Узнагарода называецца па імені дацкага пастара і філосафа Мікалая Фрэдэрыка Севярына Грундтвіга, які ў 1844-м годзе заснаваў першы “народны” ўніверсітэт для дарослых і тым самым стаў ля вытокаў “lifelong learning” — адукацыі цягам усяго жыцця.
Коратка пра праект
Праект “Выганашчанская фартэцыя” быў распачаты ў 2013 годзе і завершаны летась. Ён меў на ўвазе аднаўленне ў вёсцы Выганашчы Івацэвіцкага раёна і яе ваколіцах лініі ўмацаванняў часоў 1-й Сусветнай вайны, падрыхтоўку яе да паказу турыстам і цікаўным. Дзеля гэтага арганізатары — а гэта, найперш, тандэм Дзямянчыкаў, абодва Віктары — бацька, намеснік дырэктара навуковай установы “Палескі аграрна-экалагічны ўніверсітэт”, і сын, навуковы супрацоўнік гэтай установы — мабілізавалі цэлую каманду, перад усім сваіх землякоў — настаўнікаў, школьнікаў і прадстаўнікоў мясцовай улады.
За год, пры падтрымцы Нямецкай асацыяцыі Народных універсітэтаў, ачысцілі ад расліннасці, адрэстаўравалі дзве ДАКі (доўгатэрміновыя агнявыя кропкі) на беразе Агінскага канала ў вёсцы Выганашчы, стварылі ў ёй музейную экспазіцыю, падрыхтавалі і выдалі кнігу на дзве з паловай сотні старонак “Выгонощи в Великой войне”, правялі навукова-практычную канферэнцыю на гэтую тэму, падрыхтавалі экскурсаводаў, дабіліся надання аб’екту статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны 3-й катэгорыі…
У выніку, з рэкамендацыі Нямецкай асацыяцыі Народных універсітэтаў, якая ў Беларусі аддала гэтаму праекту перавагу перад сямю іншымі, праца берасцейцаў была прызнана лепшай у агульнаеўрапейскім маштабе.
У лістападзе 2014-га года ўзнагарода была ім уручана ў горадзе Сараева (Боснія і Герцагавіна). 13 лютага ў Мінску, у міжнародным Цэнтры адукацыі і сустрэч імя Ёганэса Раў, адбылася прэзентацыя праекта-пераможцы на радзіме.
Што было ў Мінску
На мінскую прэзентацыю прыехаў прэзідэнт ЕААД Пер Палудан Хансэн. У інтэрв’ю карэспандэнту “БК” ён патлумачыў, што перамога праекта, звязанага з Берасцейшчынай, не выпадковая: “Па-першае, рашэнне прымалася калегіяльна, адмысловай Радай. Праект добра дастасаваўся да датаў — менавіта летась адзначалася 100-годдзе пачатку 1-й Сусветнай вайны. Прычыны войнаў, спосабы ім запабегнуць — гэта добры акцэнт у гістарычнай адукацыі дарослых”.
Галіна Верамейчык, кіраўнік прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі Народных універсітэтаў, указала на досыць забаўную абставіну: “Напачатку праект, які каардынаваўся спадаром Дзямянчыкам, меў крыху іншае напаўненне. Яно не зусім пасавала да спансаванага намі фармату. Але мы не выкінулі праект у сметніцу — прапанавалі аўтарам спалучыць намаганні з роднасным праектам. А потым паглядзелі, што ў іх найлепш атрымалася, — і не прамахнуліся з рэкамендацыяй на ўзнагароду”.
У намесніка старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандра Велікасельца я спытаў, як гэта атрымліваецца — то ён сярод пісьменнікаў, на ўручэнні літаратурнай прэміі, то нават на міжнародным узроўні ў шматсэнсоўна гістарычным кантэксце наўпрост удзельнічае…
— Найперш таму, што гэта мне цікава, — адказаў Аляксандр Фёдаравіч. — Натуральна, і таму таксама, што старшыня райвыканкама падзяляе… А цікава таму, што я ж сам паводле адукацыі настаўнік. І не толькі па фактуры справы цікава — карысць з гэтага раёну будзе. Маю на ўвазе новыя турыстычныя магчымасці. Як-ніяк мы — у глыбінцы, і трэба прыкладаць шмат намаганняў, каб быць камусьці цікавымі не толькі як месца для рыбалкі ды палявання.
