Вернік-фрылансер
Да майго прыходу Андрэй Паўлючык ужо падрыхтаваў стосік кніг, пра якія хацеў расказаць найперш. Але размова пачалася не ля кніжніх паліц, а за кубкам гарбаты ды кавалкам шакаладнага пірага ўласнай вытворчасці спадара калекцыянера. Пакуль мы філасофствавалі на калярэлігійныя тэмы, малодшы сын Андрэя і Надзеі паказваў мне свае цацкі, а старэйшы ўсяляк стараўся не даць малодшаму нам перашкаджаць. У той жа дзень сямейства Паўлючыкаў папоўнілася на яшчэ аднаго сына, але даведаюся пра гэта пазней.
Андрэй пачаў збіраць пераклады Бібліі, яшчэ з’яўляючыся святаром адной з пратэстанцкіх цэркваў, але калі зрабіўся проста “вернікам-фрылансерам”, як ён сябе жартам называе, хобі свайго не кінуў. З самага пачатку збіральнік не акцэнтаваў увагі на кнігах нейкай адной канфесіі – яго цікавіла Біблія як такая. Таму яго калегі з задавальненнем папаўнялі калекцыю сваімі экзэмплярамі.
“Калі я прыйшоў да хрысціянскай царквы, у дамашняй бібліятэцы натуральным чынам завяліся святыя кнігі, — расказвае Андрэй. – Спачатку гэта былі пераклады расейскамоўныя. Дзесьці праз два гады, калі я ажаніўся і нашы бібліятэкі з жонкай зліліся, так апынулася, што там было некалькі Біблій – на ангельскай мове, расейскай і беларускай, а пасля яшчэ на ўкраінскай. Паглядзеўшы на кніжную паліцу, я зразумеў, што хачу мець як мага больш розных перакладаў”.
Беларускі стосік
Андрэй не толькі кніжнік, але і чалавек з нацыянальнай самасвядомасцю. Таму, фарміруючы калекцыю, ён асаблівую ўвагу надзяляе паўнаце перакладаў Бібліі на беларускую мову. Перабірае загадзя адабраныя і раскладзеныя на канапе кнігі. Дастае адну. “Вось першы беларускі пераклад, які трапіў у маю бібліятэку. Гэта “Новы запавет і псальмы”, які зрабіў у 1931 годзе Лукаш Дзекуць-Малей, ягоная жонка Серафіма і Антон Луцкевіч. Многія беларускамоўныя людзі лічаць гэты пераклад найлепшым. Не з навуковага пункту гледжання, а як чытанне для душы”. Пратэстанцкі святар Лукаш Дзекуць-Малей працаваў у Берасці, а Антон Луцкевіч, вядомы адраджэнец нашаніўскага часу, выступіў у выданні ў якасці рэдактара.
“Далей у мяне з’явіліся праваслаўныя пераклады, якія рабіліся Біблійнай камісіяй, што пачала працаваць у 90-х гадах (паводле энцыклапедычных звестак, у 1989 годзе. – Аўт.). І вось у 91-м годзе было выдадзена Евангелле ад Мацвея. Кніга мае выгляд тэтраглота – тэкст адначасова падаецца на грэчаскай, стараславянскай, расейскай і беларускай мовах”. Не перапыняючы аповеду пра Евангелле ад Мацвея, калекцыянер дастае яшчэ тры падобныя кнігі – астатнія Евангеллі, што выйшлі ў 90-х услед за першым. “Што цікава, у гэтую Біблійную камісію спачатку ўваходзілі такія перакладчыкі, як Васіль Сёмуха і Анатоль Клышка. Пасля іх шляхі разышліся, і кожны з іх сеў за ўласны пераклад Бібліі. Сёмуха пераклаў яе цалкам – і Новы, і Стары Запавет, патраціўшы на гэта 14 гадоў. Клышка выканаў пераклад Новага Запавету”.
Пасля гэтых кніг на паліцы Андрэя паслядоўна з’яўляліся амаль усе беларускія пераклады Бібліі – як поўныя, так і частковыя. Ёсць нават пераклад Фёдара Клімчука на гаворку Драгічынскага раёна. Асобны стосік складаюць варыянты Бібліі для дзяцей, і яшчэ адзін – мастацкія пераклады на беларускую мову.
Раўненне на тысячу
Сваё важнае, але не адзінае. Таму на далёкай мэце берасцейскага збіральніка Біблій – сабраць пераклады гэтай кнігі на ўсе мовы. “Быў такі святар… з Балгарыі, здаецца, які дакладна так і зрабіў. Ён памёр год сем таму, але калі ён яшчэ быў жывы і пра яго пісалі, у яго калекцыі было каля тысячы Біблій. Гэта не тое што мой кумір, але чалавек, на якога я раўняюся”.
