Разводка па вёсцы і па хатах мусіць быць аплачаная асобна. Месцічы, цераз аднаго пенсіянеры, “такога хакею” не хочуць, “бо галасавалі за Указ 368”. Але мясцовыя ўлады даюць сігнал: бясплатнай трубы не будзе – тым больш, што яе ўжо правялі, і зрабілі гэта камерцыйным спосабам. Значыць, абавязкова трэба плаціць.
Аргументы бедных
Прыкладна так канфлікт быў акрэслены па рэдакцыйным тэлефоне. Зваротнае тэлефанаванне паказала, што ў скарзе пенсіянераў можа быць рацыянальнае зерне. Каб высветліць, праехаўся па некалькіх патрэбных станцыях.
Адной з першых была вёска Ваўкі. Крыўды людзей выслухаў там каля іхніх драўляных вясковых дамкоў.
Ніхто з пенсіянераў не пярэчыў, што яны бедныя і што $1600 (адна тысяча шэсцьсот долараў) для іх непад’ёмная сума. Адна, праўда, прызналася, што такія грошы мае. “Не з пенсіі набеглі, ведама. Ну назбірала, гарбацячыся на двух работах дзесяць гадоў. Дык што, закапаць мне іх у зямлю там, паміж лесам і вёскай? “Кавалак трубы будзе ваш…”, як нам сказалі. Навошта мне тая жалезная труба?”
Гучала і карысная статыстыка. Нібыта, на адным з ранейшых сходаў Таварыства ўласнікаў, якое збірае спіс плацельшчыкаў па газіфікацыі, старшыня Генадзь Тоўсты агучваў, што запісаліся 20 чалавек. І сам казаў, што абыйдуцца, абы на шкоду недалучэнцам не выйшла. Бо “і той, і гэты, і гэты хоць заўтра заплацяць па 10 тысяч долараў. За зіму адаб’юць, бо спальваюць процьму саляркі”.
Ніна Карпаўна Самайлюк пераконвала: “У Дзяржаўнай праграме, ва Указе 368, прапісана, што газ вядзе дзяржава, жыхары дамоў плацяць толькі за разводку і ўнутраныя работы. Нас увесну збіралі, казалі, што “Сонечны” будзе весці трубу. Ставілі на галасаванне – усе 69 чалавек прагаласавалі за дзяржаўную праграму. Патлумачылі, што на нас прыпадае мільярд рублёў. Цяпер налічылі два мільярды трыста трыццаць мільёнаў. Але пакуль агучылі ўльтыматум на тысячу шэсцьсот долараў кожнаму. Маўляў, калі не заплаціце, то ў 2015 годзе вас выкінуць з дзяржаўнай праграмы газіфікацыі… А вы палічыце яшчэ, у колькі абернецца адгалінаванне ад той санаторскай трубы ў Гулі, Ваўкі ды Літвіны, разводка, унутраныя работы… І яшчэ. А чаму гэта з нас дзяруць 16 мільёнаў, а з жыхароў Закія цераз дарогу бяруць толькі шэсць?“
Тут абурэнне несанкцыянаванага, заўважу, мікрасходу пенсіянераў дасягнула градуса выкіпання.
“Новыя рускія, ці беларусы, ці як іх назваць… лепяць свой гешэфт з беларусбанкаўскім санаторыем!” – сфармулявала адна з жанчын. Ніна Карпаўна разгарнула гэты тэзіс: “Свае 32 квадраты я ацяплю і дровамі лёгка, а гэтыя, з Рублёўкі тутэйшай, свае 300 дык не. У некаторых дык і не адзін дом, а некалькі. Гэта ІМ газ пазарэз трэба. І найперш санаторыю таму, бо ў іх грошай нямерана, а газу няма”.
Рублёўка ля Брэста
Думка пра Рублёўку і велізарнае расслаенне у мяне ўзнікла адразу, як толькі звярнуў з шашы на прасёлак і пабачыў абодва берагі Мухаўца. На супрацьлеглым стаяў ланцужок акуратных бунгала пад зялёнай дахоўкай – ля самага ўрэзу вады. А на гэтым беразе вёска Гулі пачыналася з неблагіх новых катэджаў нямецкага выгляду. Далей яны пункцірна перамяжаліся неамбітнымі нізенькімі хаткамі з маленькімі вокнамі – тое, што не прададзена яшчэ ад колішняй вёскі. Месцамі новабудоўлі ўражвалі памерамі, архітэктурай і задумай. “А вы паедзьце яшчэ далей, вось дзе падзівіцеся”, – параіў сталага веку мужчына, які паліў лісце насупраць свайго, як ён назваў, “лецішча”. І нацэліў мяне на адрасную асобу: “Вунь возіць тачкай нешта жанчына, яна больш у курсе гэтых пратэстаў, бо мы з жонкай не зімуем нават”.
