У верасні з вакацый выходзяць бясплатныя курсы беларускай мовы “Мова нанова”. Першыя заняткі адбудуцца ўжо 6 верасня.
У новы сезон берасцейскія курсы “Мова нанова” ідуць з некаторымі зменамі. Цяпер заняткі будуць праводзіцца ва ўтульнай канферэнц-зале кавярні “Le Phare”, што знаходзіцца ў новым доме насупраць драматычнага тэатра (вуліца Леніна). Тыя, хто прывык хадзіць на курсы па серадах, мусяць звярнуць таксама ўвагу, што з новага навучальнага года днём сустрэч абвешчана субота. Ёсць некаторыя змены і ў складзе вядучых – імі будуць Іна Хоміч, Максім Хлябец і Вольга Малафеечава.
Курсы “Мова нанова” – гэта адгалінаванне аднайменных сталічных курсаў, якія вядуць журналісты Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская. Заняткі будуюцца такім чынам, каб спалучыць рэальнае вывучэнне беларускай мовы з тэматычным баўленнем часу. Гэта таксама добрая пляцоўка для тых, хто хацеў бы час ад часу гаварыць па-беларуску, але не мае з кім ці проста па нейкіх прычынах не адважваецца.
Пачатак заняткаў а 17 гадзіне штосуботу. Запрашаюцца ўсе ахвотныя.
Служба навін “БК”
Ответить