Маналогі вызначаліся такой аўтабіяграфічнасцю, шчырасцю і добрай іроніяй, што я ў сваім рабочым нататніку адразу запісала “Настасся Якавец!!!”, маючы на ўвазе раскрыць для сябе гэтага чалавека глыбей. Не прайшло і пары год, як наважылася ажыццявіць даўно задуманае.
Маласольныя агуркі ды ўкраінскі кагор
Званю Настассі дамовіцца пра рэпартаж і крыху хвалююся, што патэнцыйная гераіня быць гераіняй адмовіцца – можа даць пра сябе ведаць беларуская сціпласць. Але Настасся са спакоем удава кажа, што не супраць, “прыязджайце, калі вам будзе зручна. Я і іншых жанок папрашу падысці”.
У выніку ў дзень, калі мне зручна, Настасся ўжо сустракае мяне з дызеля з роварам у руках. Я шчаслівая трохі прайсціся, бо за пяць гадзін у цягніку пятая кропка патрабуе руху, але доўга ісці не прыходзіцца. На шляху паспяваю толькі пабачыць мясцовы Дом культуры, у якім прапісаны народны калектыў “Лабчанка” і дзе на частку стаўкі працуе сама Якавец. Будынак тыповы савецкі, ён аніяк сваім выглядам не запрашае зайсці ўнутр, але, на шчасце, гэтага і не патрабуецца: гасцінная гаспадыня арганізавала сустрэчу ў сябе дома.
Я прыходжу раней за калег Настассі, таму дапамагаю ёй накрыць стол. Застолле было б абсалютна лішнім пры сустрэчы з любым гарадскім калектывам, а тут, у Лобчы, гэта выглядае настолькі натуральным, што я і не думаю пярэчыць гаспадыні, якая кажа: “Усё ж такі знаёміцца за сталом – гэта больш душэўна”. Толькі выставілі разнастайныя прыгатаваныя Настассяй стравы, як падышлі і іншыя “лабчанкі”, з цяжкасцю адарваўшыся летнім днём ад прысядзібных спраў. На стале побач з маласольнымі агуркамі і бульбай з кропам з’яўляецца ўкраінскі кагор, які жанчыны згаджаюцца піць, нягледзячы на несімпатыю да новага прэзідэнта Украіны Парашэнкі. “Украінскую” пазіцыю артыстак тактоўна не раскручваю – каб у самым пачатку не правалілася мая місія. Тым больш што застольная бяседа хутка мяняе тэму. Украіна, якая, відавочна, абмяркоўвалася не раз, саступае перад больш актуальным: ці паедзе калектыў на парад, прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі. Дакладней, што калектыў паедзе, вырашана даўно, а вось склад дэлегацыі не да канца ясны. На гэтым сур’ёзным пытанні “лабчанкі” так засяроджваюцца, ажно забываюцца смакаваць кагор, але і без яго, размяўшы ў спрэчцы галасавыя звязкі, прыгожа і шмат спяваюць.
Як усё пачыналася
Пераходзім з Настассяй у залу, дзе калісьці “Лабчанка” рабіла свае першыя крокі. Калі калектыў быў зусім малады, Дом культуры знаходзіўся ў аварыйным стане і незамужняя яшчэ Насця запрасіла каляжанак рэпетаваць у яе новай хаце. Як тады пачала камандаваць “тут станьце, а тут сядзьце”, так і засталася камандзірам гурта на наступныя трыццаць год.
– Наш калектыў з’явіўся яшчэ ў 1984 годзе. У той час ведаеце, якія калектывы былі, – пад прымусам. Вось і ў нас перад нейкім святам ці аглядам мастацкай самадзейнасці старшыня калгаса загадваў інтэлігенцыі, бухгалтэрыі ісці спяваць. Хто на рэпетыцыю не прыйдзе – таму прагул на працы. Я ў калгасе не працавала, працавала на чыгунцы, але таксама прыйшла, бо вельмі любіла спяваць. Парэпетавалі мы крыху патрыятычныя песні, пасля нешта надумаліся, што трэба яшчэ і фальклор спяваць. Бухгалтэрыя крыкам крычыць: мы не ўмеем. Вырашылі сабраць даярак, і я да іх перабегла!
З асаблівай інтанацыяй у голасе кіраўнічка калектыву згадвае памерлую бабу Кацю – спявачку з таго першага складу, якая памятала шмат старых песень і валодала голасам, што прыцягваў увагу прафесіяналаў.
Калі ж калектыў стаў “народным” і пачаў даваць сольныя канцэрты, кіраўнічка зразумела, што проста спяваць – нецікава, трэба між песнямі ўстаўляць іншыя жанры. Тады ў рэпертуары “Лабчанкі” з’явіліся жартаўлівыя сцэнкі, а сама Якавец напісала сваю першую байку.
– Яна называлася “Байка пра Чарнобыль”. Гэта была байка пра наша жыццё, пра мары аб будучыні, і людзям яна вельмі спадабалася, надта ж яе слухалі. Гэта мяне натхніла пісаць далей.
“Што ні байка – то пра Івана”
Я пытаю пра герояў, ведаючы, што асноўны персанаж баек Насці Якавец – яна сама. У кіраўнічкі “Лабчанкі” проста зайздросная здольнасць смяяцца з самой сябе, што так рэдка сустракаецца сярод людзей. Але субяседніца дае мне не зусім той адказ, якога я чакаю:
– Найчасцей у маіх байках можна пазнаць майго мужа Івана. Дзесьці ў 2005 годзе я ехала на “Славянскі кірмаш”, то ён мяне прасіў: “Насця, ты хоць там пра мяне нічога не кажы! Не ганьбі мяне перад усёй рэспублікай. Хопіць таго, што Лобча з мяне смяецца”. Ну а ў мяне само так атрымліваецца: што ні байка – то пра Івана.
