Альбом складае галерэя партрэтаў пажылых людзей, якія тым ці іншым чынам былі задзейнічаны ў праекце “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Тут ёсць фотаздымкі былых нямецкіх вязняў – галоўнай мэтавай аўдыторыі праекта, ёсць адзін партрэт ахвяры сталінскіх рэпрэсій і шмат абліччаў звычайных пажылых людзей, што нарадзіліся да ці падчас вайны. Усе фотаздымкі зробленыя падчас праектных мерапрыемстваў і экспедыцый. Вялікае значэнне ў аздабленні выдання складаюць размешчаныя ў канцы малюнкі Марыі Радзько, што рабіліся ёю падчас канцэртаў у межах праекта. Імя Машы стаіць таксама адным з першых у спісе ўкладальнікаў альбома, паколькі мастачка з’яўляецца яго афармляльнікам і вярстальшчыкам.
Прадмова ж напісана ад імя Аляксандра і Ларысы Быцко – каардынатараў і асноўных ідэйных натхняльнікаў “Вёскі, якая не павінна знікнуць”. Яны рухалі праект наперад, трацілі выходныя на арганізацыю этнаканцэртаў і мелі вялікую прыемнасць ад зносін з пажылымі людзьмі. І як паказала прэзентацыя альбома ў Малых Сяхновічах, пажылыя людзі добра памятаюць пра ўвагу, якую ім аднойчы надзялілі.
Перадкалядны час – самая пара збіраць людзей на сумесныя імпрэзы. Зімовым днём працы па гаспадарцы асабліва няма, таму ў раённы музей у Малыя Сяхновічы ў вялікім складзе прыйшлі ды прыехалі не толькі мясцовыя жабінкоўцы, але і бабулі-дзядулі (пераважна бабулі, канешне) з вёсак Ужова ды Грушка Маларыцкага раёна. Мясцовыя не пайшлі глядзець арганізаваную ў музеі экскурсію – адразу заселі за стол з вышытым абрусам пераказваць апошнія навіны. “Хоть поговорымо”, — выказала агульную думку адна з бабуль.
Маларыцкі ж люд ахвотна пайшоў слухаць рускамоўнага экскурсавода пра ранейшы побыт сялянства і ваенныя подзвігі Тадэуша Касцюшкі. Асабліва цікава было назіраць за бабулямі ў этнаграфічнай зале, калі яны перапынялі экскурсавода прыкладна так: “О, такеі лапті і я вмію плесты. Ну може, трохі не так, але вмію. Шэ ны забулася”.
Сам альбом мэтавая, так бы мовіць, аўдыторыя праекта, сустрэла значна цяплей, чым ідэалагічны вытрыманы канцэрт, які папярэднічаў прэзентацыі. Яшчэ не трымаўшы альбом у руках, але пазнаючы свае твары на старонках асобніка, які трымала падчас сваёй прамовы Ларыса Быцко, бабулі з дзядулямі задаволена смяяліся – дзіва што, сталі ж зоркамі! У канцы імпрэзы кожны з іх атрымаў свой экзэмпляр. Лагічна, што раз’язджаліся ўсе шчаслівыя і горача ўдзячныя сям’і Быцко.
У пачатку наступнага года мае быць яшчэ адна прэзентацыя альбома “Твары вёсак, якія знікаюць”. Адбудзецца яна ў роднай вёсцы Ларысы Быцко – Агдэмеры – і збярэ пад дахам былой пачатковай школы ўдзельнікаў праекта з Драгічыншчыны і Іванаўшчыны. Не запланавана прадстаўленне альбома толькі ў Кобрынскім і Камянецкім раёнах, дзе таксама праходзіў праект, але каардынатары абяцаюць, што ў любым выпадку абсалютна ўсе пажылыя людзі, чые твары трапілі ў выданне, атрымаюць свой асобнік.
Вось такім чынам завяршаецца праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”, што на працягу чатырох год рэалізоўваўся беларускімі энтузіястамі (афіцыйны рэалізатар – грамадскае аб’яднанне аматараў мастацтваў “Тур”) на нямецкія грошы з фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня”. Пасярэднікам між імі была міжнародная грамадская арганізацыя “Узаемапаразуменне”.
Сапраўды добры і цёплы быў праект.
Ответить