Сусветна прызнаны кінашэдэўр 1957 года ад Сідні Люмэта не тое што па-ранейшаму займае першыя месцы ў рэйтынгах судовых драм, але і вывучаецца ў кінаакадэміях. І вось зусім нядаўна фільм далучыўся да невялікай кагорты стужак, прафесійна дубляваных на беларускай мове.
Дубляж быў зроблены сайтам “Кінаконг” у межах кампаніі “Скажы “не” смяротнаму пакаранню”. Праваабарончая ініцыятыва нездарма пайшла насустрач акторам: фільм якраз і грунтуецца на праблеме адказнасці судовай сістэмы за жыццё чалавека. “12 прысяжных павінны вырашыць, ці забіваў падсудны — падлетак з трушчобаў — свайго бацьку, — чытаем у анатацыі да беларускамоўнай версіі. – Калі яго вінаватасць прызнаюць, хлопца чакае электрычнае крэсла, калі не – вызваленне. Згодна закону рашэнне мусіць быць прынята адзінагалосна. Справа здаецца відавочнай, 11 чалавек галасуюць “за” вінаватасць, і толькі адзін выказвае сумнеў і прапануе абмеркаваць усё яшчэ раз”.
Увесь фільм пабудаваны на дыялогах прысяжных, на іх спрэчках і на іх аргументах на карысць “так” ці “не”. Гледачу хочацца даведацца, забіваў той хлопец свайго бацьку ці не, але стужка не дае на гэта адказ. Яе мэта паказаць, як нашаму ўяўленню хочацца дамаляваць няясныя фрагменты карціны і як на падставе выключна гэтых фрагментаў мы хутка выносім вырак. На справе выходзіць, што мы прымалі рашэнне не на падставе даказаных фактаў, а зыходзячы са свайго настрою, жыццёвага досведу, сімпатый-антыпатый і нават ад тэмпературы паветра за акном. Гэта ў той час, калі судовую памылку пры найвышэйшай меры ўжо не паправіць.
Пры такой задуме рэжысёра не дзіўна, што фільм, зняты ў ЗША, будзе зразумелы паўсюдна. Але глядзець яго важна найперш там, дзе дагэтуль існуе смяротнае пакаранне і дзе ў выніку нядбайнасці можна афіцыйна забіць невінаватага чалавека. То бок, на сёння гэты фільм і для нас з вамі.
У Берасці фільм “12 раз’юшаных мужчын” быў паказаны ў межах тыдня супраць смяротнага пакарання. Паказ і сустрэча з кіраўніком праекта “Кінаконг” Андрэем Кімам адбыліся на адмыслова прысвечаных гэтаму занятках бясплатных курсаў беларускай мовы “Мова нанова”.
Паколькі “Кінаконг” у Берасце заехаў упершыню, то Андрэй Кім студэнтам курсаў заадно распавёў аб працэсе перакладу і агучкі, а таксама канстатаваў, што ў беларусаў пакуль няма грошай на набыццё правоў на сусветныя кінахіты. Гэта, аднак, не збаўляе імпэт “Кінаконга” агучваць іх на роднай мове.
Калі вы зацікавіліся беларускім варыянтам “12 раз’юшаных мужчын”, то паспрабуйце адшукаць яго ў інтэрнэт-крамах “Імбрык” ці “Прастора.бай”. Кажуць, яны там ёсць.
Матэрыял падрыхтаваны ў рамках сумесная праграмы газеты «Брестский курьер» і Рэспубліканскага праваабарончага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» па падвышэнню інфармаванасці жыхароў Брэсцкай вобласці пра стан правоў чалавека ў Беларусі.
Ответить