Яшчэ пра тое, што “бедных бедняць”
Якраз тая жанчына потым завярнула на наш мікрасход. Назвалася Верай Фёдараўнай Лосік. “Вунь Прылукі – вялікая вёска, побач чыгунка, – кажа Вера Фёдараўна. – Яны ведаюць, што да іх па дзяржаўнай праграме падвядуць газ у 2020 годзе. Дык яны сталі на чаргу і чакаюць. І ніхто ім не сядае на шыю…”
— … Як нам селі ўвесну. Старшыня сельсавета сказаў, маўляў, заплАціце, нікуды не падзенецеся, – уздакладняе адна з жанчын.
— …дык няхай і нас паставяць на чаргу – а тут нас паставілі на калені! – працягвае Вера Лосік. – Цяпер і Міжрайгаз, і тая сама мясцовая ўлада скажуць: “У вас ёсць газ, бярыце!”
Яна гаварыць пра знаёмую ў Цюхінічах, якая правяла сабе газ, і за кацёл, трубы і батарэі аддала 32 мільёны. “А яшчэ па вёсцы трубу весці набяжыць нам па 16 мільёнаў, і тыя 16, ад “Сонечнага”… Скажыце, гэта для нас мысліма ці не?”
Укліньваецца Аляксандр, раіць паглядзець расцэнкі на падключэнне газу для аднаго з садовых таварыстваў: “На дошцы аб’яваў там. Прыкладна столькі сама людзей, колькі і ў нас, і ад санаторыя яны не бліжэй, а ўмовы зусім іншыя”.
Распытваюся, як туды праехаць. Напрыканцы пытаюся, а чаму, уласна кажучы, вяскоўцы не звяртаюцца ў пракуратуру? “Куды нам з ІМІ мерацца, ЯНЫ сіла, а мы… Адно што спрадвеку тут жывем”, – адказвае за ўсіх адна з пенсіянерак.
Яны
Паехаў да ІХ, г.зн. у санаторый, да маёмнай часткі таварыства па газіфікацыі вёсак, да ўладаў.
Цэнтр аздараўлення “Сонечны” аказаўся сапраўды дагледжаным, шыкоўным ансамблем з некалькіх карпусоў у бары. Новы – прачытаў потым у буклеце – нядаўна справілі 5 гадоў з дня пабудовы. На хвойкі какетліва ўзбіраецца хмель, пад імі кічавата разлегліся вялізныя апетытныя бетонныя яблыкі ды ігрушы, на прагалах паміж дрэвамі вытыркаюцца смешнымі такімі дыназаўрамі гіганцкія пластмасавыя лісічкі… Інтэр’ер не горшы за знешні выгляд. На рэцэпцыі ветлівая мажардом і вельмі абаяльная медсястра.
Зусім блізка рака, ёсць пляж. Суткі ў гэтым няйначай раі крыху больш за 25 долараў у пераліку. Пытаю, ці не рускі аншлаг, ці можна ў іх рай. “Ды не, у нас з РФ 50-60 працэнтаў. Сваіх шмат”. — “Банкаўскіх?” — “Так, банкаўскія ахвотна карыстаюцца. І вам – хоць з заўтрашняга дня. Калі ласка. Але мінімум на тыдзень. Пушча? Яны нам не канкурэнты.” Пытаю пра газ. “Газу пакуль няма. Можа, да Новага года з’явіцца”. Пытаюся, ці на месцы дырэктар.
Аказалася, што трапіў на “чырвоны” дзень календара. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, чарговыя ўгодкі. І хоць “Сонечны” капіталістычная структура (прыватнае ўнітарнае прадпрыемства), але адміністрацыя ў тую пятніцу адсутнічала з поўным правам. Ды і яшчэ два штатныя выходныя былі паперадзе. Так што давялося ўзяць тэлефон.
