанняў цераз край.
Аўстралійца заспець не ўдалося: паехаў купацца. Не знайшліся і госці з іншых краін. Мабыць, разабралі іх родзічы.
Эдуард, адзін з валанцёраў велафестывалю, паведаміў: “А мелі яшчэ прыехаць 15 галандцаў. Але візы ім заламілі па 120 еўра, дык адмовіліся”.
АД арганізатараў
Намякаю тут на паэму Купалы “Вялікаму Сталіну ад беларускага народа”. Паслалі яе ў 1950-я ў Маскву, у спадзяванні на Сталінскую прэмію . Ліслівасць у абмен на літасць, нешта такое. А потым схамянуліся: як жа гэта: “АД”. Дый яшчэ “беларускага народа”. Асацыяцыі… расстрэльныя!!! Таго і чакалі, хоць і не 37-мы быў на двары…
Але арганізатарам Брэсцкага велафестывалю дык напэўна было пекла. Электронная рэгістрацыя, разбіўка трасы, праграмкі з раскладам фэсту, конкурсамі, купонамі, планам трасы, дыпломы, латарэя… Адзін з “закапёршчыкаў” фестывалю, старшыня велаклуба “Ручаёк” Міхаіл Кузьмянчук сказаў: “Зарэгістравалася найбольшая за ўсе гады новачаснай Беларусі колькасць удзельнікаў – 1350 чалавек. І без рэгістрацыі бралі ўдзел каля паўтары сотні. Так што налічылі мы каля паўтара тысяч чалавек”. З яго словаў, былі велааматары з Польшчы (каля ста чалавек з розных велаклубаў і індывідуалаў), Украіны, Літвы. Адзін чалавек быў са Швейцарыі і адзін нават з далёкай Аўстраліі. “Агулам размясцілі 450 чалавек на дзве ночы ў інтэрнатах і гасцініцах. З дапамогай гарвыканкама стала магчыма знізіць для гасцей плату да долара, у пераліку, за адзін начлег”, – падкрэсліў спадар Кузьмянчук.
Праграму велафестывалю забяспечвалі каля 50 валанцёраў і шматлікія службы: ДАІ, міліцыя. Камунальнікі паклапаціліся пра прыбіральні, ІП пра розныя напоі і харчы, дэсантнікі пра кашу і чай.
Урач “хуткай дапамогі” сказала, што выпадкаў сур’ёзных не было. Дзве драпіны палячылі афіцыйна, яшчэ дзевяці ўдзельнікам памералі ціск або далі таблеткі. “Былі і расіяне сярод іх, двое ці трое”.
Вынікі
На “раздачу сланоў”, нягледзячы на спёку, засталося чалавек з тысячу. Дачакацца дапамаглі пажарныя, якія некалькі разоў набіралі ваду з гідранта і аблівалі ахвотных. Асабліва прыязна грамада сустракала ўзнагароджанне сямей з малымі дзецьмі. Тыя пацешныя як на трасе, так і калі бяруць прызы. Латарэя вызначыла таксама ўладальнікаў каля паўсотні невялічкіх памятных прызоў. Сярод іх два веласіпеды. Для нас ровар пакуль што значная каштоўнасць, таму многія з публікі “вібрыравалі” пры паступовым, з канца, агалошанні выйгрышных нумароў. У выніку адзін велік дастаўся брастаўчаніну, другі паедзе ў Магілёў. “Трапіў у добрыя рукі”, – зразумелі прысутныя з мікрафоннага допыту, які фундатар прыза ўчыніў ззяючаму радасцю ўсходнебеларускаму актывісту веларуху.
Што падслухаў у кулуарах паспяховага, бадай што, фестывалю.
1. Лепшым месцам правядзення надалей мог бы быць картынгавы стадыён у Красным Двары. Там траса падрыхтаваная, рух перакрываць не трэба, і ёсць пляцоўкі для іншых усемагчымых мікраконкурсаў і забаваў (прыкладам, на самы хуткі рэмонт шыны, на самы павольны паварот, на самую прыгожую “васьмёрку” – спіс можна доўжыць). У 5-м форце для гэтага проста месца мала. І купальныя магчымасці ў Красным Двары лепшыя.
2. Ваенны складнік (група чырвонаармейцаў на нямецкіх трафейных матацыклетках, выстава гармат і БМП форта, а дзесьці нават і палявая кухня дэсантнікаў) стылёва дысаніруюць з мірным як-ніяк заняткам, якім з’яўляецца язда на ровары.
3. Музыку пакінуць! Нарэшце не было расійскай кабацкай папсы. Нават беларускія гурты былі – “Стокс” і Н.Р.М.
4. Кошты на квас ды ваду неяк дзіўна адрозніваліся ад гарадскіх. А сувеніраў пра горад, велакашулек, брэлочкаў з сімволікай, хай сабе і дарагіх, зусім у продажы не было заўважана.
5. Самаарганізацыя парадку добрая. Пакінуць як традыцыю! Практычна не было смецця, бо не смецілі. У адрозненне ад байкерскіх забаў, не было п’яных і вынікаючых з пранікаючымі.
0 комментариев
Глеб Александров
30.07.2014 в 22:43Андрей Кухарчик
30.07.2014 в 22:43Отвечу на ваши замечания:
1. Картиноговый рассматривался изначально, но там не нашли круга 10 км где гонять велосипедистам.
2.Военные приехали сами по себе, без нашего разрешения. Ну не выгонять же их было?
3. С музыкой засада — она требует сложных согласований в отделе идеологии, не мне вам рассказывать.
4. На цены влиять мы не могли, к сожалению.
5. Ещё раз подтверждает, что среди велосипедистов культурных людей больше.