Заўважыў, што нават у параўнанні з паўтаратысячагаловым міжнародным велафестывалем у траўні “велаканюшні” брэстаўчан прыбавілі ў вазе і пародзістасці. Былі ровары з цюнінгам, з наварочанымі механізмамі перадач, найсучаснымі тармазамі, дарагімі велакампутарамі. Адзін такі “конік”, са словаў гаспадара, пацягнуў на 800 еўра. Быў нават …трэкавы велік – гэта значыць, з пастаяннай перадачай моманту кручэння з педаляў на кола і без тормаза. Гаспадар прызнаўся, што тармозіць… нагамі.
Чамусьці не былі адзначаныя ўвагай арганізатараў велапараду роварныя дарожкі, абазначаныя нарэшце на тратуары ад вуліцы Маскоўскай да Кобрынскага маста на тым баку вуліцы, дзе знаходзяцца рынак Юбілейны, супермаркет “Карона” і БЭМЗ. Усё-такі з’яўленне роварных лагатыпаў на тратуары і асабліва ліній, якія дазваляюць веласіпедам мець прыярытэт перад аўтамабілямі, – гэта падзея для нашага горада.
— Ці не звязана такое аператыўнае прабіццё веладарожак з двума нядаўнімі наездамі на малалетніх веласіпедыстаў з лятальным сыходам? — пацікавіўся я ў супрацоўнікаў ДАІ.
Начальнік аддзела агітацыі і прапаганды Брэсцкай абласной Дзяржаўтаінспекцыі Наталля Сахарчук адказала: “Наколькі мне вядома, існуе пэўная методыка ўвядзення ў строй аб’ектаў дарожнага будаўніцтва. Але канкрэтна пра веладарожкі ад мікрараёна Усход у бок цэнтра інфармацыяй не валодаю. Тут кампетэнцыя падпалкоўніка Верамчука (кіраўнік аддзела арганізацыі дарожнага руху Брэсцкай абласной дзяржаўтаінспекцыі. – Я.Б.) Каб залежала ад мяне, дык я наогул адвяла б веласіпедыстам на вуліцах асобную паласу”.
Мабыць, найлепш адпаведныя службы зрабілі б, каб пасля навацый на дарогах і дарожках – разаслалі і апублікавалі адпаведны прэс-рэліз ў СМІ. Было б проста і прыгожа.
Ответить