Праз метраў трыста ад санаторыя зварочваю з асфальту налева ў лес. У якім паўкіламетры садовае таварыства з аб’явай пра газіфікацыю. Чытаю. Калі заплацяць усе 70 садаводаў, то газ падвядуць кожнаму за 500 з нечым долараў. Калі 10, то за $4000. Сума, якую прагнуць спагнаць з ваўкоўскіх пенсіянераў, набягае, калі ахвочых да газу садаводаў назбіраецца 35.
Тут варта заўважыць, что у Брэсцкім райвыканкаме я пабываў перад наведваннем газіфікуемых пенсіянераў – адчуваў, якія размовы мне прадстаяць. Намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтву Віталь Бялінскі сказаў, што выкарыстоўваюцца, у залежнасці ад абставін, абедзьве схемы пракладкі асноўнай газавай трубы — дзяржаўная і камерцыйная. “За кошт дзяржавы праводка асноўнай трубы ажыццяўляецца толькі да новых дамоў, – патлумачыў гаспадар кабінета. – Калі ёсць старыя дамы, то толькі коштам людзей”.
Пра Ваўкі чыноўнік сказаў, што наколькі яму вядома, там ажыццяўляецца камерцыйная схема – трубу цягне санаторый “Сонечны”. Таму трэба будзе плаціць.
“Дык асноўная сума якраз за асноўную трубу і атрымліваецца! І яна на парадак большая за кошт падводкі, ” – паразважаў я ўслых. “Так, і на жаль, большую суму нельга пагасіць крэдытам”, – пагадзіўся гаспадар кабінета.
Галоўны ўрач “Сонечнага” Яўген Раўнейка з відавочным задавальненнем падзяліўся, што газ яны неўзабаве ўключаць: “Мабыць, яшчэ да Новага года. У снежні, можа. Бо тармозіць нас пераабсталяванне кацельні. А трубу ўжо правялі”.
Ад грашовых раскладак Яўген Аляксандравіч адмяжоўваецца: “ Ні з кога мы грошы пакуль не бярэм. Дамовы на падключэнне да нашай трубы ні з кім не заключаныя”.
Прашу асобна пракаментаваць названую пенсіянерамі дынаміку сумы, якую нібыта ўскладуць на вяскоўцаў: спачатку мільярд рублёў, потым два мільярды 330 мільёнаў. А таксама, ці будзе Цэнтрам аздараўлення “Сонечны” пры заключэнні дамоваў улічвацца маёмасны стан членаў Таварыства.
— Сума да аплаты Таварыству пакуль вельмі ўмоўная. Так, налічылі былі там папярэдне мільярд рублёў, – адказаў спадар Раўнейка. – Асноўныя выдаткі падлічылі толькі іхні старшыня Таварыства і наш намеснік па будаўніцтву. А ці будуць яшчэ дадатковыя выдаткі, невядома. Як заключаць дамовы на аплату, калі каштарысу няма? Так што афармляць усё будзем толькі пасля здачы ў эксплуатацыю. Збярэм сход, будуць там прадстаўнікі Аблгазу…
— Што да спісу тых, хто мае далучыцца, то мы нікога нікуды не заганяем, – падкрэсліў кіраўнік . – Нам наогул справы няма да таго спісу – яго робяць самі жыхары. А мы – узялі крэдыт у банку пад стаўку рэфінансавання, правялі трубу. Хто там будзе або не будзе далучацца, хто плацежаздольны, а хто не надта, і наколькі – няхай вырашаюць самі ў Таварыстве.
Перапытваю, ці сапраўды “Сонечны” можа сам несці кошты падводкі трубы. Атрымліваю станоўчы адказ. Прыкідваю, што мінімальна засталася апошняя размова.
Генадзя Тоўстага, старшыню Таварыства ўласнікаў, куды ўваходзяць жыхары трох замухавецкіх вёсак, пенсіянеры аднеслі да групы уладароў жыцця “ЯНЫ”, і гэта не доўга думаючы. “ЯНЫ за сябе б’юцца, а ў нас свой інтарэс”.
Генадзь Аляксандравіч сказаў, што цяпер колькасць згодных плаціць за санаторскую трубу ўжо большая за 20. “Прашу людзей, каб пагадзіліся ўнесці хоць частку – потым рэшту аддадуць”. Але “закладваць за кагосьці грошы” вельмі не хоча. Нават турэмных варыянтаў нейкіх баіцца. Пытаю, ці адразае закапаная ўжо труба магчымасць газіфікацыі з дзяржаўнай падтрымкай. “Сонечны” — гэта прадпрымальніцкая структура, яны аплацілі 450 мільёнаў за праект, крэдыт бралі – нічога “за так”, – адказвае спадар Тоўсты і рэзюмуе: “Таму і нам трэба будзе плаціць.”