У выступе перад залай кіраўнік сказаў, што праект будзе мець рысы ўстойлівасці: “Мусім знайсці нейкія сродкі, каб быў чалавек, які глядзеў бы за аб’ектамі паказу, мог бы з першага жадання распавесці пра “Лінію Імператараў””.
У кулуарах ужо спытаў спадара Велікасельца: “А ці сувымерны праект, падтрыманы райвыканкамам, з бядой №1 нашых раёнаў — з выміраннем вёсак? Ці дапаможа, ці затармозіць хаця б? І ці меў ён, як кіраўнік, магчымасць прыглядзецца да нямецкага досведу выраўнання вёскі і горада?
Адказ быў такі: “Меры відавочна мусяць прымацца больш сур’ёзныя, і да нямецкага досведу напэўна варта прыглядзецца”.
Дзямянчык-малодшы цалкам быў у палоне кнігі пра “дзедаўскія” Выганашчы: “Працы шмат было: зноскі, зверкі, тэрміны падціскалі… Перанос тэксту здарыўся, дык шыхтоўля “паплыла”… Правіць давялося, але тэхнічныя памылкі засталіся… Будзем рабіць асобна аркуш з праўкамі, раздамо ўладальнікам кніг пазней”.
Бацька Віктар Трафімавіч не прамінуў заўважыць злобу моманту.
— Якраз гэтымі днямі ў Мінску адбываюцца важныя перамовы па замірэнні ва Украіне. Такі самы сэнс мела і наша праца па аднаўленні і захаванні памяці пра тую вайну. Войны не павінны здарацца, паўтарацца.
На радзіме хлеб трыумфатара не даўся Дзямянчыку-старэйшаму проста. Адзін з прысутных у зале Цэнтра даволі падспудна пачаў наракаць на лагатып праекта — два сцягі на тле бетоннага ўмацавання. Маўляў, гэта імперскія сцягі, і навошта іх цягнуць у наш час…
Чакаў, што пачне зараз адказчык логіку паказваць: а хто ж ведаў два гады таму, што гэта так павернецца? Але той хітравата, па-вясковаму, на чыстай беларускай мове як жука ў калекцыю прыкалоў: “Дык гляньце на сымболь гэты — там пасярэдзіне клін! Бункер бетонны клінам на гэтыя абодва сцягі кладзецца і прыдушвае іх цалкам. Бо імперыі сябе зжылі”.
Можам! Але ці ўсё?
Услед за Дзямянчыкам-старэйшым не праміну заўважыць некаторыя паралелі. Праект падобны сваім лёсам і скіраванасцю на тое, што адбываецца ў суседнім Пружанскім раёне. Нядаўна памёр у Стойлах ужо колькі гадоў як самотны жыхар гэтай вёскі народны майстар Мікалай Тарасюк. Як захаваць ягоную спадчыну ва ўмовах, калі паблізу і людзей жывых не знайсці? Гэта вам не родная вёска Юрыя Чыжа Сабалі, якая аднаўляецца з ініцыятывы брэсцкага мастака Анатоля Жалудко. Дарэчы, планава сёлета ў эксплуатацыю мусяць здаць этнакомплекс. Дык вось, па-першае, вёска на трасе М1, а па-другое — у Сабалі маюць быць укладзеныя 15 мільёнаў долараў. Ужо каб гэта памерла — гэта колькі атруты трэба! А Стойлы з Выганашчамі? Ці не запозна спахапіліся? Менавіта гэтым пераймалася ў нашым міжсабойным абмеркаванні Ларыса Быцко, у асобе якой, колькі яе ведаю, супалі афіцыйная праца і пакліканне культуртрэгера.
Другая паралель больш прыемная і мяккая. Поспех выганашчанскай каманды выклікаў пачуццё дэжавю. Думаў, чаму – і па дарозе дадому згадаў. Якіх гады чатыры таму назад быў прызнаны лепшым у Еўропе брэсцкі міні-футбольны клуб “Аматар”!
Так што можам! І нагамі+галавой (прэзідэнт “Аматара” кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Люкевіч з камандай), і галавой+рукамі+сэрцам (кандыдат біялагічных навук Віктар Дзямянчык з камандай). Што да дэталяў прэзентаванага ў Мінску праекта, то варта пакарыстацца з запрашэння месцічаў ды агледзець Выганашчанскую фартэцыю ўжывую.
Ответить