Калі Андрэй знайшоў большасць беларускіх перакладаў, ён пераключыўся на ўкраінскія. Калі і тая міні-калекцыя стала поўнай — на рускія. Зразумела, што наш суразмоўца не даляравы мільянер, таму ён збірае толькі новыя выданні, а не, скажам, сярэдневечныя, асобнікі якіх каштуюць дзясяткі тысяч даляраў нават пры ўмове, што багатыя калекцыянеры за мяжой вырашаць іх прадаць.
З небеларускамоўных цікавостак збіральнік паказвае найперш “Астрожскую Біблію” ў перакладзе на сучасную ўкраінскую мову, сінадальны пераклад Новага Запавету, што рабіўся ў Лондане і пасля перапраўляўся для пратэстантаў савецкай Расіі, перавыданне пачатку XIX стагоддзя гэтак званай Елізавецінскай Бібліі – найстарэйшую кнігу Андрэевай калекцыі, якая датуецца прыблізна 1832 годам. З вялікай цеплынёй гаспадар бібліятэкі паказвае таксама зачытаны польскамоўны экзэмпляр 30-х гадоў XX стагоддзя. “Мінулы гаспадар, які мне яго падарыў, шмат курыў, і гэтая кніжка яшчэ доўга пахла тытунём”, — з некаторай сентыментальнасцю гаворыць Андрэй Паўлючык.
Як у кожнага калекцыянера, у яго, акрамя вялікай і далёкай мары, ёсць больш жыццёвыя мэты – знайсці хоць бы тое, чаго не хапае ў беларускамоўнай калекцыі. “Найперш гэта каталіцкія пераклады – Новы Запавет у выкананні ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, “Лісты апосталаў” Пятра Татарыновіча. Шукаю таксама славуты пераклад Яна Станкевіча, зроблены для беларусаў-эмігрантаў. Гэтая кніга выходзіла толькі аднойчы, у Нью-Ёрку, і ніколі не перавыдавалася. У Менску ёсць беларуская евангельская царква, якая дагэтуль выкарыстоўвае пераклад Станкевіча ў службе”.
Роднаму гораду не цікава
Чаго ніколі не скажаш пра Андрэя Паўлючыка, дык гэта таго, што ён не гатовы дзяліцца сваім набыткам з грамадскасцю. Як толькі ў яго завялася больш-менш прыстойная для экспанавання колькасць перакладаў, ён пачаў штогод арганізоўваць тэматычныя выставы ў гарадах, дзе працаваў.
“Вось афіша выставы 2008 года, што праходзіла ў Менску, — Андрэй дастае рознакаляровы скрутак мелаванай паперы. – Яна была прымеркавана да гадавіны нараджэння Вінцэнта Гадлеўскага і Лукаша Дзекуць-Малея. Калі я праглядаў каляндар, мяне ўразіла, колькі агульнага ў гэтых святароў. Яны нарадзіліся ў адным годзе, недалёка адзін ад аднаго геаграфічна, абодва перакладалі Новы Запавет, прычым амаль адначасова. Адзінае, што іх розніла, – гэта канфесія”.
Пасля пераезду ў роднае Берасце традыцыя штогод рабіць выставы Біблій абарвалася. Тутэйшыя ўлады выразна далі зразумець, што горад не мае патрэбы ў рэлігійнай асвеце. “Апошні раз я збіраўся зладзіць выставу ў 2013 годзе, у год юбілею Берасцейскай Бібліі, — са смехам, як пра займальную прыгоду, расказвае калекцыянер. — Мы дамовіліся з абласной бібліятэкай, якая выказала зацікаўленасць у такой выставе, і заставалася толькі атрымаць фармальнае “дабро” ад камітэта культуры (галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі. – Аўт). Я даслаў туды заяву, дзе тлумачыў мэты і задачы выставы, прычапіў апісанні кніг. На тым усё і скончылася. Мне нават адказу не далі. Былі толькі званкі людзям, якія мяне ведалі, з пытаннямі, хто я такі і да якой царквы належу. І гэтыя званкі былі менавіта з ідэалагічнага аддзела аблвыканкама”.
Пасля такой маладушнасці абласных чыноўнікаў Андрэй паставіў сабе заканамернае пытанне: калі гэта не патрэбна гораду, то навошта гэта трэба мне? Тым больш што на падрыхтоўку падобнай выставы выдаткоўваюцца час, сілы і ўласныя фінансы.
Гэта, аднак, не значыць, што з таго часу Андрэй Паўлючык збірае пераклады Бібліі выключна для сябе. Ён гатовы паказаць сваю калекцыю адразу ж, калі нехта дасць для гэтага памяшканне і возьме на сябе арганізацыйныя моманты.
Так што ў нас ёсць шанец аднойчы ўбачыць усе сучасныя пераклады Бібліі на адным стэндзе і здзівіцца, што іх так шмат. Ці так мала – як каму гэта пабачыцца.
Ответить