Далей старшыня Таварыства фактычна прызнае, што сярод насельнікаў вёсак ёсць асабліва зацікаўленыя (некаторым ацяпляльны сезон ад двух да пяці тысяч долараў вылятае). На пераказаныя мною рэзоны пенсіянераў адказвае: “Няхай паглядзяць, колькі іхняя сотка цяпер каштуе. Да двух тысяч. І палічаць, колькі будзе каштаваць, калі ў газ укладуцца. Наколькі тады выгадней можна будзе прадаць”.
ПлачУ і плАчу?
Завёў сабе ў кампутарным нататніку рубрыку такую часткова толькі смешную, прыкідачна назваў “ПлачУ і плАчу”. Яна пра выдаткі нейкія такія, якія вылазяць, быццам прышч, на роўным месцы. Не жыццёва важныя, няўцямныя, як удар па патыліцы, але яны… проста ёсць.
Дык ці пасуе ў яе сітуацыя, якую перажываюць цяпер пенсіянеры з Ваўкоў і ваколіцаў?
Прыцэньваюся, бо не думаю, што хочуць яны “ажыццявіць перадпродажную падрыхтоўку” сваіх сядзібаў. Каб потым перасяліцца ў гарадскія курнікі? Ад ляснога паветра і прырэчнай вольніцы-волі? Або з’ехаць у пустыя жабінкоўскія-кобрынскія-камянецкія вёскі? Не-ве-ра-годна.
Што сацыяльны канфлікт ёсць, таму што (вельмі) маёмныя людзі атрымліваюць доступ да дабротаў за аднолькавы кошт з тымі, хто выглядае з-пад парога беднасці, і што гэты кошт выварочвае бедным кішэні – гэта з апісанай тут газіфікацыі відавочна. Так, напэўна, далёка не ўсе адносна багатыя новажыхары прыгараду злодзеі-хітраваны, – дапускаю нават рамантычную думку, што такіх мала. Многія з іх не вінаватыя, што яны маладыя, абароцістыя, двухжыльныя, працуюць па 24 гадзіны у суткі, а пенсіянеры ўжо спрацаваныя і за час, які ім выпаў, аб’ектыўна не маглі абрасці капіталамі. І гэтыя апошнія маюць сваю нявіннасць – ну не вінаватыя яны ў тым, што выпаў ім менавіта іхні, а не цяперашні час. Але чаму тут не адчуваецца каардынуюча-палагоджваючай рукі дзяржавы? (Пераказаў толькі што, і вылучыў тоўстым шрыфтам ацэнку пенсіянераў з мікрасходу).
Можна, з журналісцка-інфармацыйнай калакольні, сфармуляваць і такое блізкае па сэнсу пытанне нумар два. Людзі простыя могуць і будуць падманвацца, не разумець законаў, якія прымаюцца, тлумачыць іх на сваю карысць – гэта паказалі некаторыя цытаваныя тут выказванні абураных вяскоўцаў. Але чаму ўлада недапрацоўвае ў частцы інфармавання пра механізмы рэалізацыі прынятых законаў?
Па-трэцяе, чаму такія прэферэнцыі (крэдыт, перспектыва вяртання вялікай часткі выдаткаў на падводку асноўнай ніткі газаправода) надалі багатай камерцыйнай структуры, якая ўтульна размясцілася пад засенню самага вялікага дзяржаўнага банка, а небагатым, як і большасць нашага народа, людзям гэтая магчымасць ад пачатку закрытая?
Потым, як мы дакаціліся да такога становішча, што “дачнікі”, вялікая колькасць якіх вядзе жыццё зрынутых у 1917 годзе дваран (зімой у цёплай гарадской кватэры, летам у прыродна-ландшафтным маёнтку) газіфікуюць сваё другое ўжо жыллё, лецішчы, у больш спрыяльных умовах, чым пазбаўленыя гарадскіх дабротаў сталыя жыхары вёсак?
Гэта было па-чацвёртае. Чытачы, без сумніваў, падкажуць і болей.
Пытанні, пытанні… Не тое, каб заклікаў адказаць на іх пракуратуру. Але ж і перамясціцца на месца ваўкоўскіх пенсіянераў і парагатаць (”плачУ і плАчу!” ) наўрад ці хто з прачытаўшых гэтыя радкі захоча.
Ответить