Бо што б ні казалі на адкрыцці выставы “Ад зямлі да сонца” людзі, што асабіста ведалі гэтых выбітных народных майстроў, час не ідзе на карысць для захавання памяці нават пра самых вядомых постацей. Тых, хто сышоў у іншы свет, пакрысе забываюць і сучаснікі, а што казаць пра новыя пакаленні, якім імёны папярэднікаў найчасцей нічога не гавораць? Таму пра важнасць пэўных дзеячаў трэба перыядычна нагадваць. І выстава — выдатны спосаб зрабіць гэта, калі гаворка ідзе пра творчых асоб.
Дзякуючы выставе і асабліва яе вернісажу, што адбыўся ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, цяпер і маё пакаленне можа расказаць пра Антона Такарэўскага і Веру Гаўрылюк, быццам мы ведаем іх асабіста. Самы вялікі эфект для такога ўражання зрабілі, натуральна, праніклівыя ўспаміны людзей, якім давялося мець зносіны з ганчаром з Пружаншчыны і адраджэнкай традыцыйнга саломапляцення з Берасця. Але калі вы не былі на адкрыцці, то ўсё адно адчуеце герояў выставы з дапамогай іх работ, а таксама раздрукаваных біяграфій і – асабліва – дакументальных фільмаў, што нонстопам ідуць на экране.
Але ў выставе “Ад зямлі да сонца” экспануюцца не толькі работы Такарэўскага і Гаўрылюк. Уласна кажучы, месца гэтых майстроў у агульнай экспазіцыі не вельмі і вялікае, хоць і пачэснае. Асноўная частка выставы — гэта работы сучасных мастакоў-рамеснікаў, якія працуюць на той жа дзялянцы, што і іх ганаровыя папярэднікі. Напрыклад, чорнадымленую кераміку прадстаўляюць Васіль Логвін, Віталь Шапялевіч і нават адзін кераміст з Беласточчыны Павал Пяхоўскі – ганчар у чацвёртым пакаленні, які ў родным Падляскім ваяводстве атрымаў стыпендыю на адраджэнне чорнай керамікі. Васіль Логвін жа ўвогуле называе сябе вучнем Антона Такарэўскага, бо не раз ездзіў да яго за прафесійнымі парадамі, хоць і не паспеў павучыцца паўнавартасна.
Саломка на выставе ўражвае яшчэ больш, чым чорная гліна. Тут ёсць і пано, і скульптуры (сярод іх пераважаюць чамусьці скульптуры коней), і кветкі, і посуд, і шмат іншых прадметаў. Сярод экспанатаў ёсць і работы дачкі Веры Гаўрылюк — Таісіі Агафоненка, якія таксама высока цэняцца сярод адмыслоўцаў. І калі параўноўваць працы сучасных майстроў з працамі пачынальніцы гэтай справы Веры Гаўрылюк, то становіцца відавочным, як далёка пайшло развіццё гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вера Ільінічна з гэтага, безумоўна, цешылася б. Як і Антон Такарэўскі, калі б мог убачыць працы сваіх паслядоўнікаў.
З біяграфій майстроў (паводле выставачнай даведкі)
Вера Гаўрылюк (1904-1985 гг.) – адраджальніца беларускага саломапляцення. Нарадзілася на Беласточчыне. Бацькі былі вельмі таленавітымі і спрытнымі на ўсялякія выдумкі. У сям’і ігралі на розных музычных інтрументах, мама вучыла дзяцей шыць, ткаць, плесці салому. Падчас Другой сусветнай вайны немцы расстралялі мужа Веры Ільінічны, і яна, застаўшыся адна, пасля вайны пачала новае жыццё ў Брэсце. Успомніліся старыя ўменні, перададзеныя мамай.
У 1960-я гады Вера Гаўрылюк пачала займацца пляценнем саломкі і стала першым у рэспубліцы распрацоўшчыкам саламянай сувенірнай скульптуры. Прыёмы яе вырабу яна ўзяла тыя, якія ведала яшчэ з дзяцінства, вобразы — з народнага фальклору, сельскага жыцця, казак. Жадаючы адрадзіць забытае рамяство, майстрыха прапанавала ў 1965-м годзе арганізаваць участак па вырабе саламяных рэчаў на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў.
Працы Веры Гаўрылюк экспанаваліся ў 1960-1970-я гады на выставах у Балгарыі, Югаславіі, Маскве і г.д. Узнагароджвалася медалямі і дыпломамі.
Антон Такарэўскі (1904-1984 гг.) – народны майстар-ганчар. Нарадзіўся ў Пружанах, у старой ганчарскай дынастыі. Самастойна працаваць пачаў у 1920-я гады. Пасля вайны ў 1947-м годзе ў Пружанах была арганізавана арцель, а аднаасобным майстрам было прапанавана набыць патэнт на права надомнай працы і продаж сваіх вырабаў. Такарэўскі паспрабаваў набыць патэнт, але неўзабаве зразумеў, што зарабіць сродкі на пражыццё, на ўтрыманне гаспадаркі вельмі цяжка. У 1950-я гады фінансавыя ўлады пазбавілі яго каня, без якога праца ганчара была немагчымая.
У 1970-х гадах Антон Такарэўскі зноў набыў каня і вярнуўся да ганчарнага рамяства. Яго посуд высока цаніўся тутэйшым людам. Майстар рабіў і традыцыйную паліваную кераміку, але вядомасць яму прынесла менавіта чорнаглянцавая. Дзякуючы яго высокаму майстэрству пружанскую чорнаглянцавую кераміку і сёння ведаюць у многіх краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі.
0 комментариев
Наталья Алейникова
27.10.2014 в 17:26