Праект Польшчы, Беларусі і Украіны Е-40 наблізіўся да вырашальнага этапу. У снежні стане вядома, ці пераадольныя выклікі на шляху аднаўлення гістарычнага гандлёвага шляху. Яны найперш экалагічнага кшталту.
Е-40 – што гэта і адкуль?
Водны шлях здаўна быў не самым хуткім, але самым танным і бяспечным. Дзякуючы гандлёвым зносінам уздоўж Мухаўца і Буга, а потым усё больш па гэтых рэках паўстала старадаўняе Берасьце. Аднаўленне гэтага шляху разглядалася ў праграме супрацы трох краін-суседак 2007–2013 гадоў і канчаткова акрэслілася як Праект Е-40 у снежні 2013-га года. А ў канцы кастрычніка 2015-га беларускія журналісты рознага калібру і спецыфікацыі, з лёгкай рукі мінскай грамадскай арганізацыі “Экапартнёрства”, накіраваліся ў экалагічны прэс-тур, адной з найважнейшых мэтаў якога было як мага больш даведацца пра ўсе плюсы і мінусы гэтага аднаўлення. У складзе гэтага дэсанту быў і карэспандэнт “БК”.
Спаміж усяго іншага, нам паказалі і расказалі таксама і аб праекце Е-40 у яго цяперашнім стане. Праект маштабны. Даўжыня верагоднага воднага шляху складае — ад Гданьска да Херсона — 2215 кіламетраў. Яна можа памяняцца ў залежнасці ад таго, якім чынам пераадолеюць несуднаходную перамычку паміж Віслай і пачаткам Днепра-Бугскага воднага шляху ў Брэсце. Акрамя таго, польскаму боку належыць рэканструяваць гідратэхнічныя збудаванні на Вісле, якія не адпавядаюць фармату сучасных рачных суднаў і непрыдатныя да рэгулявання ўзроўню вады ў рацэ.
— Краіны-удзельніцы зацікаўленыя ў ажыўленні таварнай плыні з поўначы на поўдзень, — сказаў у Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў у Мінску, дзе пачынаўся прэс-тур, Канстанцін Цітоў, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтральнага навукова-даследчага Інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (ЦНаДІКоВВР). — Але важкімі з’яўляюцца рызыкі, асабліва экалагічныя. Так, польскі бок адмовіўся ўводзіць у праект тэхнічную рэканструкцыю гістарычнага гандлёвага шляху на абсягу, які ўлучае Заходні Буг.
Прычына — запаведны статус гэтых тэрыторый (запаведнік называецца Natura 2000), акрамя таго таксама патрабуе дакладнага пралічвання водны баланс Прыпяці на беларускім Палессі.
Хто плаціць?
Выдаткаёмкі этап абмераў і вылічэнняў запланаванага воднага шляху амаль цалкам прафінансаваў Еўрапейскі саюз. Андрэй Рэкеш, сакратар камісіі па пытаннях развіцця воднатранспартнага злучэння Е-40 на ўчастку Днепр-Вісла, прадаставіў такую статыстыку: агульная сума фінансавання праекта склала больш за 912 тысяч еўра, а ўнёсак ЕС больш за 820 тысяч еўра. Выгода ад Е-40 для краін ЕС таксама відавочная — існы водны шлях ад Балтыкі да Чорнага мора праз Дунай на тысячу кіламетраў даўжэй.
Журналістам праект паказвалі на нядаўна адноўленым шлюзе Днепра-Бугскага воднага шляху ў Кобрыне. Са словаў начальніка Кобрынскага гідравузла Андрэя Булыгі, аб’ект стварылі наўзамен двух ранейшых, якія былі непадалёку адзін ад аднаго. Цяпер тут прапускаюць 20 суднаў у месяц. Гэта каля 60 тысяч тон грузаў, а маглі б гэтую колькасць прапускаць за тры дні. Натуральна, гэта дало б ладны прыбытак у заробках і новыя рабочыя месцы.
На прэс-канферэнцыі у актавай зале Андрэй Рэкеш падмацаваў сказанае калегам: “Мяркуецца, што па водным шляху Е-40 маглі б штогод перавозіць да 4 мільёнаў тон грузаў. Рэзоны для водных перавозак вялікія. Найперш, гэта эканомія ў транспартнай лагістыцы. Адной баржай-пляцоўкай можна перавезці столькі сама, колькі 18 вагонамі і 45 дваццацітоннымі грузавымі аўтамабілямі. Водныя перавозкі ў паўтара разы больш танныя. Паменшыцца таксама прэс на прыроду. Перавозкі рачным транспартам даюць ў паўтара разы меншую эмісію вуглякіслага газу, чым ад чыгуначнага транспарту, і ў пяць разоў меншую, чым ад аўтаперавозак”.
Паклапаціўся сакратар камісіі і пра так неабходныя журналістам сенсацыі: “Хутка паплывем круізам у Кіеў: у Пінску дарабляюць круізны цеплаход. Пасля Новага года, мабыць”. Другая сенсацыя была ўспрынятая ўдзельнікамі экалагічнага як-ніяк тура больш холадна. “Тамсама, у Пінску, робяць два нафтаналіўныя судны, — сказаў Андрэй Рэкеш. — Перарабляюць баржы. Будзе выгадна”.
“Зялёныя” перасцярогі
“Дык гэта ж — танкеры, — халодным тонам вымавіў эксперт з Украіны Алег Лістапад. — Што будзе, калі паўторыцца тое, што бывала не раз, і пасудзіна працячэ? У свец,е бывала, і не пад такія гарантыі здаралася і запэўніванні. Між тым, дзве траціны Кіева п’е ваду з Дняпра”.
