Ідэя
8 траўня Мікалай Тарасюк, аўтар славутага музея “Успаміны Бацькаўшчыны”, адзначыў бы сваё 83-годдзе. Яго, як заўжды, павіншавала б шмат народу, а самыя блізкія разам з самымі адказнымі прыехалі б да яго на сядзібу, дзе радасны дзед наліваў бы ўсім уласнавырабленай самагонкі, а пасля спяваў бы і заклікаў да танцаў.
Але дзеда Тарасюка ў яго фізічным целе больш няма, засталася толькі дата – ягоны дзень нараджэння, і неабыякавым людзям прыходзіцца адзначаць яе без героя свята. Менавіта да дня нараджэння майстра быў прымеркаваны мастацка-разьбярскі пленэр “Сцежкамі Мікалая Тарасюка”, які закончыўся ў вёсцы Стойлы 10 мая. Ідэя пленэру належыць ініцыятарцы многіх культурных праектаў Ларысе Быцко, што блізка сябравала з Мікалаем Тарасюком:
– Калі народным майстрам не займацца, то паступова ад яго застаецца толькі згадка ў кнігах. Хаця пра Тарасюка і шмат фільмаў знята, і выдатная, еўрапейскага ўзроўню, кніга напісана. Тым не менш: калі народным майстрам не займацца, то памяць пра яго знікае, — расказвае пра матывы арганізаваць пленэр Ларыса.
Добрую ідэю не адразу напаткаў поспех. Яе аформілі ў праект і спрабавалі падаваць на розныя сацыяльныя конкурсы, каб атрымаць хоць бы мінімальнае фінансаванне на матэрыяльнае забеспячэнне работы мастакоў і скульптараў. Але дапамога прыйшла зусім з іншага боку – ад прадстаўніцтва “Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў”, якое летась фінансавала паспяховы праект “Вясковы рэнесанс”, таксама накіраваны галоўным чынам на асобу і спадчыну Мікалая Тарасюка. Так з’явілася магчымасць калі не аплаціць работу пленэрыстаў, то хаця б закупіць усё неабходнае.
Мастакі-валанцёры
Разьбяру Анатолю Туркову выпаў гонар і цяжар рабіць скульптуру самога майстра. “Самае складанае ў любой скульптуры — зрабіць твар, паказаць эмоцыі. А тут абавязкова патрэбна яшчэ і партрэтнае падабенства. А часу – некалькі дзён”, — дзеліцца складанасцямі сваёй працы разьбяр з Камянца. Мікалай Тарасюк у яго выкананні разняволены і разам з тым задуменны, бо “задумаўся пра лёс Бацькаўшчыны”. Апрануты па-параднаму, з гальштукам, але заўсёдны капялюш трымае ў руках. “Месца такое – вакол крыжы, таму і зняў”, — тлумачыць характар мастацкай дэталі Анатоль. Ларыса Быцко дадае гэтай дэталі жыццёвай празаічнасці: “Калі капялюш будзе ў руках, не так будуць абламвацца яго драўляныя краі”.
Да другога важнага прадмета пленэру – крыжа-капліцы, што стаіць тут жа, ля лаўкі з Тарасюком, і крыжом-абярэгам ягонай работы спрычынілася ажно трое майстроў. Праект выканаў Уладзімір Чыквін, які загадзя падрыхтаваў для крыжа таксама маленькія фігуркі, стылізаваныя пад драўляны люд Мікалая Тарасюка. Але прысутнічаць на стойлаўскім пленэры Чыквін не змог, таму працягнулі выкананне ягонай ідэі разьбяры Вячаслаў Дароцька і Сяргей Козел. Сямейнікі дзеда Тарасюка дапамаглі ім абсталяваць месца пад узвядзенне скульптурных кампазіцый.
Ну а падтрымаць пленэр пэндзлем у Стойлы прыехалі мастакі Марыя Радзько, Таццяна і Валерый Патворавы, Іна Дзянішчык, Дар’я Смірнова і Анатоль Мелехавец. Усе яны пісалі пейзажы.
Далей – шматкроп’е
Мы не задавалі Ларысе Быцко пытанне, ці будзе нейкі працяг у ідэі ўшаноўваць памяць Мікалая Тарасюка мастацкім форумам. Не пыталі, ведаючы, як складана было арганізаваць на прыватных пачатках сёлетні пленэр. Але Ларыса і сама паабяцала: “Мы з мужам будзем старацца рабіць нешта падобнае і надалей. Можа, толькі не будзем сумяшчаць мастакоў і разьбяроў у адным пленэры”.
Ну што ж, імпэту Ларысе, як, дарэчы, і Алесю Быцко не займаць, размясціць мастакоў таксама ёсць дзе – базай пленэру стала іх аграсядзіба “Стулы”. Трэба толькі шукаць грошы. Бо без іх нават у справах ушанавання памяці зусім ніяк.
Ответить