На Кобрыншчыне знаходзіцца хутар Божы Дар, дзе змагар супраць расійскай каланізацыі прымаў прысягу на вернасць паўстання. У Маларыцкім раёне пра Траўгута нагадвае фальварак Астроўе — там, атрымаўшы ў спадчыну ад бабулі сядзібу, кіраўнік паўстання некалькі год жыў.
Але імша з нагоды 150-годдзя ад дня павешання Траўгута адбылася ў месцы яго нараджэння – вёсцы Шастакова Камянецкага раёна. За кошт галоўным чынам польскіх грошай і намаганняў на месцы радавога маёнтка Траўгутаў аднавілі мемарыяльную дошку, усталяваную ўпершыню ў 1930-х гадах. Акрамя таго, цяпер тут расчышчаны фундамент аднаго з будынкаў, узведзены вялікі каталіцкі крыж і стэнд з інфармацыяй пра Рамуальда Траўгута. Харцэры берасцейскай дружыны імя Рычарда Снарскага часткова высеклі кустоўе і забрукавалі каменнем вялікі пляц для ўрачыстых цырымоній. Праўда, імша праходзіла не на ім — 5 жніўня, калі адбывалася імпрэза, было занадта горача, каб стаяць пад спякотным сонцам. Таму і святар, і харцэры, і госці дружна перайшлі ў цень дрэў.
У набажэнстве пад адкрытым небам прыняў удзел новы консул Генаральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Берасці Роберт Навакоўскі і разнастайныя грамадска-асветныя прапольскія арганізацыі. Нашы гісторыкі і краязнаўцы аказаліся вельмі дарэчы, каб расказаць што-нішто пра асобу Рамуальда Траўгута і ўшанаванне яго памяці ў розныя часы. Напрыклад, Мікалай Власюк распавёў, што ў міжваенны перыяд у Берасці была вуліца імя Траўгута (на месцы цяперашняй Клары Цэткін), плошча Траўгута (частка цяперашняй плошчы Леніна, дзе стаіць помнік), гімназія імя Траўгута (стары корпус БрДУ імя Пушкіна), а таксама ваенная частка ў Паўднёвым гарадку.
У нашы часы ўшанаванне памяці кіраўніка паўстання прыблізна такое ж, як і ўшанаванне памяці яго паплечніка Кастуся Каліноўскага. Добра хоць палякі апекуюцца памятнымі мясцінамі – каб зусім не зараслі дрэвамі і небыццём.
Ответить