Не толькі гэтыя перасцярогі выказаў дасведчаны “зялёны” журналіст. Найбольш напіраў спадар Алег на донныя глеі, забруджаныя ападкамі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС: “На сушы пры такіх маштабах земляных работах адкрыюцца чарнобыльскія слаі грунту на берагах. Можам атрымаць экалагічную бомбу. Ці вядуцца разлікі?”.
Дзяржаўныя прадстаўнікі беларускага боку — Канстанцін Цітоў і Андрэй Рэкеш — змаглі адно толькі выказаць спадзяванне: калі гэты фактар не будзе ўлічаны ў папярэдніх разліках, то на другой, больш грунтоўнай стадыі праектавання, пры ўмове што праект будзе працягвацца, экалагічныя рызыкі і пытанні страхавання на выпадак катастрофы абавязкова ўвойдуць у праект.
Цалкам падтрымалі абодва беларусы ўкраінца ў пытанні праходнасці рэчышча для суднаў. “Так, фарватар трэба чысціць, гэта абавязкова, — сказаў спадар Рэкеш. — У нас быў выпадак дастаўкі негабарытнага груза пасля Мазыра , дык давялося пускаць паперадзе буксіра і баржы земснарад. Месяц ішлі, замест дня, калі б была рэгуляваная шлюзамі зона”.
Заўважу, што “зялёная” асцярожнасць мяжуе з “зялёным” фундаменталізмам. Сказаў жа эксперт з Украіны, што яны ўжо “тарпедавалі” падобны праект воднага шляху “з варагаў у грэкі” праз Заходнюю Дзвіну. І кошт яго немалы назваў — 6 мільярдаў еўра. Важкай падставай для атакі было тое, што грошы збірала невялікае, нікому не вядомае прыватнае прадпрыемства.
Лакальны досвед
Калі казаць глабальна, ці варта рабіць падножку тэхнічнаму прагрэсу? Такія сітуацыі цяпер здараюцца зноў і зноў. Варта ўзважваць: а ці нельга пакарыстацца яго дасягненнямі, каб павярнуць справу на карысць прыродзе? Як гэта мае месца з праектам “DESERTEC” — энергія здабываецца ў пустэльных рэсурсаёмкіх месцах і або пераносіцца ў абжытыя, або можа быць выкарыстаная на дагляд і прывядзенне ў прыдатны для чалавека стан месцаў, дзе яна генерыруецца. Прыкладам, у багатай сонцам Сахары частку энергіі можна накіраваць на развіццё аазісаў.
У Кобрыне быў паказаны больш блізкі нам прыклад. 11 шлюзаў Днепра-Бугскага воднага шляху ад Брэста да Мазыра стварылі сітуацыю адрэгуляванасці ўзроўню вады, так што сёлетняе паўсюднае малаводдзе ніжэй канцавога запорнага шлюза, які насупраць Брэсцкай ЦЭЦ, амаль зусім не адчувалася.
Непасрэдна для жыхароў Брэста праект Е-40 можа прынесці цэлы стос навацый як прыемных, так і …неадназначных. Прыкладам, паколькі польскі бок высілкамі польскіх эколагаў “забаніў” натуральны шлях з Віслы па Бугу, то разглядаюцца тры “сцэнары”, як модна выразіліся беларускія прадстаўнікі дзяржаўных структур праекта Е-40. Пры адным з іх, найбольш верагодным, вакол польскай часткі Белавежскай пушчы да Тэрэспаля будзе прарыты канал даўжынёй ад 180 да 224 кіламетраў (што лепш, палякі вырашаць самі). Далей ён павінен улучыць у Мухавец. Як? Мабыць, з паўднёвага боку Брэсцкай крэпасці, быў адказ. А там, мы ведаем, азёры Соі, вёска Гершоны. А калі канал пойдзе ў абыход усяго Брэста, што вельмі можна сабе падумаць, то думаем не пра гершонскія капанкі, а пра возера перад Бернадамі ды лецішчы, якія так шчытна атачылі Брэст. Відавочна, што вельмі памяняецца не толькі краявід на злучэнні польскай часткі шляху Е-40 і Мухаўца. Новая вада можа закрануць інтарэсы і нават лёсы людзей, і няхай бы толькі па-добраму.
Што далей?
Засталося дачакацца “разборкі палётаў” па Е-40 за два гады. Трэцяя сесія прадстаўнікоў кансорцыума і выніковая канферэнцыя прызначаны на 15-16 снежня гэтага года ў Любліне. Што да экалагічнага прэс-тура, то тэма Е-40 была толькі складнікам у абмеркаванні рэгіянальнага і глабальнага воднага балансу, зменаў клімату. Прысутнасць аўтарытэтных міжнародных экспертаў рабіла дыскусію прадметнай, аб’ёмнай, доказнай і глыбокай. Таму трэба вынесці падзяку не толькі згаданаму ўжо “Экапартнёрству”, але і іншым партнёрам, замежным данатарам, якія падтрымалі прэс-тур. Назаву тут Міністэрства аховы прыроды і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, шведскі фонд SIDA, швейцарскую экалагічную сетку ZOI Environment, ААНаўскую праграму аховы асяроддзя UNEP і міжнародную арганізацыю бяспекі ENVSEC (Environmental and Security Initiative).
Прыдатнай пляцоўкай, але і прадметам абмеркавання для ўдзельнікаў экалагічнага прэс-тура стала Белавежская пушча. Што ёсць праўдзівым сімвалам беларусаў? Зубр? А можа, буразубка малая, вагой у 3 грамы? Ці правільна называць пушчу запаведнікам, калі яна на тры чвэрці зведала ўздзеянне меліярацыі? І адкуль там страўсы? Пра гэта і іншае ў адным з наступных нумароў.
Яўген БЯЛАСІН
Ответить