У якасці прыклада гаспадыня расказвае байку “Як я горылку хавала”.
Ой, люды, муй чоловік горылкі ны п’е.
Як ны попадае – і в губы ны бырэ.
Але як узнае, шчо горылка в хаты –
Покуль ны найдэ, будэ вун шукаты.
От я одного разу буракув в калхозе накрала,
Малесу зварыла да самогонкі нагнала.
А потом як взяла мынэ дума:
Ну дэ захаваю ту горылку я?
Ой, дэ вжэ ны хавала!
У муцы – в кадужцы. У пір’і – в подушцы.
Хавала в градцы, хавала в полі,
Хавала в трысках, хавала в стожках,
А тыпэр, думаю, захаваю в хліві.
…Тыпэр жэж на полі корова траву поядае –
Кормушку тую ныхто ны чапае.
От прыйшла корова, вжэ пора доіты.
А чоловік муй кажэ: “Ой ны йды, в хаты посіды ты.
Хіба шчо прыдыш процыдыты”.
От пойшов муй чоловік, повчаса нымае.
Вышла, люды, я на двур – корова рыкае.
Як зашла я в хлів… чоловік спывае.
Заглянула в выдро: молока на два пальці –
Чоловік пуд коровою пускаецца в танцы.
Ох, як заглянула в кормушку — а там пустая банка.
Почаласа з чоловіком у нас в хліві сварка.
І закаялася, люды, я горылку гнаты!
Ну от вы мні скажытэ: ну дэ захаваты?
Байкі Насці Якавец амаль заўсёды пішуцца на родным лабчанскім дыялекце і маюць рыфму. Аўтарка кажа, што так ёй і прасцей, і цікавей. Часам перад публікацыяй у лунінецкай газеце яна перакладае іх на літаратурную мову. “Бо дыялект усё роўна ж беларускі, яно тут жа перакладаецца з аднаго на другое”.
Што да герояў, то дзеля справядлівасці заўважым, што муж Настассі – далёка не адзіны аб’ект гумарыстычных здзекаў баечніцы. Піша яна пра многіх аднавяскоўцаў, што дадуць нагоду пасмяяцца. Некаторыя сябе нават пазнаюць.
– Напісала я аднойчы байку пра аднаго чалавека. А ён пасля майго Івана пераступіў ды кажа: “Што твая Насця ерунду піша? Усё ж не так было!”. Але адкуль жа ён ведае, што гэта пра яго, калі было не так? Я ж там імён не называла.
Яшчэ і казачніца
Пра тое, што Анастасія Якавец піша таксама казкі, шырока стала вядома пасля публікацыі некалькіх рэчаў у зборніку “Казкі маё бабулі”, выдадзеным сёлета абласным грамадска-культурным цэнтрам. Але казкі на творчым узбраенні лабчанкі гэтак жа даўно, як і байкі – проста доўга іх слухачамі былі выключна дзеці, свае і чужыя.
– Я заўсёды заўважала малодшых і расказвала ім казкі. А калі з’явіліся ўнукі, дык пачала не толькі расказваць, але і запісваць. Пасля прыду на рэпетыцыю – жанкам прачытаю. А тыя кажуць: “Ну добра, Насця, малайчына!”.
Па форме казкі Якавец падобныя да яе баек, таксама часта зарыфмаваныя. Але на гэтым падабенства і заканчваецца. Бо ў гэтым дзіцячым на першы погляд жанры апавядальніца праяўляецца ўжо не як гумарыстка, а як філосаф, глыбокі і ўдумлівы назіральнік за жыццём чалавека і прыроды. Напрыклад, яе Курачка Раба знесла залатое яечка не выпадкова, а з жаданнем дапамагчы гаротным Дзеду ды Бабе. Толькі тыя не змаглі скарыстаць з пасланага шанцу і згубілі тое яйка. Тыповая сітуацыя, калі чалавек не можа распазнаць працягнутую руку дапамогі і далей жыве, як жыў.
Здольнасць да баяння не ўзялася ў лабчанкі з паветра. Прыгадваючы сваіх блізкіх, адзначае вялікі ўплыў бабулі, якая прыходзіла з суседняга Луніна ды забаўляла ўнукаў аповедамі ды казкамі, а таксама бацькі – выбітнага апавядальніка з гумарыстычным амплуа. “Як паслухаю яго, ажно чэлюсць адвальваецца. Застаецца зарыфмаваць – і байка гатовая”.
У працэсе размовы заўважаю, што Настасся супрацьпастаўляе сваю творчасць творчасці прафесійных пісьменнікаў. Перапытваю:
– А сябе пісьменніцай не лічыце?
– Не, куды мне! Яны там нешта пішуць, пасля папраўляюць ці перапісваюць. А я нешта сабе прыдумала, запісала – што атрымалася, тое атрымалася.
За хвілін 20 да цягніка выходзім на станцыю. Настасся складае мне кампанію ў чаканні дызеля. Мы яшчэ пра нешта размаўляем – спакойна і нетаропка, як размаўлялі ў хаце. Не таму што ляніва, а таму, што іначай з кіраўнічкай “Лабчанкі” гаварыць не атрымліваецца. Яна ж філосаф і назіральнік, і мітуслівасць з гэтымі якасцямі несумяшчальная.
Ответить