“Гэта для мяне зусім новыя краявіды, абставіны… Сустрэчы з новымі людзьмі… Гэта ўсё мяне перапаўняе!” — кажа Яўгенія. Падарожжа ў Швецыю прыпала на пачатак лістапада. Са словаў беларусак, гаспадары зладзілі невялікую, але ўтульную шведска-беларускую літаратурна-культурніцкую вечарыну ў Стакгольме, у бібліятэцы шведскага саюза пісьменнікаў. Наша зямлячка чытала свае вершы перад прадстаўнічай публікай!
Жэня дзеліцца ўспамінамі: “Прачытала некалькі сваіх вершаў. Чыталі і шведскія паэты. Аніта Якабсан мне спадабалася. Хоць фактычна нічога не разумела, бо ўсё ішло на шведскай, без беларускай паралелі, але гучанне, інтанацыі, экспрэсія верша…”
Стакгольм вялікі, але спакойны горад — і сваёй нетаропкасцю, немітуслівасцю жыцця цалкам адпавядае менталітэту шведаў, мяркуе ганцаўчанка. “Там усюды кнігарні, людзі чытаюць у транспарце, на вуліцы ёсць адмысловыя столікі для чытання”, — услых зайздросціць дзяўчына.
Гэтую любоў шведаў да літаратуры называе прыемнай неспадзяванкай і Тамара Міхальчук: “Каралеўская бібліятэка заўсёды поўная — людзей там біцалем набіта. Чытаюць засяроджана. Шведы простыя, даступныя, добразычлівыя людзі. Ураўнаважаныя і нехаатычныя. Ніхто не бяжыць на злом галавы. І ўсе добра ведаюць англійскую мову. Ні разу не было, каб запыталася што, а мне не адказалі”. Пытаю пра мовы, якія наогул гучаць на вуліцах шведскай сталіцы. “Выключна шведская, – адказвае спадарыня Міхальчук. – Зрэдку рускую чуваць. Гучную такую. Як правіла, гэта былыя жыхаркі былога (калі маладзейшыя) СССР, якія выйшлі замуж за шведаў”.
Найбольшых уражанняў у брэстаўчанкі тры. “Аднойчы ідзем па Стакгольму — там былі амаль тры дні, дык паказвалі нам горад няспынна. Насустрач старэнькая сухарлявая жанчына, проста апранутая, у руках дзве торбачкі. Няйначай, з прадуктамі з кірмаша ідзе. “Сястра нашага караля”, — кажа гід. І яшчэ адно вялікае адрозненне ад нашых стасункаў — гэта прадуманасць і ўладкаванасць жыцця. Усюды процьма рэстаранаў, рэстаранчыкаў… І не менш прыбіральняў. Яны надта чыстыя і бясплатныя”.
Трэцяе ўражанне гэта дарогі, дарожкі і велікі. “Аўтатранспарту ў Стакгольме шмат, але не бачыла ніводнага корка – рух разведзены рознаплоскасцевымі развязкамі, – дзеліцца брэстаўчанка. – “ Веладарожак мноства. Нас папярэдзілі, каб не прывядзі гасподзь на іх не заходзілі – шведы едуць рашуча і хутка. Адна з самых вялікіх велапарковак перад парламентам. Калі там поўна велікаў – значыць, дэпутаты прыехалі на работу.”
На літаратурнай вечарыне брэсцкая бібліятэкарка, сама аўтарка кніг, праўда, немастацкіх (Тамара Мікалаеўна па прафесіі — выкладчык французскай мовы), прыкмеціла перакладчыка са шведскай на беларускую Дзмітрыя Плакса, які стала жыве ў Швецыі, а таксама былога пасла Швецыі ў Беларусі Штэфана Эрыксана. “Аказваецца, ён яшчэ і літаратар ды перакладчык, можа гаварыць па-беларуску. Паказваў некаторыя свае пераклады з беларускай на шведскую”, — кажа Міхальчук.
Яўгенія Пракапчук атрымала ў падарунак шведскую кніжку для дзяцей, перакладзеную на беларускую мову. Неяк ужо з прафесійным прыцэлам — Жэня хоча стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. “Шведская літаратура мае справу больш з жыццёвымі, практычнымі рэчамі, апісвае сучаснасць, найперш працу чалавека як крыніцу, з якой ён жывіць сябе матэрыяльна, але і духоўна”, — заўважае дзяўчына.
“Патрыятызм, пазбаўлены пафаснага водару?” – спрабую навесці фокус я. І пры гэтым думаю, што вершы Жэні — прынамсі, лепшыя — таксама ў аснове сваёй маюць досыць канкрэтныя вобразы. Як яе лаўрэацкі сёлетні, пра дзікую мяту, якую ўсе лічаць за пустазелле, бязлітасна выдзіраюць, гідзяцца, што падобная да крапівы… “Але ж я не пякуся…” — працінае сэрца чытача (калі яно ёсць) зялёная пахкая безабаронная дзікая мята.
Пытаю пра любімы мною верш школьніцы “Адзінота”, які прынёс Яўгеніі перамогу і паездку ў Львоў на гэтымсама конкурсе у 2013 годзе.
Той, дзе “… ў палон захопіць цішыня,\\Каб адысці ад цяжкага адчаю,\\Лягчэй каб перажыць пакуты дня,\\Ты радыёпрыёмнік уключаеш”. Прысвечаны бабулі Антаніне, якая жыве адна ў вёсцы, і ў яе тыдні наўпрасцяг адзіны сябар і нават суразмоўца — гэта радыёкропка з жывой беларускай мовай. Ці ведае Жэня, што правадную сетку радыёвяшчання скрозь адключылі, і ШТО яна думае з гэтай нагоды? Пра адключэнне кропак Жэня ведае (“але, гэта нядобра: у маёй бабці пад Брэстам ёсць неправадное радыё, хвалі ловіць”), і сыходзімся на тым, што сацыяльная дзяржава, такая як Швецыя, перад тым, як адключаць старым адзіную нітку да шырокага свету, нейкую замену ім прапанавала б. Бо ёсць такія, у каго ні дзяцей, ні ўнукаў…
Напрыканцы школьніца з Ганцавіч аддае тэматычна самую важную і, з яе гледзішча, вартую пераймання дэталь шведскага жыцця. “У Стакгольме надта беражліва ставяцца да матэрыяльнай спадчыны. Пасярод гарадскога квартала там можна сустрэць старыя хаткі. Аднапавярховыя, вясковыя фактычна, як у нас, з двухскатнай страхой. Дык што цікава — іх аддалі шведскім пісьменнікам — каб лягчэй ім пісалася.”
Фота Т.Міхальчук і Я.Пракапчук
0 комментариев
Глеб Александров
07.02.2015 в 14:05